СЛОВА З НАГОДЫ БЕЛАРУСКІХ ПРАТЭСТАў І ХЛУСЬЛІВАЙ ПРАПАГАНДЫ ПА ТЭЛЕБАЧАНЬНІ

posted Mar 13, 2017, 6:22 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 13, 2017, 6:23 AM ]

Характэрнасьцю гэтай хамскай антынароднай улады ў Беларусі і яе халуйскай абслугі ёсьць прадажнасьць і хлусьня. Яны ўжо 22 з паловай гады ілгуць народу і ўсяму сьвету. Няўжо яшчэ ёсьць людзі, якія вераць іхняму тэлебачаньню?!

Беларусы выйшлі на вуліцы й плошчы з пратэстам, таму што іх зьняважылі абразьлівым, паскудным словам "дармаеды" і хочуць садраць грошы з беспрацоўных. Тым, хто сумняваўся ў людзях, паглядзіце цяпер, які гэта прыгожы, адкрыты і разумны народ, як дакладна людзі фармулююць свае думкі і пратэсты, якая трапная лексіка бяз грубых словаў і зьняваг, якое вострае абурэньне! Але людзі не жывуць нянавісьцю, перажываюць за родную Беларусь (жанчына ў Бабруйску, якая плакала за будучыню краіны).

Трэба пратэставаць, выходзіць на плошчы, бо толькі там цяпер можна шырока абмяняцца думкамі і адчуць сябе моцным народам. Але нельга дапусьціць, каб нашых даверлівых людзей у чарговы раз ашукалі правакатары ды падставілі пад удар бандытаў, якія захапілі ўладу.

Таму дзьве парады: быць уважлівымі, не паддавацца на правакацыі непатрэбных учынкаў. І другое: самаарганізоўвацца ў групы працоўных беларусаў і супраціўляцца антынацыянальнай палітыцы ўлады. Толькі арганізаваны народ ёсьць сіла. Мэтай змаганьня хай будзе Вольная Беларусь. Гэта наша краіна, гэта наша зямля.

І трэцяя парада: ня верце Лукашэнку і яго ілжываму тэлебачаньню, ні менскаму, ні, тым больш, маскоўскаму. Верце свайму сумленьню.

12 сакаваіка 2017 г.            Зянон ПАЗЬНЯК