РЭЖЫМ АКУПАЦЫІ ПЕРАД ДЗЯДАМІ

posted Nov 4, 2017, 2:18 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 4, 2017, 2:19 PM ]

3 лістапада ў Менску член Управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ сп-ня Ала Гуцава распаўсюджвала запрашэньні на шэсьце і мітынг, якія адбудуцца 5 лістапада і будуць прысьвечаны Дню Памяці Дзяды. Арганізатары мерапрыемства атрымалі дазвол ад Менскага гарвыканкама і Менскага аблвыканкама. Міліцэйскі патруль (міліцыянты Кірыенка і Данілюк) затрымалі сп-ню Гуцаву. Яна паказала ім копію афіцыйнага дазволу і спасылалася на Закон аб масавых мерапрыемствах. Але міліцыянты склалі на яе пратакол, канфіскавалі запрашэньні і забаранілі распаўсюджваць інфармацыю пра мерапрыемства. Цяпер трэба чакаць акупацыйнага суду і прыклейваньня якога-небудзь адміністрацыйнага пакараньня сябру нашай Партыі. Такім чынам, прадстаўнікі антыбеларускай улады ў парушэньне іхняга ж заканадаўства зьдзяйсьняюць рэпрэсіі супраць грамадзян, зрываюць афіцыйна дазволенае мерапрыемства і перашкаджаюць вольнаму распаўсюду інфармацыі.

Апошнім часам у Беларусі і па-за яе межамі гучыць шмат галасоў агентуры пра “”лукашэнкаўскую адлігу”, “лібэралізацыю” і “паварот рэжыма на Захад, да дэмакратычных каштоўнасьцяў”. Шмат рэжымнай рыторыкі гучыць таксама на мерапрыемствах, зьвязаных з праграмай “Усходняга партнёрства”, Euronesta і г.д. Практыка ўвесь час паказвае, што прырода антыбеларускага, аўтарытарнага, антыдэмакратычнага рэжыму ніякім чынам не зьмянілася, рыторыка на тэму “адлігі” і “лібэралізацыі” зьяўляецца нічым не абгрунтаванай выдумкай прапагандыстаў. Беларусы чакаюць ад дэмакратычнага сьвету адэкватных ацэнак становішча ў нашай краіне і сапраўднай дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў яе змаганьні за дэмакратыю, нацыянальную культуру, мову і дастойнае чалавечае існаваньне. Але палітыка лібэралаў Захаду нам добра зразумелая.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

3 лістапада 2017 г.