РАЗВАГІ Ў ПАЧАТКУ ГІБРЫДНАЙ ВАЙНЫ

posted Sep 3, 2021, 12:13 PM by Адміністратар Навін   [ updated Sep 3, 2021, 12:33 PM ]
У змаганьні з Эўразьвязам Масква дасягае вынікаў. Гэта факт. Эміграцыйная атака і маніпуляваньне ўцекачамі з Блізкага Усходу цалкам ізалявалі рэжымную групоўку Лукашэнкі (а рэальна -- Беларусь) ад суседзяў і ад рэшты краінаў дэмакратычнай Эўропы. Рэспубліка Польшча і Прыбалтыйскія рэспублікі ўвялі надзвычайны стан у памежнай зоне. Праз тыдзень Масква пачынае свае ваенныя вучэньні на тэрыторыі Беларусі -- "Захад-21". Усё гэта называецца стварэньнем напружаньня на межах. У такой сітуацыі палітыка міжлюдзкіх і міжнародных кантактаў не адбываецца. Мэта Крамля дасягнута -- кліент (Лукашэнка) у лапах Масквы. 
Брусэль разглядае сітуацыю з наплывам мігрантаў як гібрыдную вайну Пуціна-Лукашэнкі супраць Эўразьвязу.
Скандальная сітуацыя сталася ў Польшчы. На нэўтральнай памежнай паласе ўжо доўгі час днююць і начуюць уцекачы з Блізкага Усходу, якія хочуць трапіць у Нямеччыну. 
Польскія памежнікі і войска іх не пускаюць, ствараюць засекі з калючага дроту. 
Гэта раскалола польскае грамадзтаа. Левая апазыцыя патрабуе "чалавечнасьці" адносінаў і каб прапусьцілі гэтую групу ўцекачоў.
Права-патрыятычная ўлада забараняе прапускаць уцекачоў, бо баіцца прэцэдэнту, пасьля якога тысячы мігрантаў (як мяркуе ўрад) хлынуць у Польшчу. 
Праўду кажуць і першыя, і другія, але праблема не вырашаецца. 
Улічваючы, што ў аснове праблемы ёсьць жыцьцё, здароўе і лёсы людзей, урадавая (палітычная) пазыцыя маральна будзе падаць, а апазыцыйная (нібы "гуманістычная") -- узмацняцца. 
Наперадзе восень, халады. Магчыма і першыя, і другія палітыкі будуць стаяць на пазыцыях цьвёрда. Але толькі да першай сьмерці ўцекача, якую зваляць на ўрад. Пуцін пляскае ў ладкі.
Выхад тут просты і відавочны, на які, праўда, сумняваюся, што палітыкі здольныя. 
У аснове ўсяго  гэтага ёсьць адносіны да дыктатуры Лукашэнкі і да лёсу Беларусі.
Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народа трэба адмяніць авія-пасажырскую і наземна-транспартную блакаду Беларусі. Трэба аднавіць міжлюдзкія сувязі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадзтвам. 
Другое -- прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара ня зваляць), і ўступіць у перамовы з працілеглым бокам аб спыненьні рэпрэсіяў, катаваньняў людзей, аб спыненьні перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ёсьць час.
У самым пачатку гібрыднай вайны, каб спыніць эскалацыю, трэба патушыць вогнішчы з абодвух бакоў, гэта значыць пачаць размаўляць. Палітыка загнаць узурпатара ў пастку (у Расею) коштам жыцьця беларускага народа -- гэта ёсьць эгаістычная палітыка варварства і барбажынства. 
І справа ня ў тым, што такіх палітыкаў ня вучаць ні Куба, ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла, ні Лібія, ні Аўганістан. Справа ў тым, што яны думаюць, што рабілі добра. 
Тым больш цяпер трэба патрабаваць ад іх спыніцца, прыпыніць эканамічныя санкцыі супраць народу Беларусі, спыніць палітыку татальнай эканамічнай блакады, у якой выжываюць толькі дыктатары, але церпіць народ. А што датычыць нашай краіны, то эканамічныя санкцыі і блакада, гэта ёсьць загон да анэксіі, да страты суверэнітэту, да інтэграцыі Беларусі ў Расею.
Але тое мусім зразумець мы, беларусы, бо найперш мы самы можам сябе ўратаваць. Вялікія магчымасьці дзеля гэтага ёсьць. Рэалізуймася. Пачнем з сябе. З сваіх дзяцей. Першым пунктам, самым галоўным і самым лёгкім мусіць быць Беларуская мова.
Тут аснова, паводле якой будзем жыць, якая адчыніць магчымасьці для нацыянальных ідэй, для беларускай палітыкі, для беларускага руху і да стварэньня беларускага ўраду, да разуменьня сутнасьці нацыянальнага існаваньня.

3 верасень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК