Рэжым супраць вольных беларусаў

posted Aug 25, 2018, 8:06 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 25, 2018, 8:06 AM ]

Ёсьць у нацыянальным календары дзьве даты. Сумная дата 25 чэрвеня 1941 года, калі расейскія акупанты расстралялі тысячы палітычных вязьняў пры эвакуацыі з Менскай турмы, па дарозе ў Расею непадалёк ад горада Чэрвеня (Ігумен) Менскай вобласьці, і радасная ўрачыстая дата -- Дзень аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі 25 жніўня 1991 года. Беларускія патрыёты праводзяць у гэтыя дні масавыя мерапрыемствы ў памяць палеглых і ў гонар герояў нацыянальнага змаганьня. Для Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, а потым і для КХП-БНФ гэтыя мерапрыемствы сталі традыцыйнымі.

Для існуючага ў Беларусі антынацыянальнага рэжыму гэтых датаў не існуе, рэжым не шануе ні нашых герояў, ні ахвяр, ні дзяржаўную незалежнасьць нашай Айчыны. Сёлета на заяўкі КХП-БНФ на правядзеньне “Ігуменскага шляху” 24 чэрвеня на ўскраіне Чэрвеня і мітынга 25 жніўня ў Менску структуры рэжымнай улады адказалі адмовай і забаронай (дакуманты публікуюцца). Адмова на правядзеньне “Ігуменскага шляху” паступіла арганізатарам мерапрыемства нават два разы, бо фронтаўцы зьвярталіся да ўладаў двойчы, спрабуючы правесьці традыцыйнае мерапрыемства і на прыканцы ліпеня.

Прычыны адмоваў прыдуманая, гэта тое, што ў бюракратыі называецца “адпіскамі”. Пад Чэрвенем “будуюць” і ўсё ніяк ня могуць скончыць дарогу, а ў Менскім сквэры сталіцы “праводзіцца іншае мерапрыемства”. Стыль і зьмест бюракратычных адмоваў даўно і добра знаёмыя фронтаўцам. Так небеларуская ўлада рэагуе рэгулярна і ў большасьці выпадкаў з 1994 года, калі на нашай зямлі пачаў усталёўвацца рэжым унутранай акупацыі. У гэтай улады іншыя, свае “праздники” – савецкія па сутнасьці, скапіраваныя з календара СССР і БССР. Рэжымныя структуры і сагнаныя па разнарадцы натоўпы грамадзян шумна і пампезна абстаўляюць сабой фальшывыя даты, мэта якіх – арыентацыя грамадзтва на савецкую мінуўшчыну, выклятую ўсімі суседнімі нам народамі, акрамя Расеі.

Калі раней КПХ-БНФ удавалася праводзіць гэтыя мерапрыемствы, то апошнімі гадамі яны зьбіралі дзесяткі і часам сотні чалавек, праходзілі годна і спакойна. Чаму ж рэжымная помпа так баіцца гэтых зьяваў? Страх рэжымных прадыктаваны тым, што на заклік патрыётаў-фронтаўцаў зьбіраюцца вольныя беларусы, і прыходзяць яны не па разнарадцы, а са шчырым сэрцам, нягледзячы на ўсе правакацыі і зьнявагі з боку антынародных сілаў. Беларусы зьбіраюцца разам пад сьвятым нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам, сьпяваюць нацыянальныя гімны і песьні, славяць Айчыну і нашых герояў. Гучыць беларуская мова. Менавіта гэта выклікае непакой ў структурах унутранай акупацыі і ў імпэрскай Масквы, якая зьяўляецца гаспадаром гэтага рэжыма. КХП-БНФ зьвярнулася ў пракуратуру з заявамі на неправамерныя дзеяньні ўладаў. Нельга дапускаць, каб такія дзеяньні праходзілі без юрыдычных наступстваў. Хаця беларусы разумеюць, што азначаюць пры гэтым рэжыме юрыдычныя структуры і як імі трактуюцца законы.

Сапраўдная юрыдычная адказнасьць для арганізатараў і выканаўцаў антынароднай палітыкі, для рэцыдыўных парушальнікаў Закона наперадзе. Сацыяльна-палітычны і эканамічны крызіс, да якога давёў Беларусь прамаскоўскі рэжым, раскручваецца. Набліжаецца драматычная развязка, непазьбежны калапс гэтага рэжыма. Пра гэта ведаюць і тыя, хто адказны за антынародную палітыку. Гэта ёсьць адной з прычын татальных забаронаў на традыцыйныя беларускія мерапрыемствы.

Але нішто ня спыніць наш народны рух да вызваленьня Беларусі, нішто не прымусіць забыцца пра нашы нацыянальныя трагедыі і вялікія перамогі. Беларусь жыве і будзе жыць!

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

23 жнівень 2018 г.