Сяргей Навумчык: Мушу абвергнуць

posted Oct 29, 2017, 5:04 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 29, 2017, 5:04 AM ]

Мушу абвергнуць словы былога міністра МЗС Пятра Краўчанкі, сказаныя на канфэрэнцыі “Менскага дыялёгу” – “"Помню, как вставали депутаты БНФ и кричали: «Вось нам трэба ядзерная зброя, каб інакш размаўляць наконт Вільні». Пришлось остужать эти горячие головы" (цытую па публікацыі TUT.BY). Гэта – няпраўда. Такога ніколі не было.

Краўчанка павінен памятаць, што калі вясной 1990 Прэзыдыюм ВС БССР заявіў прэтэнзіі на Вільню ў выпадку выхаду Літвы з СССР (як потым прызнаўся Дземянцей, заява была напісаная ў ЦК КПСС) -- менавіта БНФ выступіў з асуджэньнем гэтых прэтэнзіяў. Ён павінен памятаць, што у студзені 1991, калі ў Вільню былі ўведзеныя танкі і загінулі мірныя жыхары, менавіта дэпутаты Апазыцыі БНФ дамагліся прыняцьця заявы салідарнасьці зь Літвой – і Вярхоўны Савет БССР быў адзіным парлямэнтам на тэрыторыі былога СССР (за выключэньнем краінаў Балтыі), які асудзіў маскоўскую агрэсію. МЗС на чале з Краўчанкам, між іншым, тады змаўчаў.

Адносна бяз’ядзернасьці, Краўчанка павінен памятаць, што БНФ першым ўзняў тэму Чарнобыля як найвялікшай небясьпекі для нацыі, праводзіў стотысячныя мітынгі, арганізоўваў дапамогу з-за мяжы (чаго варта адна толькі дзейнасьць дэпутата Апазыцыі БНФ Генадзя Грушавога), дамогся прыняцьця пакету адпаведных законаў. Як дэпутат ВС-12 да прызначэньня на пасаду міністра, Краўчанка таксама ведае, што ў першы ж дзень сэсіі ў маі 1990 менавіта дэпутат БНФ Баршчэўскі выступіў з ініцыятывай стварэньня камісіі па Чарнобылю, што дэпутат БНФ Навумчык быў ініцыятарам уключэньня ў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце палажэньня аб бязьядзерным статусе Беларусі. Што і было прынята нават дэпутатамі-камуністамі.

Дэпутаты БНФ падтрымлівалі вывад ядзернай зброі і галасавалі за гэта. Іншая справа, што вывад адбываўся на невыгодных для Беларусі ўмовах, што, між іншым, пацьвярджае і сам Краўчанка ў сваёй кнізе “Беларусь на раздарожжы”, калі піша, што на перамовах у Алма-Аце 21 сьнежня 1991, пагадзіўшыся з прапановай Ельцына “прызнаць Расею правапераемніцай Савецкага Саюза ў Радзе Бясьпекі ААН і ўласньніцай ядзернай зброі”, “Шушкевіч нас проста здаў. Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, якая адным махам пазбаўлялася галоўных козыраў на перамовах з Расеяй… Памятаю, як я накінуўся на сьпікера, спрабуючы патлумачыць яму, што ён нарабіў, але Шушкевіч у адказ толькі мямліў нешта няўцямнае… Другім чалавекам у нашай дэлегацыі, які цалкам усьвядоміў усю драматычнасьць таго, што адбывалася, быў мой даўні палітычны апанэнт Зянон Пазьняк. Ён хмурна назіраў за нашай сваркай і, уздыхнуўшы са скрухай, вымавіў такую фразу: “Шушкевіч не клапоціцца аб дзяржаўных інтарэсах Бацькаўшчыны!” З таго дня нашыя адносіны зь лідэрам парлямэнцкай апазыцыі зрабіліся нашмат болей паважнымі і канструктыўнымі” (Пётр Кравченко, «Беларусь на распутье», Москва, «Время», 2006, с. 185-186).

Дык дзе Пётра Кузьміч шчыры – у кнізе ці на канфэрэнцыі?

(У дужках заўважу, што на месца сталага члена Рады Бясьпекі ААН прэтэндавала Японія. Як галасавала б Японія па найважнейшых пытаньнях – можна толькі ўявіць, як галасуе Расея – добра вядома).

Сёньня можна па-рознаму ацэньваць вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, Украіны і Казахстану, як і вартасьць “гарантыяў”, дадзеных гэтым дзяржавам ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй паводле Будапэшцкага Мэмарандуму. Але факт застаецца фактам: у пачатку 1990-ых менавіта дэпутаты БНФ былі ініцыятарам без’ядзернасьці Беларусі (і, дадам – вайсковага нейтралітэту) і галасавалі за вывад ядзернай зброі.

У сказаным на канфэрэнцыі чуецца голас ня першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Краўчанкі, які спрыяў адкрыцьцю помнікаў і мэмарыяльных шыльдаў Скарыну ў Празе і ў Падуі – а сакратара Менскага гаркаму КПБ Краўчанкі, пры якім разганялі Дзяды-88 у Курапатах.

Некалькі слоў адносна выказваньняў на канфэрэнцыі іншага былога міністра – Івана Антановіча. Ён чарговы раз прыгадаў нібыта прапанаваную БНФ “беларусізацыю ў радыкальным варыянце”, не прывёўшы ніводнага факту і забыўшыся, што Закон аб мовах быў прыняты яшчэ ВС-11, у якім Апазыцыі БНФ не было.

Дзіўнае сьцьвярджэньне Антановіча і пра тое, што ў БНФ была “ў асноўным моладзь – асьпіранты пэдагагічнага інстытута і малодшыя навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук”. Ніколі ня думаў, што ступень палітычнай сьвядомасьці вызначаецца навуковай ступеньню. У БНФ былі людзі розных узростаў і розных прафэсій. Сярод тысяч актывістаў Народнага Фронту былі. напэўна, і малодшыя навуковыя супрацоўнікі АН. Але членам Ценевага кабінету Апазыцыі БНФ зьяўляліся віцэ-прэзыдэнт АН, акадэмік Радзім Гарэцкі, член-карэспандэнт АН прафэсар Іван Нікітчанка, доктар эканаміічных навук Уладзімер Кулажанка і намесьнік дырэктара іністытуту эканомікі АН доктар эканамічных навук Уладзімер Тарасаў, доктар геолага-мінэралягічных навук Віталь Масквіч. У БНФ былі таксама доктар фізіка-матэматычных навук Юрась Хадыка, доктар філасофскіх навук Мікалай Крукоўскі, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч. Мушу, аднак, прызнаць, што Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заболоцкі, Алег Трусаў, Пятро Садоўскі мелі больш сьціплыя ступені - кандыдатаў навук. А заснавальнікі БНФ і члены Сойму Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін ня мелі іх зусім – што, трэба думаць, у вачах былога міністра робіць іх ня вартымі павагі.

А ўвогуле сумна, што на мерапрыемстве, прысьвечаным 25-годзьдзю самастойнай міжнароднай дзейнасьці краіны, льецца бруд ў бок дэпутатаў БНФ, якія дамагліся незалежнасьці Беларусі ў жніўні 91-га, калі будучыя міністры замежных спраў альбо ставілі саму ідэю незалежнасьці пад сумнеў, альбо і пальцам дзеля яе рэалізацыі не паварухнулі.

2017 г.

Сяргей Навумчык