РЭПЛІКА ПРА КАНФАРМІЗМ

posted Feb 1, 2020, 11:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 1, 2020, 11:25 AM ]

Паглядзеў я інтэрв'ю чарговага спэцыяліста з-за мяжы (Чэхія) Алены Маркавай пра беларускую мову і пра закон аб мове, прыняты пад прэсам Беларускага Народнага Фронту і ўсяго беларускага грамадзтва Вярхоўным Саветам 11-га скліканьня ў студзені 1990-га года. ("Доктар гісторыі Алена Маркава пра лёс беларускай мовы: пункту невяртаньня няма". 25 студзень 2020, Сяргей Абламейка, інтэрнэт-старонка "Свабода")

Вось што піша ў інтэрв'ю А. Маркава. Даю толькі дзьве цытаты, але такое там спрэс і толькі такое.

1. «Нефармалы» пачыналі зь непалітычнага парадку дня — культурная спадчына, экалягічныя праблемы — але паступова павялічвалі свой палітычны ўплыў і перацягвалі на сябе ўвагу грамадзтва. Найважнейшым пунктам у дзейнасьці нефармалаў была беларуская мова, яны выступалі за пашырэньне сфэры яе ўжытку."

2. "Калі глядзець пратаколы пасяджэньняў партыйных органаў, то бачна, што кампартыя хацела апярэдзіць ініцыятыву нефармалаў у справе разьвіцьця беларускай мовы і яе прасоўваньня. Камуністы вывучалі нефармальныя рухі, сачылі за іх дзейнасьцю, каб перахапіць ініцыятыву. Яны вывучалі тактыку, стратэгію і патрабаваньні нефармалаў, каб пасьля адэкватным спосабам перахапіць ініцыятыву."

Цяпер па сутнасьці. У 1988-1990 гг. адзінай антыкамуністычнай і нацыянальнай палітычнай сілай ў Беларусі, якая перавярнула тут ўсё, быў Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне". Дзяржаўнасьць Беларускай мовы -- адзін з галоўных пунктаў барацьбы і праграмы БНФ, які аб'яднаў у гэтым ўсё сумленнае беларускае грамадзтва, выклікаў страх трывогу і шалёную нянавісьць камуністычнай намэнклятуры супраць БНФ. Нянавісьць была такой лютай, страх перад папулярнасьцю БНФ такі асэнсаваны, што, практычна да самага 1990-га года камуністычнае кіраўніцтва і парпаганда старалася дзе магчыма нават пазьбягаць слова БНФ (каб не папулярызаваць свайго праціўніка). Замест гэтага камуністы часта выкарыстоўвалі прыдуманы імі абагулены тэрмін "нефармалы". Гэты міфічны тэрмін часта блукаў у выступах камуністычнага кіраўніцтва і камуністычных журналістаў, там дзе гаворка ішла пра Фронт. Але летам 1989 года ў Вільні адбыўся Устаноўчы зьезд БНФ, а вясной 1990-га зьявілася Фракцыя БНФ ў парляманце. Камуністычныя эўфемізмы і "фармальная" міфалогія зьніклі начыста, а ў 1991 пад ударамі БНФ зьнікла і КПБ (КПСС).

І вось мы чытаем сэнтэнцыі чалавека, які робіць выгляд, што зваліўся зь месяца і нічога ня ведае, што тут было, дык карыстаецца міфічнай тэрміналёгіяй здохлай камуністычнай намэнклятуры. Але ведаем мы гэтыя "штучкі", панове (і чаму тое робіцца). Не было, не існавала Фронту ў разважаньнях спэца Алены Маркавай. Былі нейкія «нефармалы» і КПСС. У Беларусі то ведаюць што было. Але «спэцы» фармуюць думку за мяжой. І таму спатрэбілася рэпліка

Што датычыць навуковых разважаньняў А. Маркавай, заснаваных "на пісьмах трудзяшчыхся", то для навуковай асновы гэтага недастаткова. Беларуская мова мусіла б быць дзяржаўнай нават калі б такіх лістоў у БССР і не было (а раней і не было і зразумела чаму). Вось тут і павінна працаваць навука і выяўляцца ўзровень навукі. Нажаль ўзровень тут -- замежны, які ня ўмее (альбо ня хоча) аддзяляць гістарычныя працэсы ад акупацыйнай палітычнай прапаганды, якая таксама стала часткай гісторыі. (У навуцы яшчэ ёсьць такое паняцьце як інтэлектуальная чэснасьць. Але пра гэта тут не гаворым).

31 студзень 2020 г.              Зянон Пазьняк