РАЗУМНАЯ ПАДРЫХТОЎКА І ЗЬБЕРАЖЭНЬНЕ СІЛ

posted May 14, 2018, 5:40 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 14, 2018, 5:40 AM ]

(Урыўкі з выступу на травеньскім 2018 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

... Чакайма вясны сапраўднай, дакладней – набліжайма яе, бо чаканьнем нічога ня зробіцца. І хаця дрэннага шмат, не апускайма рук, не паддаваймася пачуцьцям. Спакойна, цагліна за цаглінай рабем справу, бо ўсялякая справа патрабуе падрыхтоўкі і зьберажэньня сіл.

Назіраючы за нашым грамадзтвам і спатыкаючы тут (за мяжой) яго прадстаўнікоў, можа скласьціся ўяўленьне, што мы набліжаемся да катастрофы. Але гісторыя ўвесь час даказвае, што гэта заўсёды перабольшанае і памылковае ўяўленьне, якое ўзьнікае напярэдадні перамен, калі стагнацыя пачынае ўплываць на большасьць людзей.

У такі пэрыяд важна абараніць галоўныя нацыянальныя каштоўнасьці і вызначыць (паўтараць) галоўныя ідэі пераменаў. Мы – адзіная беларуская нацыянальная адраджэнская партыя ў краіне і на нас кладзецца такая адказнасьць. Акрамя нас, рэальна, тым ня будзе ніхто займацца. Гэта ўсім зразумела даўно. Наша задача цяпер знаходзіць пасьлядоўнікаў. Мы ня маем сродкаў і магчымасьці ўплыву на масы. Але людзі дасьведчаныя ў палітыцы ведаюць, што дзясятак пасьлядоўнікаў важнейшы за дзясяткі тасячаў згоднай, але інэртнай масы.

Нам трэба разумна адзначыць 30-годдзе адкрыцьця Курапатаў... правесьці “Дзень памяці пра генацыд”...

...Пасьля гэтага мерапрыемства на працягу чэрвеня-ліпеня трэба будзе... праэкспанаваць... працу... ў іншых месцах... Напрыклад, у Лесе Ваньковіча (савецкі парк “чалюскінцаў”) і на пляцоўцы паміж Акадэміяй Нвук і 1-м клінічным шпіталём, дзе ў 1919-1920-х гадах расейскія бальшавікі праводзілі масавыя расстрэлы людзей, якіх хапалі і забівалі проста на вуліцах.... Завершыць гэтыя Дні Памяці пра генацыд трэба Ігуменскім шляхам, на які запрасіць паболей людзей....

...Ацэньваючы агульнае становішча, я зноў зьвяртаю ўвагу на тое, што ўсе антыбеларускія захады, якія адбываюцца ў краіне, -- маюць сістэмны характар і падпарадкаваны стратэгічна задачы пуцінскай Масквы – падрыхтоўцы акупацыі і сілавога захопу Беларусі. Прэпарацыя беларускага грамадзтва, якую праводзіць рэжым (нестандартны перапіс насельніцтва, абсурдальная ўпартасьць ў прыняцьці так званых дэкрэтаў аб непрацуючых №1 і 3, блакіроўка інтэрнэт-рэсурсаў і забараняльныя акты аб СМІ, да гэтага ж пабудова Астравецкай АЭС, расейскія вайсковыя вучэньні ў Беларусі, пропуск расейскай агентуры ў псэўдавыбары і ўключэньне яе ў сістэму ўлады, шматкротная рэгістрацыя і здача зброі і т.п.) – усё гэта прыкметы планавай расейскай падрыхтоўкі да часу “Х”. Паводзіны гэтай сатанінскай краіны – Расеі – нам добра вядомыя. Злачынны калгасны рэжым дазволіў ёй беспакарана дзейнічаць у Беларусі.

Мушу падкрэсьліць тыя палажэньні, пра якія казалася летам 2017 года, аб схаванай падрыхтоўцы да супраціву расейскай гібрыднай агрэсіі (аб’яднаныя асобы, рыштунак і т.п.). Гэта ўсё ўвесь час актуальна. У Расеі няма будучыні. Усе іхныя жаданьні (СССР, Сталін і т.п.) у мінулым. Патрэбна вытрымка. Разуменьне і разумная праца, перш чым настане пара.

13 траўня 2018 г.                                      Зянон Пазьняк