СЬЛЯПАЯ НЯНАВІСЬЦЬ ЦЕМРЫ

posted Mar 15, 2022, 10:17 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 15, 2022, 10:18 AM ]
        Уся гэтая сьляпая нянавісьць, ўсе гэтыя неразумныя блакаваньні Беларускага народа, ахаіваньне і абплёўваньне беларусаў, што знахадзяцца пад расейскай акупацыяй, пад рэпрэсіямі, у турмах пад катаваньнямі, пад жорсткім перасьледам, усе гэтыя подлыя санкцыі супраць абяскроўленага Беларускага народу пасьля задушэньня пратэстнай рэвалюцыі, народу, які зьнішчаюць акупанты і які перажывае за Украіну, -- усё гэтае аблайваньне беларусаў паказвае на нізасьць абмежаваных людзей, хто тое робіць, выяўляе пачварнае аблічча варожай агентуры, саўковага плебейства, грамадзкай прымітыўнасьці, дэманструе агрэсію сусьветнага зла, якое штурхае Беларусь на сьмерць у Расею тады, калі ў краіне рэпрэсіўна зьнішчана ўся грамадзянская супольнасьць народа і ліквідаваныя нацыянальныя інстытуты народнага існаваньня.
Як нізка яна ўпала, гэтая неўміручая абывацельская  сьвядомасьць "ўсіх краін, часоў і манкуртаў", калі сталі вінаваціць у "калектыўнай адказнасьці" за расейскую агрэсію задушаны антынародным рэжымам, акупаваны расейцамі, харошы, культурны Беларускі народ, ведаючы, што пад лёзунгамі прыдуманай  "калектыўнай адказнасьці" рускімі камуна-фашыстамі бальшавікамі былі зьнішчаны мільёны людзей. Варвары дзікіх думак нічаму не навучыліся, нічога не засвоілі, ня ведаюць, што гавораць.
Ідзе цывілізацыйная вайна. У гэтым становішчы па-над цемрай павінны гучэць, як званы, галасы лепшых, разумных людзей -- беларусаў і украінцаў. Голас справядлівасьці мусіць гучэць над ўсім, голас праўды, спагады і гневу. Бо, як пісаў наш сьветлы геній, забіты расейскім мордарам у Маскве: "Гэта бітва йдзе сусьветна між сьвятлом і апраметнай". І пакуль існуе мордар, ня спыніцца зло.
Мы бачым -- няшчасьце акупацыі нашай краіны, зьнішчэньне нацыі -- гэта нашы праблемы. Разумеем. Фінал вайны будзе ў Беларусі. 
Зьцерпім усё -- і пераможам. Бо з намі Бог. Ён -- непераможны.

14 сакавік 2022. Зянон Пазьняк