РАСЕЙСКІ "МОРДАР" ПАВІНЕН БЫЦЬ РАЗБУРАНЫ

posted Mar 31, 2022, 2:59 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 31, 2022, 2:59 PM ]
        Чаго толькі не прыдумвала канторская цемра супраць беларусаў. Асабліва выгаляліся ў прафанацыі Пагоні і Нацыянальнага Сьцяга. Тут былі і "бусьлікі", і "зубрыкі", і "пахне чабор", і нават "джынсавыя порткі" замест Беларускага сьцяга (калі хто памятае гэбоўска-мілінкевічаўскую кампанію "рэвалюцыя-джынс"). Тады яшчэ жывы Аляксандар Літвіненка, калі ўбачыў тую джынсавую "анучу", і, ведаючы як рэжым лукашыстаў зьневажае нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, назваў беларусаў "нацией болванов", якая топча сваё.  Крыўдна, магчыма, каму-небудзь чуць, але падстаўная апазыцыя балваноў сапраўды была. 
Цяпер маскавіты (зьява ўзьнікла адразу ў некалькіх канторскіх месцах) прыдумалі нібыта новы рускі "антываенны сьцяг" -- белая, сіняя і белая палосы -- як альтэрнатыва ("вываратка") сьцягу Беларускай нацыі. Маўляў, яны выдалілі з рускага сьцяга "колер крыві" (гэтак і кажуць). Такое вось лапцюжнае ўяўленьне пра геральдыку. (Чырвоны колер, дарэчы, у геральдычнай сімволіцы -- гэта колер высокароднага гонару і  высокага духа, сімвал сьмеласьці і вялікадушнасьці, гэта каралеўскі колер).
Хутка мы ўбачым цікавыя мэтамарфозы з гэтай сіняй маніпуляцыяй (нават Латушку з Ціханоўскай і з "невераятнымі" ўбачым -- для іх і прыдумана). Але схавацца ня ўдасца. Цёмны расейскі "мордар" павінен быць разбураны. Ня ўдасца ўцячы ні пад які "сьцяг", і нішто не ўратуе іх, бо каяцца яны ня здольныя (толькі шукаюць выйсьця). 
Не павінна быць больш ніякой Арды, ні пад якім "сьцягам". Мімікрыя ня пройдзе, не перакуляцца ваўкалакі. Зьнішчыць расейскі "мордар" -- гэта экзыстэнцыяльная задача, якая стаіць найперш перад беларусамі і украінцамі (інакш нас ня будзе), але, фактычна, гэта задача -- перад усім сьветлым чалавецтвам, бо цёмны расейскі "мордар" выступіў супраць чалавецтва.

31 сакавік 2022 г. Зянон Пазьняк