РАТУЙМА БЕЛАРУСКУЮ ШКОЛУ

posted Jun 23, 2017, 9:16 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 23, 2017, 9:16 AM ]

Зварот ХІ Зьезду КХП – БНФ

Будучыня Беларускай нацыі, дабрабыт людзей і культурная моцнасьць дзяржавы залежаць ад стану і разьвіцьця аднаго нацыянальнага чыньніку, пазначанага ўсімі мудрымі людзьмі і патрыётамі Беларусі. Гэты чыньнік ёсьць Беларуская мова, якая на культурным узроўні сцьвярджаецца найперш у беларускай школе.

Савецкі акупацыйны рэжым мэтанакіравана нішчыў беларускую мову. Пры камуністычным сатрапе П. Машэраве гэтае разбурэньне беларускай адукацыі дасягнула 78-мі адсоткаў. Толькі 22 адсоткі школаў захаваліся беларускімі. Тады былі пазачыняныя ўсе беларускія школы ў беларускіх гарадах.

Антыбеларускі рэжым А. Лукашэнкі працягвае савецкую практыку зьнішчэньня беларускай адукацыі. Цяпер ужо разбурана і пераведзена на расейскую мову 87 адсоткаў усіх школаў. Толькі 13 адсоткаў школаў засталіся беларускімі. Уся вышэйшая школа зрусіфікаваная.

Нацыя стаіць перад абліччам нацыянальнай катастрофы. Звычайны беларус, які дбае пра дабрабыт, мусіў бы пачуць сваіх мудрацоў: ня будзе ні дабрабыту, ні хлеба, калі ня будзе беларускай мовы і беларускай школы, бо ня будзе справядлівасьці і свабоды.

Патрабуйце беларускую школу і беларускі ўнівэрсітэт. Вучыце дзяцей па-беларуску, аддавайце іх у беларускія школы, шануйце беларускую мову.

18 чэрвень 2017 г.

Менск