Рэжым рыхтуе чарговы этап зьнішчэньня крыжоў на магілах у Курапатах

posted May 15, 2019, 9:34 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 15, 2019, 9:34 AM ]
            14 траўня нам стала вядома, што рэжым пачаў падрыхтоўку да наступнага этапа зьнішчэньня крыжоў на магілах пакутнікаў у Курапатах. На тэрыторыі Народнага мэмарыялу ўжо некалькі дзён працуюць работнікі Бараўлянскага лясгасу. Яны пакасілі траву каля Крыжовай алеі і каля агароджы, а таксама засыпалі ямкі, якія яшчэ з мінулага года былі падрыхтаваны грамадзтвам для ўстаноўкі новых крыжоў каля Крыжовай алеі. Зразумела, што пад выглядам “добраўпарадкаваньня тэрыторыі” праводзяцца дзеяньні з мэтай не дапусьціць устаноўкі новых крыжоў у Курапатах.

У той жа час мы атрымалі зьвесткі аб тым, што 16 траўня рэжым зьбіраецца правесьці “ачыстку тэрыторыі ад старых крыжоў” на магілах пакутнікаў. Зразумела, што самы работнікі або кіраўніцтва Бараўлянскага лясгасу не маглі прыняць такое рашэньне. Задача па зьнішчэньню крыжоў атрымана імі з самых вярхоў рэжыма, а рэжыму загадала пайсьці на гэтыя варварскія дзеяньні Масква.

Мы ўжо заявілі прысутным работнікам лясгасу, што такія дзеяньні недапушчальныя і злачынныя. Паводле хрысьціянскай традыцыі, пакуль крыж стаіць на магіле, ніхто ня мае права зьнішчаць яго, каб не дапусьціцца блюзьнерства. Сапраўдная мэта рэжыму зразумелая – паэтапнае зьнішчэньне крыжоў, пасьля чаго рэжымныя вандалы пачнуць зьнішчэньне магіл пакутнікаў.

Мы заклікаем грамадзтва далучыцца да абароны крыжоў і магіл у Курапатах, недапусьціць ліквідацыі Народнага мэмарыяла. Ня выключана, што рэжымная “ачыстка ад крыжоў” пачнецца не 16 траўня, а на дзень раней або пазьней. У сувязі з гэтым ужо з 15 траўня і ў наступныя дні на тэрыторыі Народнага мэмарыяла павінны знаходзіцца людзі, якія будуць сачыць за сітуацыяй і змогуць даць сігнал аб тым, што вандальскія дзеяньні пачаліся. Пасьля такога сігналу неабходна будзе падымаць грамадзтва на абарону крыжоў. Дзяжурствы дабраахвотнікаў павінны быць арганізаваны на працягу ўсяго дня. Збор у Курапатах.

Рэжым, які пабудаваў у ахоўнай зоне забаўляльны рэстаран і арганізоўвае там скокі на касьцях, які перасьледуе людзей, што ставяць крыжы на магілах пакутнікаў, які ламае крыжы ў Курапатах -- такі рэжым ня мае права вызначаць “стары” крыж або “не стары”, ня мае права зьнішчаць хрысьціянскія сымвалы на магілах пакутнікаў Беларусі.

Усе на абарону Народнага Мэмарыяла ў Курапаты!


Управа Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ,
Намеснік старшыні Партыі Сяргей Папкоў
Грамадзкае аб’яднаньне Хрысьціянская злучнасьць Курапаты,
Намесьнік старшыні ГА Алесь Чахольскі

15 траўня 2019 г.

г. Менск