ШЛЯХ ДА ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ

posted Oct 19, 2020, 9:24 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 19, 2020, 9:25 AM ]

Дарагія землякі, паважаныя Беларусы, змагары за Вольную Беларусь!

Сёньня, 19 кастрычніка, знакаміты Дзень нашай гісторыі, які запачаткаваў адраджэньне незалежнай Беларусі. 19 кастрычніка 1988 года ў будынку Чырвонага касьцёла Сымона і Алены ў Менску быў створаны Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне". Віншую ўсіх са слаўнай датай!

Пры камуністах, якія сачылі, каб Фронт у Беларусі не стварыўся, гэта была надзвычайная падзея. Узьнік моцны народны рух, які паставіў задачу збавіцца ад камунізму і адрадзіць незалежную Беларусь. На той час гэта здавалася амаль немагчымым, але фронтаўцы змаглі стварыць нешматлікую, але моцную фракцыю ў камуністычным Вярхоўным Савеце ("Апазыцыю БНФ"). Яна стала авангардам змаганьня супраць камунізму за незалежнасьць Айчыны. Пры шырокай падтрымцы народа, які абуджаўся на барацьбу, дзякуючы Фронту, была дасягнута Незалежнасьць Беларусі і спынена дзейнасьць таталітарнай прамаскоўскай камуністычнай партыі (КПСС) у нашай краіне. Беларусь стала незалежнай дзяржавай, прызнанай усім сьветам. Слава змагарам Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"!

У 1994 годзе пры дапамозе Масквы адбылася рэстаўрацыя саветчыны ў Беларусі. Пачалася ўнутранная прамаскоўская акупацыя краіны і напаўфашысцкі аўтарытарны рэжым.

Беларускі народ цяпер імкнецца зьнесьці з дарогі нацыянальнага разьвіцьця гэты антынародны прамаскоўскі рэжым. Справы, ідэі і палітычныя заваёвы Народнага Фронту пад сьвятымі сімваламі Беларусі, якія ў 1991 годзе вярнуў на дзяржаўны пасад Беларускі Народны Фронт, асьвятляюць нам рух да вольнай Айчыны. Перамога над цемрай будзе за Беларусамі. Верма і не спыняймася! Слава народу!

У гэты Дзень стварэньня народнага руху хай жыве нам у сэрцах наш шлях да свабоды!

19 кастрычнік 2020.              Зянон Пазьняк