РУСКАМОЎНЫ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫ ТЭРОР

posted Feb 12, 2018, 5:10 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 12, 2018, 5:10 PM ]

Фэномен мысьленьня і паводзінаў настаўніцы гісторыі Рэгіны Ластоўскай, якая ня так даўно напісала ліст рэдактару газэты “Советская Белоруссия” Паўлу Якубовічу аб непатрэбнасьці ствараць нацыянальны беларускі ўнівэрсітэт, яскрава дэманструе дзейнасьць інфармацыйных вірусаў у мазгах чалавека. Тут маецца выпадак дзейнасьці ідэалягічных таксічных мэмаў-вірусаў. Аналіз гэтага фэномэна падрабязна і ўсебакова зрабіў Зянон Пазьняк у артыкуле “Галасы залюстроўя”.

У гэтай канкрэтнай сытуацыі йдзецца аб таксічным уздзеяньні вірусных мэмаў-паразітаў на мазгі людзей, што прыводзіць, ў крайнім выпадку, да самаадмаўленьня (падобнага да суіцыдальнай зьявы). Даводзіцца, напрыклад, чуць выказваньне ад беларуса (галасавы апарат адназначна яго ідэнтыфікуе): - “Як я ненавіжу гэты беларускій язык”.

Біолагам вядома такая ланцуговая зьява. У мазгі мураша пранікае паразіт - двухвустка ланцавідная. Яна блакуе мазгавыя функцыі мураша і пачынае кіраваць яго паводзінамі – той лезе на вяршыню травінкі (што яму зусім не патрэбна) – яно патрэбна гэтай двухвустцы, каб разам з травой мураш быў зьедзены жывёлінай (каровай, ці авечкай, ці іншай). Такім чынам двухвустка дасягае сваёй мэты. Трапляе ў цела жывёлы, дзе яна множыцца. А мураш і жывёліна становяца ахвярамі не па сваёй волі.

Нэйрапсыхолагі выкарыстоўваюць гэтую схэму для тлумачэньня дзейнасьці мэмаў, якія пранікаюць у мазгі людзей. (Мэмам лічыцца любая ідэя, завершаная слоўная канструкцыя, якая здольная множыцца і распаўсюджвацца ад чалавека да чалавека, і перадавацца рознымі спосабамі)

Галоўныя атрутныя, паразітныя мэмы-вірусы, якія разбураюць моўную, культурную і інтэлектуальную прастору беларусаў:

1. “Русский язык великий и могучий”. Таму, каб набыць лепшыя веды і быць адукаваным чалавекам, трэба карыстацца “русским языком”.

2. “Родным языком для человека является тот, который он овладел в детстве”.

3. “Какая разница на каком языке говорить”.

4. “Умственные способности от языка не зависят”. І г.д.

У сучасных умовах асноўнымі рассаднікамі і распаўсюднікамі таксічных мэмаў-вірусаў зьяўляюцца пэдагагіччныя навучальныя ўстановы. Гэтыя ўстановы ў працэсе навучаньня пасьпяхова інфіцыруюць мазгі шматтысячнай арміі пэдагогаў і выхавацеляў, якія разносяць патагенныя мэмы ў беларускім грамадзтве.

Беларуская пэдагагічная навука, як тая карова, бяздумна пасецца на палях расейскай імпэрскай пэдагогікі і псыхалогіі, глытае мэмы-паразіты, множыць, распаўсюджвае і нават “навукова” абгрунтоўвае.

Беларуская мова абвяшчаецца ня роднай мовай, а этнамовай. Выхаваньне і адукацыя па-беларуску – этнапэдагогікай.

Адсюль масавае адмаўленьне свайго, сваёй спадчыны, сваіх бацькоў, сваёй бацькаўшчыны, сваёй зямлі, дэзарыентацыя ў сьвеце, разумовая дэградацыя.

Сяргей Папкоў

9 лютага 2018 г.