САНКЦЫЙНАЯ ПРАВАКАЦЫЯ І ПАЛІТЫКА МАСКВЫ

posted Jun 14, 2021, 5:26 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 14, 2021, 5:26 AM ]

З дня ў дзень група, сфармаваная на грунце газпрамаўска-крамлёўскага электаральнага плану 2020 года (П. Латушка, В. Цапкала, В. Бабарыка, С. Ціханоўская і інш.), няспынна патрабавала ад Захаду і паўтарала: Санкцыі! Абкласьці санкцыямі і спыніць "Беларуськалій", гродзенскі "Азот", "Нафтан", МАЗ, БелАЗ, Трактарны завод і г. д., спыніць інвестыцыі ў беларускую эканоміку, адключыць ад Беларусі міжнародную фінансавую сістэму разьлікаў SWIFT, ануляваць крэдыты для Беларусі, не купляць беларускіх тавараў, спыніць палёты беларускіх самалётаў "Белавіа", спыніць беларускія чыгуначныя перавозкі і т. п. І ўсё гэта, маўляў, для таго, каб фінансава задушыць дыктатара Лукашэнку, ліквідаваць яго ўладу. (І ні слова пра санкцыі супраць Расеі, якая фінансуе тэрарыстычны рэжым Лукашэнкі.)

З боку ўлады Лукашэнкі выступае міністар МЗС У. Макей і заяўляе, што калі Захад увядзе санкцыі, тады ўлада зьнішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць.

Працэс пайшоў. Захад уводзіць санкцыі, а рэжым Лукашэнкі нішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць, ліквідуе беларускія арганізацыі, тэатры, мастацтва, сродкі масавай інфармацыі, блакуе Інтэрнэт, рэпрэсуе разумных людзей, душыць эліту нацыі, катуе і забівае беларусаў у турмах, выганяе з краіны. Разбурэньне Беларусі йдзе з двух бакоў.

Вялікая колькасьць акалпачаных дэнацыяналізаваных беларусаў пры падтрымцы Эўропы і разам з Латушкам-Ціханоўскай, патрабуюць, вобразна кажучы, спаліць свой Беларускі дом разам зь ненавісным сатрапам. ("Абы ня Лукашэнка!"). Што будзе потым -- пагарэльцы ня ведаюць.

А будзе вось што. (Але спачатку пра сатрапа.) Ніякія эканамічна-фінансавыя санкцыі, нават самыя жорсткія, усеагульныя і татальныя, не ліквідуюць рэжым Лукашэнкі. Яго возьме на паўгалоднае ўтрыманьне пуцінская Расея, каб за бясцэнь (ці нават за свае ранейшыя пазыкі рэжыму) забраць беларускую эканоміку, якую перад гэтым разбурыць санкцыямі і пакладзе на лапаткі Захад. Санкцыі супраць Беларусі перш за ўсё адпавядаюць інтарэсам Расеі.

Дзеля ўтрыманьня рэжыму Лукашэнкі на пэрыяд захопу нацыянальнай эканомікі рускім алігархатам у Расеі ёсьць усе фінансавыя магчымасьці. Тут для Масквы не вялікія грошы.

Пасьля захопу прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў і ключавых пазыцый вытворчасьці стратэгічнае пытаньне "беларускага балькона" вырашаецца хутка, прысутнасьць рускіх войскаў у Беларусі забясьпечана. Фармальна тут ня будзе ніякай адказнасьці Крамля. Адказным будзе "суверэнны" сатрап Лукашэнка, якога гэты статус таксама задаволіць.

Далейшая палітыка -- жорсткае задушэньне народа і ўсяго беларускага аб'яднанымі сіламі Масквы і мясцовых прыслужнікаў. А ў выніку мусіў бы стацца "канец гісторыі" Беларускай нацыі. Такая вось ілюзорная, але злавесная крамлёўская візія "рускага міра".

Шкодную ролю супраць беларускіх нацыянальных інтарэсаў адагрываюць тут групоўкі Латушкі-Ціханоўскай (і гэта толькі частка іхняе шкоды).

Нельга дапусьціць, каб антыбеларуская палітыка "русского міра" і Крамля разьвівался. Складанасьць у тым, што ўтварылася становішча, дзе ўвесь народ стаў закладнікам вар'ята Лукашэнкі. Калі яго цяпер раптоўна выдаліць ад улады ці ліквідаваць, то найбольш верагодны сцэнар, што ўладу могуць зноў захапіць і пераняць прамаскоўскія сілы, -- і тады запрацуе разбуральны для Беларусі электаральны крамлёўска-газпрамаўскі план 2020-га года.

Калі ж лукашысцкі рэжым застанецца, то ён зьнішчыць, выдушыць і перадушыць усё жывое ў Беларусі і ўрэшце таксама здасьць краіну пад Маскву. Нельга, каб такі рэжым існаваў у Беларусі.

Станоўчы выхад з прамаскоўскага "клінчу" (імпэрцаў і канторскай "апазыцыі") толькі адзін -- гэта шлях, які паказаў і праклаў Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" ў 1988-1991 гадах, калі збавіўся ад камунізму і дамогся Незалежнасьці краіны.

Мусіць быць арганізавана і адроджана беларуская нацыянальная палітычная сіла (а яна жыве), якая шануе нацыянальныя каштоўнасьці, незалежнасьць, свабоду, беларускую мову, беларускі народ, законную беларускую Канстытуцыю, законы і зыходзіць зь беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Такой сілай будзе народны рух "Вольная Беларусь". Апора -- на сябе, на свой народ. Рэвалюцыйная барацьба з бандыцкім рэжымам і яго каланіяльнай палітыкай. Мабілізацыя барацьбы і ліквідацыя антынароднай улады (так будзе) павінна весьціся ўсімі спосабамі (народ мае права), якія дадуць жыцьцё і вольную будучыню Беларускай нацыі.

12 чэрвень 2021 г.                     Зянон ПАЗЬНЯК