САМААРГАНІЗАЦЫЯ -- ЧЫНЬНІК ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

posted Mar 19, 2020, 6:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 19, 2020, 6:49 PM ]

У барацьбе з пашырэньнем заразнай хваробы супраць якой няма лякарства, вельмі важнымі ёсьць прэвентыўныя сацыяльныя захады, якія можа ажыцьцявіць дзяржаўная ўлада.

Нажаль ўсё разьвіваецца па тым графіку, пра які пісалася ў папярэднім матар'яле. Каранвірус завезьлі ў Нью-Ёрк з Эўропы (вядома нават празьвішча асобы). Павольна колькасьць інфікаваных ўтрымлівалася ў горадзе у межах некалькіх дзясяткаў і дасягнула 60-ці. Але потым за тры-чатыры дні падскочыла да 600 (у 10 разоў). За адны апошнія суткі гэтая лічба павялічылася ўжо ўтрая (цяпер паўтары тысячы). Рост, відаць, будзе працягвацца па гэтым графіку.

Стала вядома, што ўрад Нью-Ёрка плянуе ўвесьці карантын для ўсяго горада. У некаторых штатах уводзіцца камэнданцкая гадзіна. Тут, у ЗША, робяцца разумныя захады дзеля запабяганьня распаўсюду хваробы і ўратаваньня насельніцтва.

Каранвірус аказаўся вялікім выпрабаваньнем для чалавецтва. Самае важнае (улічваючы пандэмічны характар хваробы) запабегчы разьвіцьцю эпідэміі ў асобных арэалах (краінах), лякалізацыя, карантыны, ізаляцыя, сістэма медыцынскага кантролю і інфармацыі насельніцтва.

Трагічнае становішча склалася ў Італіі. Цяпер кожны дзень там памірае каля 500 чалавек. Краіна прапусьціла момант пачатку эпідэміі. Расплата жудасная. З гэтым матар'ялам я перадрукоўваю тут відэа, зьнятае ў перапоўненым Міланскім шпіталі са старонкі FB  Aliaksandr Khomchanka. Дыханьне сьмерці.

Што датычыць сітуацыі ў Беларусі, то застаецца толькі маліцца, каб не сталася так, як ў Італіі. Рэальная інфармацыя тут адсутнічае. Не зьвіліся, здаецца, і грамадзкія ініцыятывы, якія б незалежна адсочвалі падзеі і статыстыку захворваньняў.

Тым часам каранвірус вымоўна пацьвердзіў, што рэпрэсіўным рэжымам ў Беларусі кіруе псіхічна нездаровы чалавек з маніяй нянавісьці да беларусаў. У гэтай сітуацыі ён стаў вельмі небясьпечным для людзей. Узмацніліся неадэкватныя паводзіны і рыторыка. Аб'ектыўна, яго трэба арыштаваць. Падставы ёсьць і ёсьць каму. Волі няма.

Пакуль што беларусам застаецца толькі самаарганізацыя ў барацьбе зь небясьпекай эпідэміі (самакарантыны, самаізаляцыя, засьцерагальныя сродкі, памяншэньне кантактаў, асабліва групавых, пазьбяганьне масавых мерапрыемстваў і зборак, абавязковыя гумовыя пальчаткі, мыцьцё рук, апрацоўка маскі перад выкарыстаньнем антысэптыкам -- можа быць нават сок часнаку ці "Tea tree oil" -- і ні ў якім разе не рабіць таго, што кажа хворы на галаву публічны суб'ект -- піць гарэлку, мыць рукі гарэлкай, зьнішчаць каранвірус лазьняй, трактарам і т.п. трызьненьне.) І галоўнае -- не паддавацца дэпрэсіі. З Богам пераможам.

19-03-2020 г.          Зянон Пазьняк