РАСКРЫТЫ МАСКОЎСКІ ПЛЯН ВАЙСКОВЫХ МАНЕЎРАЎ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ

posted Sep 3, 2017, 6:20 AM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 3, 2017, 6:21 AM ]

І ўсё ж такі сакрэтнае стала вядомым. Вось факт антыбеларускага пляну гібрыднай вайны. Расейскі генэрал, які засланы ў беларускае войска, прагаварыўся пра плян ваенных вучэньняў “Захад-2017”. Аказваецца, расейскія войскі будуць змагацца з умоўнай краінай “Вейшнорыя”, якая зьяўляецца паўночна-заходняй часткай Беларусі. Маўляў, гэтая краіна ад Горадні да Полацка ёсьць варожая Расеі і нападзе на цэнтральную Беларусь, дык Расея разам з рэштай саюзнага беларускага войска сустрэне яе агнём і зьнішчыць.

Такога (каб пад вайсковыя вучэньні дзялілі краіну на варожыя часткі) не было, на колькі вядома, нідзе ў сьвеце і ні ў якіх вайсковых вучэньнях. Такога ня робіцца. Расеяц-генэрал у беларускім войску здаў расейскую таямніцу.

Маскоўскі плян ёсьць акупацыйны і тыпова расейскі. Мэтода характэрная для расейскіх агрэсараў. Прыдумваюць нейкі быццам бы “эканамічны”, “сацыяльны”, “нацыянальны”, “тэрытарыяльны” альбо “рэлігійны” падзел у краіне, якую зьбіраюцца акупаваць, і пачынаюць раскручваць у прапагандзе гэты прыдуманы падзел, убіваць яго ў сьведамасьць людзей і суседзяў. Потым пачынаюць выкарыстоўваць гэтую сваю прапаганду дзеля ўводу ў краіну акупацыйнага войска, дзеля агрэсіі. Мы такое бачылі заўсёды і ўсюды, дзе расейскі спрут захопліваў чужыя тэрыторыі.

На што разьлічвалі лубянска-крамлёўскія галовы, робячы заплянаваную ўцечку інфармацыі пра “Захад-2017”? Мяркую, што разьлічвалі на стандартную рэакцыю, падрыхтаваную агентурай: людзі пачнуць абурацца і спрачацца на роўным месцы. Агентура ў гэты час пастараецца падзяліць і сутыкунуць думкі беларусаў, напрыклад, па веравызнньні (бо ў паўночна-заходняй Беларусі, выдзеленай гульцамі-акупантамі, жывуць найбольш беларусы каталіцкага веравызнаньня). І пачнецца раскручваньне ў прапагандзе таго, чаго не існуе ў рэальнасьці, але патрэбна акупантам для стварэньня бачнасьці канфлікту.

Прадвесьнікам такой ілюзорнай фантазіі было нечаканае і цалкам неразумнае выказваньне нобэлеўскага лаўрэата Сьвятланы Алексіевіч, якая сказала, што ў Беларусі, у выпадку вайны, католікі пачнуць забіваць праваслаўных (што, заўважу, для беларусаў, як кажуць расейцы, “уму не постижимо”). Тым ня менш злоснае глупства прагучэла. І вось цяпер мы бачым яго прычыну.

(Мушу ўдакладніць. Я не лічу, што Алексіевіч уцягнута ў гэтую брудную справу. Тут, відаць, тыповая сытуацыя прапаганднага ўплыву. Публічным людзям ніколі ня трэба паўтараць сэнтэнцыі выпадковага асяроддзя.)

Далей пачалося, на мой погляд, нешта цалкам не зразумелае для Масквы. Беларусы сталі рагатаць, жартаваць і высьмейваць маскоўскія пляны ды гуляць у агрэсіўную “Вейшнорыю”, якая, маўляў, верне ўсе землі ад Беластока да Вязьмы і ўсталюе Вялікую Беларусь.

Вэрхал адбываецца, у асноўным, у Фэйсбуку, і, як мне здаецца, узьнік стыхійна. Мне, чалавеку, які любіць пагаварыць зь людзьмі, які аб’ехаў усю Беларусь, тое жаданьне беларуса пасьмяяцца з чужой дурноты добра вядомае.

Цяперашняя хітрая акупацыя, якую задумалі пад выглядам вайсковых вучэньняў “Захад-2017”, і ўсе крамлёўскія пляны скончацца, відаць, для Масквы маркотна, бо беларус пачаў сьмяяцца. Хто сьмяецца – той не баіцца. І знойдзе захопнік-маскаль у Беларусі сабе магілу. Але жарты ўсё ж трэба адкінуць. Ня той выпадак

Тут павінна быць адэкватная і грамадзянская рэакцыя на падзеі. Справа йдзе пра лёс краіны. Адказнасьць за гэта ляжыць на ўсіх, але найперш на паважаных і разумных людзях. Калі падыйсьці да падзей канкрэтна і сур’ёзна, то трэба разумець, што вэрхал, жарты і ёрніцтва, якія пачаліся вакол варожых плянаў акупацыі і прыдуманай Вейшнорыі, ня могуць працягвацца доўга (нават калі крыўляньне падхопіць агентура Масквы). Нельга ператвараць небясьпеку ў скамарошаства і балаган. Першая эмацыйная рэакцыя і высьмейваньне праціўніка павінна саступіць месца сур’ёзным ацэнкам і непрыняцьцем подлых плянаў расейска-лубянскай ваеншчыны. Масква ніколі не жартуе, жартаў не разумее і сьлязам ня верыць. Яна пачынае ўспрымаць рэчаіснасьць толькі тады, калі дастане калом па хобаце ці рыдлёўкай па галаве.

Масква адкрыла свае крымінальныя пляны аб разьяднаньні беларускага грамадзтва, і гэта беларусам важна ведаць – з кім яны маюць справу. Паўтаруся, трэба спыняць камічны балаган пра Вейшнорыю і вакол варожых прыдумак аб падзелах краіны, бо ўсяму ёсьць мяжа, і падзеі адбываюцца сур’ёзныя.

Ня можа быць чужое войска на нашай зямлі. Яно ўжо сюды зайшло. Парушаныя суверэнітэт, Канстытуцыя і законы Беларусі. Мусіць пачацца адпор і абарона краіны. Над гэтым трэба задумацца ўсім беларусам і хутка рыхтавацца да барацьбы.

4 верасьня 2017 г.         Зянон ПАЗЬНЯК