Рэжым дае сігнал, што разбурыў Беларускую армію

posted May 17, 2017, 1:56 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 17, 2017, 1:56 AM ]

Па БТ працягваюць круціць “пабедабесныя” рэкламныя ролікі наконт таго, як усё добра і магутна ва Узброеных сілах РБ, як брава крочаць шыхты пад сьцягамі рэжыму і СССР. Маладыя жаўнеры прымаюць тэатральную прысягу Савецкай Арміі (якой ужо няма 26 гадоў) і ўсе радуюцца, радуюцца. І вось жа як гром зь яснага неба на хвалях Радыё Свабода зьяўляецца суаўтарскі тэкст з фатаграфіямі таварышаў Алесіна і Паротнікава. Вядомыя кліенты антыбеларускага рэжыму, запісныя “ваенспэцы”, як з коша, вывальваюць такое, што самы час і па валідол бегчы. Яны паведамляюць пра катастрафічны стан Беларускай арміі, якая ня мае ні сучаснага ўзбраеньня, ні тэхнікі, ні ўмоваў для навучаньня вайскоўцаў. Аказваецца, самалётаў ледзь стае на патруляваньне, а зэнітна-ракетныя комплексы “састарэлі”. Можна было б, маўляў, у Масквы набыць С-400. Але пасьля таго, як амэрыканцы гэты С-400 ў Сірыі “адной левай” разбамбілі, то і гэта сэнсу ня мае. А выдаткоўваецца з бюджэту на армію столькі, што суаўтары зьдзіўляюцца, як яно ўсё трымаецца на нагах. Прапануем пачытаць гэты матар’ял. Яно вартае таго:

Крыніца: http://www.svaboda.org/a/28448257.html

Матар’ял выкрываўчы, таму што ўпершыню па факце заяўлена публічна аб тым, аб чым ужо ведала або здагадвалася значная частка нашага грамадзтва. З войскаў паступалі зьвесткі ад афіцэраў і жаўнераў (сапраўдных беларускіх ваяроў, якія любяць армію, вайсковую справу, парадак і дысцыпліну, нацыянальную вайсковую традыцыю) аб тым, што рэжым вытварае з важнейшай дзяржаўнай структурай.

Вядома, што антыбеларускі рэжым прыдуманы Масквой і пастаўлены ёю ў нашай дзяржаве менавіта для таго, каб усё аслабляць і разбураць. Сам факт не павінен нас зьдзіўляць. Масква і лукашыстоўскія васалы не спалі б спакойна, калі б Беларусь мела сучасную, згуртаваную, адэкватна ўзброеную армію. Разбурэньне пачалося з татальнай русіфікацыі арміі, потым перайшлі да яе падпарадкаваньня расейскім генэралам і непасрэдна камандваньню ў Маскве. І вось цяпер агучаны вынікі гэтага штучнага (і крымінальнага па характару) працэсу. І тут паўстае адно рытарычнае пытаньне.

І што ж гэта здарылася з “ваенспэцамі” Алесіным і Паротнікавым? Чаму яны раптам сталі выдаваць “ваенныя таямніцы” (што праўда, таямніцы полішынэля, вядомыя ўсім)? Цікава таксама, што няма ніякай рэакцыі на гэтыя “сэнсацыйныя адкрыцьці”. У іншай краіне грамадзтва адразу ж адрэагавала б на такі скандал. Пачаліся б абмеркаваньні ў СМІ з удзелам журналістаў і спэцыялістаў, адбыліся б афіцэрскія сходы ў войсках, спэцпаседжаньне ў парляманце, людзі на вуліцах абмяркоўвалі б праблему разгрома арміі ў мірны час і г.д. А тут гэта прамільгнула і забылася. Можа таму, бо ўсе лічаць ужо натуральным і непазьбежным, што да чаго дакранаецца лукашызм, тое адразу пераходзіць у стадыю сістэмнага крызісу?

Мы прапануем сваё бачаньне гэтай мэдыйнай зьявы. Набліжаецца прыезд у Беларусь цемры расейскіх войскаў на так званыя “вучэньні” ў жніўні-верасьні сёлета. Здольныя на думаньне і аналіз людзі разумеюць, што гэтыя войскі зойдуць у Беларусь і ўжо назад ня выйдуць. Паўстане рэальная пагроза ператварэньня нашай краіны ў плацдарм для расейскіх ваенных правакацый і нават агрэсіі супраць нашых суседзяў. У сувязі з гэтым Масква пачынае разгортваць гібрыдную кампанію супраць Беларусі. Яе часткай зьяўляецца інфармацыйная атака, мэтай якой ёсьць агаломшваньне беларускага грамадзтва і яго дэзарыентацыя. Нам пачалі даказваць, што ў нас па сутнасьці няма арміі, мы ня здольныя абараніць сябе (пры гэтым маскоўскі вораг ня згадвае, што суседнія Беларусі дэмакратычныя краіны ўсімі сіламі спрабуюць наладзіць нават з гэтым рэжымам добрасуседскія, узаемавыгодныя адносіны і ня хочуць ваяваць). Масква навязьліва і нахабна набіваецца ў “абаронцы” Беларусі. Да чаго гэта прыводзіла ў мінулым, добра вядома: успомнім 1812, 1914-15, 1941-44 гады. Разьмяшчэньне расейскіх войскаў на нашай зямлі азначае акупацыю і вайну. Бо Расея ня можа жыць без вайны, Крэмль спрабуе выратавацца праз вайну.

Усё прадумалі і распланавалі крамлёўскія спэцы. За чвэрць стагоддзя ўлады хама яны здолелі падарваць ваенныя сілы і магчымасьці ў нашай краіне. Яны зрабілі выснову, што ўсё гатова для правядзеньня апошняга, зьнішчальнага манеўра па канчатковай ліквідацыі Беларусі і поўнага падпарадкаваньня нашай краіны імпэрыі.

Але памыляецца маскоўскі імпэрац. У Беларускай арміі ёсьць афіцэры, падафіцэры, сяржанты і жаўнеры (іх тысячы), якія не зламаліся, якім дарагая Бацькаўшчына, а не чужая імпэрыя. Яны нясуць службу, засвойваюць узбраеньні, сучасную тактыку і стратэгію не для таго, каб бараніць Маскву і лукашызм ды скласьці галаву за гэтую хімеру. Дзесяткі тысячаў беларускіх мужчын, якія прайшлі вайсковую службу і ўмеюць валодаць зброяй, знаходзяцца ў рэзэрвах. І нешта ад іх не чуваць гуканьняў аб тым, што яны хацелі б паваяваць за Расею, супраць Польшчы або Украіны.

У Беларусі ёсьць здаровыя, нацыянальныя патрыятычныя сілы. Няхай усходні агрэсар памятае аб тым, што Беларускі народ не дазволіць безпакарана разбурыць свой нацыянальны ДОМ, што на нашай зямлі маскоўская імпэрыя знойдзе сябе магілу.

Зянон Пазьняк: "Кожны адраджэнец, кожны абаронца Беларусі цяпер на вагу рыцара ў полі бою. Трэба стаць усім са шчытамі і пад родныя сьцягі."

Сяргей Камароўскі