СПЫНІЦЬ ПАДРЫХТОЎКУ ДРУГОГА ЧАРНОБЫЛЯ Ў БЕЛАРУСІ

posted Jun 23, 2017, 9:11 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 23, 2017, 9:11 AM ]

Заява ХІ Зьезду КХП – БНФ

Нягледзячы на аргумэнты вучоных, геолагаў, эколагаў, зканамістаў аб небясьпецы і шкоднасьці пабудовы атамнай электрастанцыі каля Астраўца, аб нерэнтабельнасьці, аб эканамічнай заганнасьці і нявыгаднасьці яе існаваньня, аб непамерным цяжары на бюджэт краіны, нягледзячы, што суседзі Беларусі -- патэнцыйныя спажыўцы энэргіі -- ужо заявілі пра байкот электраэнэргіі з Астравецкай АЭС, не зважаючы, урэшце, на беларускія нацыянальныя інтарэсы і здаровы сэнс, аўтарытарны рэжым у Беларусі пад дыктоўку Масквы ўпарта працягвае будаўніцтва гэтай атамнай электрастанцыі, прытым з парушэньнем элемэнтарных тэхналёгіяў будаўніцтва, якія ў выпадку эксплуатацыі аб'екта прывядуць да яго аварыі.

Ніякія разумныя довады і аргуманты не спыняюць антынародны рэжым у будаўніцтве небясьпечнай АЭС і ў фактычнай падрыхтоўцы беларускаму народу другога Чарнобылю.

Мы канстатуем гэтыя паводзіны рэжыму Лукашэнкі і сьведчым, што ў інтарэсах зьберажэньня жыцьця людзей двух сумежных краінаў Беларусі і Летувы будаўніцтва гэтай станцыі мусіць быць спынена, замарожана, дэмантавана. Такая магчымасьць яшчэ існуе ў аўтарытарнага рэжыму ўлады. Яна адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.

18 чэрвень 2017 г.

Менск