Рэжым перасьледуе дырэктара Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыяла Курапаты Алеся Чахольскага

posted Nov 26, 2018, 8:40 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 26, 2018, 8:40 AM ]

13 лістапада ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама адбыўся паўторны разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні Алеся Чахольскага — адказнага сакратара ўправы сойму Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. Начальнік спецпадраздзялення па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху УДАІ Мінаблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Яраслаў Жук ухваліў пастанову пра спагнанне з Алеся Чахольскага штрафа паводле арт. 18.23 ч.3 КаАП РБ у памеры 3 базавых велічыняў (73,5 руб.).

Яшчэ 17 чэрвеня супрацоўнікі УДАІ Мінскага аблвыканкама склалі на Алеся Чахольскага пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне — нібыта ён парушыў правілы дарожнага руху ля сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем, поедим» побач з Народным мемарыялам Курапаты.

З пратаколу вынікае, што Алесь Чахольскі нібыта 17.06.2018 г. а 16:45 рухаўся па праезнай частцы аўтадарогі ля азначанага забаўляльнага комплексу, сваімі дзеяннямі перашкаджаў руху аўтамабіля, змусіў кіроўцу экстрана гамаваць і змяняць напрамак руху, праз што стварыў аварыйную сітуацыю.

14 жніўня пастанову пра спагнанне штрафу паводле арт. 18.23 ч.3 КаАП РБ у памеры 3 базавых велічыняў ухваліў намеснік начальніка УДАІ УУС Мінаблвыканкама Віктар Ротчанкаў.

Рашэннем суда Фрунзенскага раёна Мінска ад 27 верасня пастанова была скасаваная і накіраваная на паўторны разгляд ва УДАІ УУС Мінаблвыканкама. Падчас судовага паседжання Алесь Чахольскі для падмацавання сваёй пазіцыі дадаў факталагічны матэрыял з фотаздымкамі і тлумачэннямі. Матэрыялы адназначна сведчаць: Алесь Чахольскі не мог парушыць правілы дарожнага руху, бо ў той час знаходзіўся ў памяшканні АЗС №75, што месціцца за 100 м ад рэстарацыі. Апроч гэтага копія пратаколу датавана няслушна: падчас складання дакумента выкарыстаны розныя шрыфты.

У каментары пра судовае рашэнне Алесь Чахольскі зазначае, што ў выніку новага разгляду супрацоўнікі ДАІ меліся спыніць гэтую справу. Ён аргументуе сваю пазіцыю і рашэннем суда Фрунзенскага раёна што да накіравання справы на паўторны разгляд і пастановай начальніка Аддзела УДАІ Фрунзенскага раёна Мінска падпалкоўніка міліцыі Сяргея Дудчыка, які накіраваў справу ва УДАІ Мінскага аблывыканкама для выпраўлення ўсіх выяўленых недахопаў. З вынікам паўторнага разгляду справы Алесь Чахольскі катэгарычна не згодны, пастанову збіраецца абскарджваць. Апроч гэтага ён лічыць, што дзеянні службовых асоб могуць мець азнакі здзяйснення службовых злачынстваў.

 На актывістаў Варты абароны Курапатаў, якія ўжо больш за пяць месяцаў запар патрабуюць спыніць дзейнасць забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу «Поедем, поедим», складзена безліч пратаколаў пра адміністратыўныя парушэнні. На гэты момант пакараныя ўжо звыш за 60 чалавек, агульная колькасць содняў адміністрацыйнага арышту, да якога былі асуджаныя абаронцы, складае 115 (!), сума штрафаў перавышае 20 000 рублёў.

Гэтыя лічбы яскрава сведчаць пра стаўленне пануючага ў Беларусі рэжыму да грамадзянскай супольнасці Беларусі наогул і да грамадскай ініцыятывы Варты абароны ў прыватнасці. Грамадскі пратэст супраць рэстарану ў Курапатах ён ставіць у адзінае рэчышча з палітычнымі пратэстнымі акцыямі. Пазіцыя ўладаў спрычыняецца да працягу наўпроставай дыскрэдытацыі і дэсакралізацыі Народнага мемарыялу Курапаты.

Дзяніс Івашын

Крыніца:https://novychas.by/hramadstva/czaholskaha-asztrafavali-hoc-jon-ne-byu-na-mescy?fbclid=IwAR140A1We8IKcwSfkVpC1CMm_KRB6sWggrO4aDmUbI8Lu8Qj3LcSqFsjT4o