Рух за выбары без Лукашэнкі

posted Feb 24, 2020, 12:06 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 24, 2020, 12:06 PM ]

(заклік)

Галоўнай прычынай адсутнасьці зьмены ўлады ў Беларусі зьяўляецца параліч інстытуту выбараў. Рэжым Лукашэнкі ў выніку лістападаўскага дзяржаўнага перавароту 1996 года стварыў сістэму абсалютнай улады і субардынацыі адной асобы на пасадзе прэзыдэнта краіны. Замест дэмакратычных празрыстых выбараў створана фальсіфікацыйная сістэма галасаваньня, цалкам падкантрольная адміністрацыі рэжыму і ўладным структурам, якія і вызначаюць вынікі галасаваньня па зададзенай схеме.

Грамадзтва, практычна, адхілена ад назіраньня за падлікам галасоў, за складаньнем пратаколаў галасаваньня і складаньнем сьпісаў выбаршчыкаў. У час выбараў рэжым арганізуе прымусовае галасаваньне і прымусовы, пад страхам рэпрэсій, загон людзей на папярэдняе галасаваньне, якое доўжыцца пяць дзён і непадкантрольнае грамадзкасьці. Права людзей груба парушана, законныя мэтады зьмены ўлады ліквідаваныя.

Вырашэньне гэтай праблемы магчымае праз грамадзкі ціск на ўлады, які гарантуе канстытуцыя, але не ўспрымае антынародная ўлада. У рэальнасьці гэта мусіць стацца грамадзкая барацьба, вынік якой будзе залежыць ад сілы і масавасьці пратэсту. Заклікаем да такога законнага і справядлівага змаганьня.

Патрабаваньні руху за дэмакратычныя законныя выбары наступныя:

1). Няўдзел А. Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 года. Згодна закона з 2004 года ён ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта.

2). Зьмена ўсяго складу Цэнтральнай выбарчай камісіі.

3). Адмена папярэдняга галасаваньня.

Пачатак руху лічыць ад моманту публікацыі ў Сеціве гэтага звароту.

Арганізацыйным мэтадам руху зьяўляецца вольнае стварэньне суполак па ўсёй Беларусі з наступным аб’яднаньнем у сістэмны рух, які канкрэтызуе працу.


ХІІ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

22.02.2020 г.

            г. Менск