ШАБАШ ЦЕМРЫ

posted Aug 13, 2018, 6:49 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 13, 2018, 6:49 AM ]

Ужо трэці месяц няспынна трывае штодзённая варта ля правакацыйнага рэстарана “Поедем поедим”.

12.08.2018 на варце прысутнічалі сябры КХП-БНФ, прадстаўнікі іншых палітычных рухаў, простыя грамадзяне.

Адзін з удзельнікаў адмыслова прыехаў на абарону Курапатаў зь Віцебску. Прабыў усе выходныя, атрымаў некалькі адміністратыўных пратаколаў. Пра свой удзел сказаў проста і коратка: “А што застаецца рабіць?”. Сапраўды, беларусам не пакінулі іншага выйсьця. Справа абароны Курапатаў -- справа абароны гонару і годнасьці ўсіх беларусаў.

Гэтым разам у рэстарацыі адбывалася нешта падобнае на шабаш ці зьезд нечысьці. Прыехалі амаль усе ўжо вядомыя правакатары, адкрытыя ворагі Беларусі, ненавісьнікі ўсяго беларускага, памяці пра Курапаты. Былі машыны з расейскімі нумарамі. Машыны з “666” у нумарах.

Заўважу, што за дзень было ўсяго 2 аўтамабілі, якія выпадкова прыехалі ў гэтае месца. Адзін з іх, дарэчы, быў таксама з расейскімі нумарамі. Людзі паслухалі інфармацыю пра Курапаты, разьвярнуліся, ды зьехалі. У другой машыне была маладая пара. Нягледзячы на тое, што пратэст яны ўспрынялі не зусім прыязна, сумленьне не дазволіла ім пайсьці ў гэтую “рэстарацыю”. Атрымаўшы інфармацыю пра Курапаты, яны паехалі ў іншае месца.

Але падобных, выпадковых, наведнікаў абсалютная меншасьць. Бываюць дні, калі іх не бывае зусім. Астатнія ж едуць у гэтае месца адмыслова, магчыма, па разнарадцы ці загадзе. Усе яны як завядзёныя паўтараюць адну і тую ж фразу, быццам бы з нейкай агульнай метадычкі: “А что, весь Минск же на костях стоит”. Яны цудоўна ведаюць, хто і супраць чаго тут пратэстуе. Вязуць сюды сваех дзяцей, едуць цэлымі сем’ямі. Часта спрабуюць наехаць на людзей, пратараніць натоўп. З пагардлівай усьмешкай адкрыта і ў вочы кажуць, што ведаюць пра масавыя растрэлы.

Цікава, што гэткіх наведнікаў сустракае і суправаджае эскорт з аховы і спэцслужбістаў.

Поедем поедим” фактычна грае ролю цэнтра збору ворагаў і нянавісьнікаў беларушчыны. Яны едуць сюды адмыслова, каб зьняважыць Курапаты, зьняважыць магілы пакутнікаў. Павесяліцца, выпіць ля месца масавага генацыду. Бяспеку ж і ахову гэтым збачэнскім, зьневажальным дзеяньням забяспечваюць дзясяткі супрацоўнікаў спэцслужбаў. Фактычна пад аховай спэцслужбаў іх прыводзяць да Курапатаў, каб яны там адпачывалі і весяліліся, плявалі ў нашую памяць. Вось такая “рэстарацыя” і такія паводзіны рэжыму, які гэта ўсё дазволіў, забяспечыў і зараз абараняе. Паступова выяўляецца і робіцца ўсё больш відавочнай мэта правакацыі.

Гэтая “рэстарацыя” з’яўляецца сапраўдным рэжымным аб’ектам. Бо ніводны выпадковы (“ня іхны”) чалавек не можа патрапіць на тэрыторыю комплексу. Пры любым набліжэньні не сваіх, “ахоўнік” імгненна зачыняе браму ды перагароджвае праход.

Сёньня ўсе прысутныя ізноў сталі сьведкамі вельмі паказальных падзеяў. Аказваецца, што супрацоўнікі ДАІ падпарадкоўваюцца “ахове рэстарацыі”. “Ахоўнікі” адкрыта вызначалі пэўных людзей, і супрацоўнікі ДАІ беглі штампаваць на іх пратаколы.

Усё больш і больш уся гэтая “рэстарацыя” і падзеі вакол яе нагадваюць рэжымны спектакль. Простых, выпадковых людзей туды амаль не прыяжджае. Варта ператвараецца ў сталае супрацьстаяньне адным і тым жа адмыслова падасланым правакатарам. Відавочна, што бізнэс і камерцыя тут не пры чым. Тут іншы сцэнар і іншыя мэты.

У любым выпадку, інфармацыйная і маральная перамога ўжо на нашым баку. Дзясяткі тысяч людзей даведаліся праўду пра Курапаты, пра расейскі генацыд беларусаў. Грамадства падтрымала беларускіх патрыётаў і выступіла рэзка супраць гэтай “рэстарацыі” ля месца пакутаў. Адэкватныя, сумленныя людзі ў гэтую “рэстарацыю” ня едуць.

Як і 30 год таму, Курапаты ізноў абуджаюць і яднаюць беларускае грамадства. Таму, маем надзею і веру ў нашую перамогу! І мы абавязкова пераможам!

Жыве Беларусь!

                                                                                            Ігар Шчэмелеў