ШТО ТРЭБА ДЛЯ ПАЛІТЫЧНАЙ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ

posted Jan 8, 2020, 4:16 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 8, 2020, 4:17 PM ]

Падзеі апошняга месяца 2019 года і пачатак 2020-га яшчэ раз вымоўна паказалі тым, хто назірае гульню змоўшчыкаў у здрадніцкую інтэграцыю, і тым, хто ўмее думаць, што толькі тая сіла, якая стаіць на пазыцыях Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня, зможа забясьпечыць нацыянальную будучыню краіны. Усё астатняе недаразьвітасьць альбо проста блеф непрыяцеляў Беларусі.

Для людзей, якія далучаюцца пад сьцягі нацыянальнага Адраджэньня, вельмі важна разумець і ведаць важнасьць беларускай мовы ў гэтых палітычных умовах і ў гэтым змаганьні. Гэта пытаньне нумар адзін для абаронцаў Беларусі і пытаньне нумар адзін для яе нішчыцеляў. Не разумеючы гэтага, адраджэнцам стаць немагчыма. Бяз мовы Беларусь ніколі нікога не пераможа. Тым больш Расею -- расейскай мовай, якая ёсьць зброяй зьнішчэньня Беларусі.

Другое пытаньне -- гэта правільнае вызначэньне галоўнай небясьпекі і галоўнага ворага для Беларусі. Пэрманэнтнай небясьпекай і ворагам Беларусі ёсьць Расея -- расейская каляніяльная супэрдзяржава і яе імпэрская палітыка.

Гарантыя вольнага незалежнага быцьця Беларусі зьявіцца толькі тады, калі расейская супэрдзяржава зь яе імпэрскай палітыкай будзе разбурана. Пакуль гэтага ня станецца, будзе працягвацца вечная барацьба за беларускае існаваньне.

Трэцьці абавязковы імпэратыў (на жаль, яшчэ цяжкі для разуменьня цяперашняму пакаленьню) -- ні пры якіх абставінах не ўступаць ў Эўразьвяз, бо гэта (улічваючы існуючы нацыянальны стан) будзе канец Беларусі, мэнтальная і нацыянальная сьмерць акупацыйна панішчанай нацыі.

Чацьверты стоўп адраджэнскай пазыцыі -- на аснове прыватнай уласнасьці, законнасьці і свабоды забясьпечыць разьвіцьцё дабрабыту народа, разумеючы, што дабрабыт ёсьць галоўнай сацыяльнай каштоўнасьцю беларусаў.

Пяты грунт -- заканадаўчае забесьпячэньне асьветы грамадзтва ў нацыянальнай гісторыі і культуры, дзе людзі павінны ведаць, што дзяржаўнасьць, мова і культура Беларусі ёсьць працягам дзяржаўнасьці, мовы і культуры Вялікага Княства Літоўскага.

Вось пяць актуальных асноваў палітыкі Адраджэньня. Калі іх (ці часткі зь іх) ня будзе ў палітычнай сіле, і ўвогуле у грамадзтве, то ня трэба марнаваць час на бязвыніковае змаганьне за ўсялякія "правы чалавека" ды "дэмакратыю", бо няма ніякіх правоў чалавека пад акупацыяй і ніякай дэмакратыі пад Расеяй.

Дзеля ўвасабленьня гэтых пастулатаў у палітычную сілу і ў рэальную палітыку мусіць быць выканана першасная задача грамадзтва -- любымі спосабамі ліквідаваць рэжым Лукашэнкі разам з узурпатарам. Вось перад гэтым усё і стаіць. Задача зразумелая. Як яе вырашыць -- праблема для ўсіх.

8 студзень 2020 г.                          Зянон Пазьняк