РАЗЬВІТАНЬНЕ ЗЬ МІФАМ (Пазыцыя кандыдыта на прэзыдэнта і сацыяльная эйфарыя)

posted Jul 29, 2020, 8:28 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 29, 2020, 8:28 PM ]

Бядой і выпрабаваньнем для нашага грамадзтва стала эпідэмія каранавіруса Ковід-19. Эпідэмічнага выпрабаваньня палітычна ня вытрымаў антыбеларускі рэжым (што яго і падкасіла).

На вірусную навалу таксама не зважае (і не зьбіраецца зважаць) Газпрам-гэбісцкая альтэрнатыва рэжыму на выбарах прэзыдэнта.

Усе перадвыбарчыя пікеты і мітынгі з ўдзелам штабістак і Ціханоўскай (гэтак жа як і сустрэчы з выбаршчыкамі ў Лукашэнкі) праходзяць з ігнараваньнем эпідэмічнай сітуацыі. Ніхто (ні штабісткі, ні Ціханоўская ні абсурдная іхняя "ахова"), ніхто ня думае пра людзей, не карыстаецца засьцерагальнымі медыцынскімі маскамі, дызэнфэктарамі і пальчаткамі.

Ніхто не запрашае людзей вытрымліваць фізічную дыстанцыю (1,5 -- 2 м). Тысячы людзей (практычна, амаль усе) прысутнічаюць на пікетах бяз масак стаяць, шчыльна без засьцярог. Праз два-тры тыдні настане павелічэньне захворваньняў на каранавірус і потым новыя сьмерці людзей. Такі чакаецца фізіялагічны вынік гэтых мітынгаў. (А ўвогуле гэта справа для суда).

Калі мы зьвернемся ў пачатак руху "Стоп-таракан", то Сяргея Ціханоўскага мы ўвогуле ня бачылі бяз маскі. Ён і прамаўляў у масцы. Нават фотафігура яго жонкі Сьвятланы, наклееная на фанерным шчыце, была ў масцы. Тут дэманстравалася пазыцыя і разуменьне народнай бяды. Цяпер ў акружэньні пустапарожніх штабістак ("всем прівет!" і "машут" ручкай) Святлана пра ўсё забылася. Шкода, але такія яе адносіны, як і адмаўленьне ад байкоту, шмат пра што кажуць.

.

Характэрнай ёсьць і палітычная пазіцыя Ціханоўскай, дакладней яе палітычная роля, якую яна выконвае пры штабах КаГэБэ-Газпрама.

Калі акрэсьліць фігуральна -- тут роля барана-павадыра, які вядзе авечак у загарадку. Гэтай ролі яна не хавае, а ўвесь час кажа пра яе.

Яе шлях такі: адмаўленьне ад байкоту ў фальшывым галасаваньні і заклік усім галасаваць, потым незразумелым чынам (бо праз фальшывыя выбары немагчыма) яна зьбіраецца стаць прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь. На працягу шасьці месяцаў улады, карыстаючыся антыдэмакратычнай сістэмай псэўдазаконаў рэжыму, канстытуцыяй лукашысцкай дыктатуры і вертыкальным падпарадкаваньнем улады (якое захоўваецца) Сьвятлана (зразумела, пры дапамозе штабістаў) выпускае палітзьняволеных без суду і арганізоўвае новыя выбары для гэбіста Цапкалы і банкіра Бабарыкі (ды для іншых, хто захоча).

Потым Сьвятлана насуперак заканадаўству, традыцыі і духу законаў плануе паставіць на рэфэрэндум (адначасна з выбарамі, што недапушчальна) Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 года з мэтай, як ўжо вядома, прэпарацыі яе і зьнішчэньня палажэньня аб дзяржаўнасці нацыянальнай (беларускай) мовы. Пасьля гэтага штабістам і Крамлю Ціханоўская ўжо стане непатрэбнай. Яна адмовіцца ад улады і вернецца на кухню. Такую схему ёй намалявалі і яна пагадзілася, быццам бы каб вызваліць мужа, які ў закладніках рэжыма.

Зразумела, яна, відаць, не праймаецца, што ў закладніках яе жаданьня і яе каханьня ў так званай выбарчай кампаніі, апынуўся ўвесь Беларускі народ.


Калі думаць пра лёс Беларусі, то розьніцы паміж ролямі Канапацкай і Ціханоўскай, практычна, няма. Адна па партнёрску падыгрывае на выбарах дзеля ўлады Лукашэнкі і гатовая разьдзяліць зь ім нават (калі спатрэбіцца) спэктакль 2-га туру галасаваньня (ёсьць і такая задумка). Другая -- адкрыта пад прыкрыцьцём любові да мужа (калі хто яшчэ верыць у гэты тэхналягічны палітміф) вядзе за сабой на замену Лукашэнкі маскоўскую дэмакратычна напамажаную гэбоўскую бесаўшчыну.

Цяпер, на гэтых псэўдавыбарах, зьмены не адбудзецца. Ужо існуючая рэжымная бесаўшчына пакуль што застанецца нязьменнай, такой, як і была разам з вар'ятам. Але далей маскоўскі альтэрнатыўны сцэнар зноў будзе зьяўляцца з рознымі выканаўцамі, пакауль будзе яшчэ ў стане існаваць і гніць рэжым Лукашэнкі. Адно з другога вынікае.

Трэба разумець, што эйфарыя сярод значнай часткі беларусаў, узьнятая Газпрам-гэбоўскімі штабісткамі і Ціханоўскай, мае ў палітычным сэнсе павярхоўны характар. Рух, абаперты толькі на нянавісьці да ўзурпатара (якога раней любілі) пад лёзунгам "Абы не Лукашэнка" без нацыянальнай ідэі, без стваральных ідэалаў, бяз нацыянальных лідэраў, без нацыянальнай ідэалогіі і ўсьведамленьня адказнасьці за лёс нацыі, такі рух альбо наканаваны на паразу, альбо прыводзіць толькі да зьмены фігур і дэкарацый, не кранаючы статусу залежнасьці, акупацыі, русіфікацыі, эксплуатацыі і несвабоды.

Увогуле, калі жыць па сумленьні, то Ціханоўскай з такой ганебнай роляй лепш адмаўляцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах. Зразумела, што яна стала закладніцай грамадзкай эйфарыі і выйсьці зь яе амаль не магчыма бяз страт і пракляцьцяў, тых, хто ўверыў ў "Эмілію Плятар". Ёсьць, аднак, мэтад выхаду цалкам палітычна бясьпечны. Ён ня можа быць агучаны. (Прыхільныя да Сьвятланы палітыкі ёй маглі б падказаць.)

Рэальна ліквідаваць антыбеларускі рэжым могуць толькі беларускія нацыянальныя сілы зь яснай ідэяй, мэтай, з адраджэнскай ідэалёгіяй, Пагоняй і нацыянальным Сьцягам, з апорай на розум і працоўны народ, на нацыянальную гісторыю і культуру, на прыватную ўласнасьць і свабоду, на нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Гуртуймася!

29 ліпень 2020 г.             Зянон Пазьняк