Савецкая акупацыя краін Балтыі

posted Aug 30, 2020, 5:51 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 30, 2020, 5:51 PM ]

Асобнай часткай падпісанага 23 жніўня 1939 года ў Маскве Пакту Молатава-Рыбэнтропа быў сакрэтны пратакол, першы пункт якога акрэсьліваў сфэру інтарэсаў Савецкага Саюза ў балтыйскім рэгіёне. У арбіту савецкага ўплыву адыходзілі Фінляндыя, Эстонія,Латвія і Літва, якой павінна была адыйсьці Віленская вобласьць, што была ў складзе міжваеннай Польшчы. Заключэньне савецка-нямецкай дамовы не на жарт збянтэжыла кіраўніцтва балтыйскіх рэспублік, і на гэта былі аб’ектыўныя прычыны. Яшчэ 13 жніўня паводле загаду Народнага камісара абароны СССР Клімэнта Варашылава, у Ленінградскай вайсковай акрузе (ЛВА) пачалося стварэньне групоўкі войскаў для акупацыі балтыйскіх краін: Наўгародская армейская група была ператворана ў 8-ю армію з цэнтрам у Пскове і разам з падпарадкаванай ЛВА 7-й арміяй мела 23 стралковыя дывізіі, 10 танкавых і 2 стралкова-кулямётныя брыгады агульнай колькасьцю асабовага складу каля 440 тысяч салдат, якія мелі на ўзбраеньні больш за 3 тысячы танкаў, 3,6 тысяч гармат і 421 бранемашыну.

Савецкія войскі, разгорнутыя да канца верасьня 1939 года ўздоўж межаў балтыйскіх дзяржаў, па сваёй колькасьці перабольшвалі арміі краін Балтыі разам узятыя: у мірны час армія Летувы складалася з 28 тысяч чалавек, Латвіі – 23 тысяч, Эстоніі – 11 тысяч. Ва ўмовах мабілізацыі яны маглі павялічыць асабовы склад да 140, 130 і 100 тысяч чалавек адпаведна. З-за адсутнасьці рэальнага хаўрусьніка, якім на той момант магла быць толькі нацыстоўская Нямеччына, лёс балтыйскіх дзяржаў быў практычна вырашаны.

Пад ціскам СССР 28 верасьня 1939 года быў падпісаны савецка-эстонскі дагавор аб узаемадапамозе тэрмінам на 10 гадоў, які дэ-факта абмяжоўваў сувэрэнітэт Эстоніі. Ён быў ратыфікаваны бакамі 4 кастрычніка 1939 года і прадугледжваў увядзеньне ў краіну 25-тысячнага кантынгента Чырвонай арміі, а таксама перадачу стратэгічных портаў Палдзіскі і Гаапсалу на Балтыйскім моры, выспаў Дага (Гіюмаа) і Эзэль (Саарэма) і найлепшых эстонскіх аэрадромаў Куусікка і Кэхтну. 18 кастрычніка савецкі вайсковы кантынгент быў уведзены ў Эстонію. 5 кастрычніка пакт аб узаемадапамозе з СССР падпісала Латвія. У краіну ўводзіўся 25-тысячны кантынгент Чырвонай арміі, якому перадаваліся порты Ліепая (Лібава) і Вэнспілс (Віндава) і базы берагавой артылерыі. Ён увайшоў у сілу 14 кастрычніка.

Яшчэ 3 кастрычніка 1939 года у Маскву была запрошана летувіская дэлегацыя, якой савецкі бок запрапанаваў Віленскую вобласьць у замен на адмову ад раёну Марыямпале, які цікавіў немцаў. Гэта выклікала пратэсты Летувы, але пад ціскам СССР 10 кастрычніка летувіскі ўрад быў вымушаны згадзіцца на ўвядзеньне 20-тысячнага вайсковага кантынгенту Чырвонай арміі, які дыслакаваўся ў стратэгічных пунктах непадалёк ад Каўнаса, Вільні, у Шаўляі і Панявэжысе, а вырашэньне лёсу Марыямпале адкладалася на будучыню. 25 кастрычніка быў падпісаны дагавор аб стварэньні летувіска-савецкай вайсковай камісіі, якая мелася вырашыць тэхнічныя пытаньні што да разьмяшчэньня савецкіх войскаў, а ў ноч з 27 на 28 кастрычніка 1939 года летувіскія падразьдзяленьні ўвайшлі на тэрыторыю Віленскай вобласьці, якая пасьля расчляненьня Польшчы была акупавана войскамі РСЧА.

Фармальна Эстонія, Латвія і Летува сталі савецкімі пратэктаратамі, але ў пытаньнях унутранай палітыкі заставаліся незалежнымі. 25 кастрычніка Варашылаў нават аддаў адмысловы загад, які рэгламэнтаваў паводзіны савецкіх войскаў і забараняў умешвацца ў міжпартыйныя і іншыя пытаньні ўнутранага жыцьця балтыйскіх краін.

Усьведамляючы, што Савецкі Саюз ня спыніцца на дасягнутым, і поўная акупацыя ёсьць толькі пытаньнем часу, Адольф Гітлер, нягледзячы на пратэсты савецкага боку, падпісаў з эстонскім і латвійскім урадамі пагадненьні, дзякуючы якім да канца году ў Трэці Райх з Эстоніі эмігравала 13 тысяч мясцовых немцаў, а з Латвіі – 50 тысяч. Сумніўная перамога Савецкага Саюза ў “зімовай вайне” з Фінляндыяй і перамогі Вэрмахта на заходнім фронце давалі балтыйскім краінам прывідную надзею пазбавіцца ад савецкай “пратэкцыі”. У гэтых умовах СССР вырашыў завершыць дэмантаж дзяржаўнасьці гэтых краін. Выкарыстоўваючы як нагоду нібыта антысавецкі характар заключанага яшчэ ў 1934 годзе пакту аб супрацоўніцтве паміж Латвіяй, Летувой і Эстоніяй, 14 чэрвеня 1940 года Савецкі Саюз прад’явіў Летуве ўльтыматум, якім сярод іншага патрабаваў зьмяніць урад на больш лаяльны да сябе і даць дазвол на знаходжаньне на яе тэрыторыі неабмежаванага кантынгента савецкіх войскаў.

Пагроза непазьбежнай акупацыі раскалола кіруючую вярхушку краіны – 15 чэрвеня 1940 года прэзыдэнт Летувіскай рэспублікі Антанас Сьмятона, які настойваў на ўзброеным супраціве, застаўшыся ў меншасьці, склаў паўнамоцтвы і з сям’ёй выехаў у Нямеччыну. У той жа дзень у Летуву былі ўведзены савецкія войскі, і ў Вільні быў сфармаваны Народны ўрад на чале з камуністам Юстасам Палецкісам, якога праз два дні прэм’ер-міністр Антанас Меркіс на патрабаваньне СССР прызначыў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта і кіраўніком ураду. Пасаду міністра абароны ў новым кабінэце заняў былы камандуючы летувіскай арміяй Вінцас Віткаўскас, які апаніраваў Сьмятоне пры абмеркаваньні савецкага ўлітыматума.

16 чэрвеня 1940 года аналагічныя ўльтыматумы атрымалі ўрады Латвіі і Эстоніі, якія былі акупаваны на наступны дзень, нягледзячы на тое, што прэзыдэнты Карліс Улманіс і Канстанцін Пятс, адпаведна, прынялі савецкія патрабаваньні. Ужо 11 ліпеня загадам №0141 наркама абароны СССР маршала Сямёна Цімашэнкі тэрыторыя Эстоніі была ўключана ў склад Ленінградскай вайсковай акругі, а тэрыторыі Латвіі і Летувы – у Прыбалтыйскую, штаб якой разьмяшчаўся ў горадзе Калінін (цяпер – Цьвер, РФ).

14 ліпеня ва ўсіх трох балтыйскіх краінах былі праведзены пазачарговыя парляманцкія выбары, на якіх перамогу атрымалі адзіныя дапушчаныя да іх пракамуністычныя Саюзы працоўнага народа. Ужо 22-23 ліпеня наваабараныя парляманты абвясьцілі стварэньне Летувіскай ССР, Латвійскай ССР і Эстонскай ССР і прынялі дэкларацыі аб уваходжаньні ў склад СССР. Юрыдычнае афармленьне анэксіі было завершана 3-6 жніўня 1940 года рашэньнем Вярхоўнага Савету СССР.

Працэс саветызацыі балтыйскіх дзяржаў суправаджаўся рэпрэсіямі і масавымі дэпартацыямі мясцовага насельніцтва ў Сібір. У 1941 годзе “ў сувязі з заяўнасьцю ў Летувіскай, Латвійскай і Эстонскай ССР значнай колькасьці былых членаў розных контррэвалюцыйных нацыяналістычных партый, былых паліцыянтаў, жандармаў, памешчыкаў, фабрыкантаў, вялікіх чыноўнікаў былога дзяржаўнага апарата Летувы, Латвіі і Эстоніі і іншых асоб, якія вядуць падрыўную антысавецкую працу і выкарыстоўваюцца замежнымі разьведкамі ў шпіёнскіх мэтах” з Летувы было выслана каля 17,5 тысяч чалавек, з Эстоніі – крыху больш за 10 тысяч, з Латвіі – паводле розных ацэнак ад 15,4 да 16,5 тысяч асоб.

У гады Другой сусьветнай вайны спадзяваньні на аднаўленьне нацыянальных урадаў аказаліся марнымі – акупаваныя нямецкімі войскамі, 25 ліпеня 1941 года Летува, Латвія і Эстонія разам з Беларусьсю ўвайшлі ў райхскамісарыят Остланд з цэнтрам у Рызе, які праіснаваў да капітуляцыі Нямеччыны 8 траўня 1945 года. Пасьля заканчэньня вайны балтыйскія дзяржавы аказаліся адзінымі членамі Лігі нацый, чыя незалежнасьць ня была адноўлена.

Яна Прымачэнка

Пераклаў з украінскай В. Буйвал.

https://www.jnsm.com.ua/cgi-bin/m/tm.pl?Month=06&Day=15&a=Q&fbclid=IwAR204MmcpsqlAM0HR682cA7DXFHzcaNf58Pt_PvKzjlZ0sPZKDgRwouzzXs