Рэжым плянуе новую тактыку зьнішчэньня Курапатаў

posted May 17, 2017, 1:58 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 17, 2017, 1:58 AM ]

Зразумеўшы, што беларусы гуртуюцца, каб абараніць Народны Мэмарыял у Курапатах ад лукашысцкай “мэмарыялізацыі”, рэжымныя служкі пачалі блытаць сьляды. Зьявіліся публікацыі, у тытулы якіх выведзена наступнае: “Крыжы ў Курапатах чапаць ня будуць”. Прыкладна тое ж выдаў у інфармацыйную прастору лукашэнкаўскі міністр культуры тав. Святлоў: маўляў, крыжы не зачэпім. Міністр яшчэ паспрабаваў патлумачыць ненармальную і жульніцкую па сутнасьці тэрміновасьць у правядзеньні “конкурса на праект мэмарыялізацыі”. Маўляў, праекты ўжо даўно ляжаць у тэчках у выглядзе эскізаў, іх цяпер толькі трэба дастаць і паказаць.

Хлусяць і адзін і другі. Фронтаўцы амаль штодня сустракаюць на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу ў Курапатах групкі асоб з фотаапаратамі. Тыя ходзяць па магілах і нешта ўсё прыкідваюць. У выніку знаёмства высьвятляецца, што гэта архітэктары і скульптары. Яны ўжо скалочваюць “творчыя групы” і з ходу робяць накіды сваіх будучых “конкурсных праектаў”. Абсалютная бальшыня гэтых асобаў НІКОЛІ НЕ БЫЛА Ў КУРАПАТАХ, апынулася тут упершыню. Хаця йдзецца пра людзей творчых прафэсій, якія жывуць у нашай сталіцы. Курапаты іх ніколі (ніколі!) не цікавілі. Зразумела, што ў народных абаронах сьвятыні, крыжаўзьвіжаньні, даглядзе за магіламі яны ніколі не ўдзельнічалі. Гэта мякка кажучы людзі абыякавыя і выпадковыя. Быў бы конкурс на мэмарыялізацыю дасягненьняў гэбізма-лукашызма, яны б і туды панесьлі свае праекты.

Яны, маўляў, крыжы “ня будуць рушыць”? Ня выключана, што на першым этапе яно так і будзе. Паставяць бэтонную пачвару ў самым цэнтральным месцы Народнага Мэмарыяла і зробяць “дорожки” і “лавочки”, як паабяцаў міністр Святлоў. Але гэта будзе толькі пачатак. Калі такое здарыцца, беларусы дапусьцяць на тэрыторыю сьвятыні лютых ворагаў ўсяго нацыянальнага і сьвятога.

Ня ўсе ведаюць, але ведаць трэба: усе праекты культавых пабудоў і помнікаў павінны атрымаць афіцыйнае ўзгадненьне ў КГБ РБ (гэта яшчэ савецкая традыцыя). Уяўляеце сябе, кантора – спадчыньнік НКВД, расстрэльшчыка людзей у Курапатах і паўсюль – будзе даваць сваё “адабрам-с” на нешта пластычна-архітэктурнае, што намерваюцца нагарадзіць на магілах ахвяраў. У сучаснай эўрапейскай гісторыі такога яшчэ не было. Разам з “часовней” і печкамі-лавачкамі ў Курапаты ўлезуць папы чужой беларусам арганізацыі РПЦ. Масква ім падкажа, што рабіць далей. Ведаючы гэты рэжым, Маскву і памятаючы іхнія ранейшыя дзеяньні вакол Курапатаў і на тэрыторыі сьвятыні, можна не сумнявацца, што галоўная іхняя задача – у бліжэйшы час зьнішчыць крыжы і магілы, заліць сьвятыню бэтонам і назаўжды схаваць сьляды расейскага злачынства на нашай зямлі, зьнішчыць ўжо вядомы ў цэлым сьвеце Народны Мэмарыял, створаны беларускім народам.

Але так ня будзе. Па ўсёй краіне людзі рыхтуюцца да абароны сьвятыні. Беларусы зноў (як гэта было ў 2001 годзе) зьвернуцца да міжнароднай супольнасьці, Папы Рымскага, парлямантаў, палітычных, культурных, грамадзкіх і рэлігійных дзеячаў дэмакратычных краін з заклікам спыніць зьнішчэньне сьвятыні. Ужо зараз патрыёты паведамляюць у сьвет пра пагрозу, якая навісла над Народным Мэмарыялам. Цемра ня пройдзе!

У абароне Курапатаў хай ствараюцца і мацуюцца групы падтрымкі народнага руху “Вольная Беларусь”.

Алесь Хадасевіч