Слава слуцкім ваярам!

posted Nov 27, 2017, 8:30 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 27, 2017, 8:31 AM ]

26 лістапада, у нядзелю, сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ правялі традыцыйнае мерапрыемства прысьвечанае 97-й гадавіне Слуцкага збройнага чыну. Сябры партыі праехалі па мясьцінах, дзе адбываліся баі слуцкіх ваяроў з расейскімі акупантамі ў лістападзе-сьнежні 1920-га году. Мітынгі і шэсьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі адбыліся ў мястэчках Грозаў, Семежава, Вызна і горадзе Слуцку. Удзельнікі ўшанаваньня памяці герояў-случакоў усклалі кветкі, запалілі зьнічкі каля памятных крыжоў, пастаўленых у гонар герояў, сьпявалі патрыятычныя песьні, гімн “Магутны Божа”.

У Грозаве быў зачытаны зварот старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка “Слава змагарам за Беларусь”.

З прамовамі выступілі намесьнікі старшыні партыі Сяргей Папкоў і Юры Беленькі, адказны сакратар Управы Сойму партыі Алесь Чахольскі, сябра партыі Ігар Шчамялёў.
Спадарыня Ганна Крэбс пазнаёміла ўдельнікаў з фотаздымкамі герояў Случчыны:
Паўла Жаўрыда, кіраўніка Беларускага нацыянальнага камітэту, камісара Слуцкага павету БНР; Сяргея Бусла, які прымаў ўдзел у фармаваньні Першае Слуцкае брыгады войскаў БНР у мястэчку Семежава; Юльяна Сасноўскага, удзельніка Слуцкага паўстаньня, сябра Беларускай Рады Случчыны; Ахрэма Гаўрыловіча — падпалкоўніка, камандзіра 4 батальёну Першага Слуцкага Палка Першай Слуцкай Брыгады;

Ула́са Дубіны – удзельніка Слуцкага збройнага чыну, сябра Беларускай Рады Случчыны.

Пранікнёна чытала ўласныя вершы, прысьвечаныя змагарам за Бацькаўшчыну, спадарыня Аляксандра Грыцкевіч.

Пад час выступаў фронтаўцы выказалі падзяку беларусам, якія, ахвяруючы жыцьцём змагаліся за вольную Беларусь, гучала перасьцярога, зьвернутая да сёньняшніх пакаленьняў пра сур’ёзнасьць расейскай пагрозы. “Мы бачым, Расея інтэнсыўна рыхтуецца да вайны, у расейскіх СМІ ідзе прапаганда вайны, кіраўніцтва гэтай краіны накіроўвае вялізарныя грошы ў ваенную прамысловасьць”, -- іказалі прамоўцы, -- “беларусам неабходна рыхтаваца да збройнага адпору агрэсару”.

Але агульнай думкай выступоўцаў было тое, што гэта ўжо агонія маскоўскай імпэрыі, і беларусы ўжо сёньня мусяць думаць пра адбудову сваёй краіны пасьля краху усходняй імпэрыі і яе сатрапскага рэжыму ў Беларусі.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ

26 лістапада 2017 г.