Разбураюць Народны Мэмарыял Курапаты. Узмацнела шалёная, татальная русіфікацыі сістэмы адукацыі і саветызацыя Беларусі

posted Apr 15, 2019, 1:59 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 15, 2019, 1:59 PM ]

(Красавіцкі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                                                         і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

    14 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” («Небясьпека для Беларусі»). Старшыня ахарактарызаваў цяперашні этап узмацненьня ўнутранай акупацыі Беларусі расейскай імпэрыяй, параўнаў сёньняшнія падзеі і тэндэнцыі з дзейнасьцю Расеі па аслабленьню і паступовай ліквідацыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ў XVIII стагоддзі, а таксама з працэсам паглынаньня краін Прыбалтыкі Масквой у 1939-40 гг. Як і тады, цяпер назіраецца актывізацыя расейскай псэўдадыпламатыі (а на самой справе, маскоўскай рэзідэнтуры) на нашай тэрыторыі і антыбеларускія дзеяньні па падрыву нашай дзяржавы. Як і раней, дзеля разбуральнай працы выкарыстоўваецца фігура «спэцыяльнага расейскага парадстаўніка» пад выглядам амбасадара РФ у Беларусі.

        Наступ рэжыму на Курапацкую сьвятыню і паэтапнае разбурэньне Народнага Мэмарыялу зьяўляюцца важнейшай часткай маскоўскага праекту па ліквідацыі Беларусі. На жаль, бальшыня грамадзтва не разумее, што адбываецца і што пагражае ўсім нам у выпадку рэалізацыі гэтага злачыннага праекта. Задача патрыятычных сілаў палягае ў тым, каб кансалідаваць грамадзтва, аказаць супраціў і сарваць падступныя планы маскоўскіх агрэсараў.

З дакладам выступіў сп. Сяргей Папкоў, нам. старшыні Партыі і Фронту. Ён паведаміў пра дзеяньні рэжыму на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах і пра небясьпеку наступных разбуральных дзеяньняў. Каб не дапусьціць трагедыі, неабходна мабілізаваць усіх людзей добрай волі на абарону нацыянальнай сьвятыні, не дазволіць, каб разам з рэжымам там рабілі сваю цёмную справу імітатары і прафанатары. Патрабаваньне грамадзтва да рэжыму павінна быць адназначным – вярнуць тэрыторыю Народнага Мэмарыялу ў Курапатах народу, спыніць разбурэньне крыжоў, не дапусьціць знішчэньня магіл пакутнікаў.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра рэзкае ўзмацненьне на працягу апошніх некалькіх месяцаў мілітарысцкай апрацоўкі моладзі і грамадзтва ў цэлым. Паўсюль па нашай краіне рэжым ставіць помнікі, прысьвечаныя не ахвярам ІІ Сусьветнай вайны, а менавіта падзеям савецкага пэрыяду і іх удзельнікам: бронетранспарцёры, баявыя самалёты і гарматы на пастамэнтах у гонар былых савецкіх гарнізонаў, – тое, што мае дачыненьне да савецкай акупацыі Беларусі.. Такія аб’екты суправаджаюцца выявамі “георгіеўскай стужкі” і расейскімі лёзунгамі. Білборды ў гарадах і мястэчках (асабліва на Гомельшчыне) выконваюцца спрэс з выкарыстаньнем колераў сьцяга РФ. Арганізоўваюцца і функцыянуюць на бюджэтныя сродкі “музэі баявой славы”, дзе ўсё накіравана на ўсхваленьне савецкай мінуўшчыны. Працягваецца шалёная, татальная русіфікацыі сістэмы адукацыі. Многіх беларусаў трывожаць гэтыя звыраднелыя зьявы, людзі пытаюцца :”Што гэта, нас да вайны рыхтуюць?” Сябры Сойму выказалі думку аб тым, што неабходна зьвярнуцца з заявай пра становішча ў Беларусі і дзеяньні Расеі на нашай тэрыторыі, якую адрасаваць парлямантам і грамадзтвам дэмакратычных краін сьвету. А перш за ўсё неабходна зьвярнуцца да суседніх Беларусі краін, бо ў выпадку канчатковай акупацыі нашай дзяржавы, яны становяцца прыфрантавымі краінамі, што будуць мець на сваіх межах расейскага агрэсара.

            Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

        Пасьля заканчэньня паседжаньня сябры Сойму накіраваліся ў Курапаты, дзе ўзялі ўдзел у маленьні каля крыжоў на Галгофе.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                                              і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

14 красавіка 2019 г.