Рыхтуймася да барацьбы з агрэсіяй упарта, ціха і кожны дзень. Мусім перамагаць

posted Jul 9, 2018, 6:10 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 9, 2018, 6:10 PM ]

Ліпеньскі Сойм 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

8 ліпеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Пагроза вайны? Мацуем абарону” (публікуецца). Выступоўца зьвярнуў увагу на мэтадычную падрыхтоўку Расеі да лакальнай канвэнцыйнай вайны. Маскве выгадна пачаць ваенныя дзеяньні зь Беларусі, каб засьцерагчы сваю тэрыторыю ад зваротнага ўдару. Існуе вялікая небясьпека акупацыі Беларусі. Гатовасьць да абароны – рэальная задача беларусаў.

Другая частка выступа старшыні была прысьвечана сітуацыі вакол Курапатаў і правакацыі «Бульбаш-хол». Прапанова -- галоўную ўвагу зьвяртаць на Народны Мэмарыял, бо правакацыя з незаконным рэстаранам – гэта адзін з мэтадалагічных падыходаў Лубянкі па зьнішчэньні Народнага Мэмарыялу Курапаты. Тут мусіць быць наш прыярытэт у абароне Народнага Мэмарыялу. Тым часам падтрымліваем пікетаваньні змагароў з «Бульбаш-холам».

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца зрабіў агляд палітычных падзей прамінулага месяца. Улады забаранілі нашай Партыі правядзеньне традыцыйных мэмарыяльных мерапрыемстваў у Чэрвені (Менская вобл.) – “Ігуменскі шлях”. Складваецца ўражаньне, што рэжым панічна баіцца любой самастойнай ініцыятывы беларускай грамадзкасьці, якая б выходзіла па-за рамкі яго русіфікатарскай і васальнай прамаскоўскай праграмы. Падобна, што гэтым страхам перад беларусамі, якія не страцілі памяць і хрысьціянскую традыцыю, апанавана і Масква. Што ж будзе, калі пра сябе заявяць мільёны салідарных беларусаў? Усё гэта дазваляе меркаваць, што антыбеларускі рэжым на самой справе не зьяўляецца такім маналітным і стабільным, як спрабуе дэманстраваць сябе на публіцы і ў афіцыёзных заявах.

Новая сітуацыя вакол Курапатаў прымушае нас актывізаваць дзеяньні па ахове Народнага мэмарыяла, па яго добраўпарадкаваньні. Патрыёты павінны знаходзіцца на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні. Асабліва ў гэты час, калі Курапаты наведваюць многія людзі з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Трэба распавядаць ім пра нашу нацыянальную трагедыю, пра стварэньне Народнага мэмарыяла, яго абарону ад рэжымных спробаў зьнішчэньня. На фоне падзей нельга забывацца аб тым, што галоўнае – гэта ўшанаваньне і абарона магіл пакутнікаў, крыжоў і ўсяго Народнага мэмарыяла.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра ўстрывожанасьць многіх людзей, якія задумваюцца над сваёй бліжэйшай будучыняй. Несамавіты рывок цэнаў (на харчаваньне цэны вырасьлі ў 4-5, а на некаторыя тавары ў 10 разоў у параўнаньні з мінулым годам) паставіў дзесяткі тысячаў беларускіх сем’яў перад пэрспэктывай галечы і нават голаду. Людзі кінуліся ратавацца даўнім спосабам: на бульбоўнік, вырошчваць гародніну. На рэжым ніякіх спадзяваньняў няма. У сувязі з гэтым рэйтынг рэжыма і яго галоўнага начальніка падае. Аднак, расейскае тэлебачаньне актыўна апрацоўвае беларусаў (многія зь якіх, на жаль, маюць давер да маскоўскай тэлегёбэльсаўшчыны) і навязвае ім стэрэатыпы аб тым, што “Пуцін – сапраўдны гаспадар краіны, нам такога трэба” і т.п. Вядома, што гэты прапагандысцкі ўплыў Масквы ўстрывожыў нават рэжымную намэнклатуру, якая трапляе ў пастку, пастаўленую ў выніку ўласнай русіфікатарскай антыбеларускай палітыкі.

Выступоўцы распавялі пра рэалізацыю маскоўскай праграмы сэлекцыі інтэлектуальнай беларускай моладзі на імпэрскую карысьць. З дапамогай рэжымнага міністэрства адукацыі РБ Масква арганізоўвае адбор выпускнікоў беларускіх школ для навучаньня ў лепшых расейскіх ВНУ – з пэрспэктывай далейшай працы ў Расеі. Такім чынам Расея спрабуе кампэнсаваць свае страты ад працэсу інтэлектуальнага ўпадку сваёй моладзі і ўцёкаў маладых адукаваных людзей ў замежжа. Напрыклад, сёлета адмысловы адбор-экзаміноўку для выпускнікоў Гомельскай вобласьці расейцы рабілі ў горадзе Старадубе Бранскай вобласьці. У выніку многія беларускія сем’і жывуць у ілюзіі, што іхнія нашчадкі (праз расейскую мову і маскультуру) атрымліваюць лепшыя пэрспэктывы працы і жыцьця. Бальшыня з гэтых выпускнікоў ужо ніколі ня вернецца ў Беларусь альбо назаўжды застанецца ў палоне навязаных антыбеларускіх комплексаў непаўнавартасьці. Гэты разбуральны працэс можна спыніць толькі палітычнымі мэтадамі і палітычнымі пераўтварэньнямі ў нашай краіне пасьля ўсталяваньня беларускай ўлады.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 

 і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

8 ліпеня 2018 г.