Спыніць антызаконны працэс “інтэграцыі” Беларусі ў Расею

posted Oct 15, 2019, 2:20 PM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 15, 2019, 2:20 PM ]

(Заява)

Працягваюцца таемныя змоўніцкія перамовы за зачыненымі дзьвярыма ў Маскве аб інтэграцыі Беларусі ў склад Расеі. Ускоснымі шляхамі грамадзкасьць Беларусі даведалася, што на бліжэйшы час Масква плянуе “адкусваць” беларускі сувэрэнітэт па кавалачках. Пад рознымі фармулёўкамі Масква здольная накінуць гэты плян сваім нелегітымным васалам у кіраўніцтве Бнларусі.

У сувязі з працягам антыбеларускай змовы ў Маскве і ўдзелам у ёй кіруючага рэжыму Рэспублікі Беларусь, мы зноў нагадваем аб злачыннасьці намераў цяперашняга кіраўніцтва Крамля і кіраўніцтва Беларусі інтэграваць Беларусь у Расею. Беларускі народ не ўпаўнаважваў нікога весьці перамовы з Масквой аб пытаньнях, якія супярэчаць Канстытуцыі і законам краіны.

Патрабуем неадкладна спыніць таемныя перамовы ў Маскве аб інтэграцыі Беларусі ў Расею, ліквідаваць працэс здрады Беларусі і абмеркаваньне спробаў паглынаньня нашай краіны Расеяй.

Усялякія палітычныя рашэньні, прынятыя на шкоду сувэрэнітэту Беларусі, аўтаматычна паставяць падпісантаў у катэгорыю асобаў, якія зьдзейсьнілі здраду Радзіме, што зьяўляецца асабліва цяжкім крыміальным злачынствам з усімі вынікаючымі акалічнасьцямі.

13 кастрычнік 2019 г., г. Менск

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

(Старшыня Зянон Пазьняк)