СТРАТА Ў НЯДОБРЫМ ЧАСЕ

posted May 18, 2021, 2:43 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 18, 2021, 2:44 PM ]
        Памёр Станіслаў Гусак. Хуткая сьмерць ад інсульту на 72-м годзе жыцьця. Шкода. Шкода, што не дажыў да свабоды. Станіслаў яшчэ мог бы шмат паслужыць вольнай Беларусі, якая ўжо набліжаецца ў цяжкай дарозе.
У 1993 годзе Станіслаў стаў сябрам Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Зьвязана гэта было зь яго ідэяй пабудовы Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара. Беларускі Народны Фронт праводзіў тады актыўную палітыку па стварэньні Балта-Чарнаморскай Супольнасьці (БЧС) краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёна (Беларусь, Украіна, Латвія, Летува, Эстонія, Малдова). Станіслаў быў тады ва ўмеранай прамаскоўскай партыі АГП. Там ягоная ідэя калектара не знайшла падтрымкі і ён прыйшоў у БНФ.
  Супрацоўніцтва стала плённым. Фронт наладзіў сувязь з Украінай, балтыйскімі рэспублікамі, правёў міжнародную канфэрэнцыю па гэтым пытаньні. Станіслаў быў прызначаны ад БНФ куратарам праекта. Каб падвысіць статус куратара ў міжнародных дачыненьнях па справах калектара, Сойм Фронту прыняў выключнае рашэньне -- кааптаваў Гусака ў Сойм БНФ і па маёй прапанове зацьвердзіў яго (з наступным зацьвярджэньнем Зьездам БНФ) на пасадзе намесьніка Старшыні Фронту па справах калектара.
Пачалася агульная праца. Але неўзабаве быў зьнішчаны (прапаў бяз вестак) з усімі дакумантамі па калектару ўкраінскі куратар праекта Міхайла Байчышын (намесьнік Вячаслава Чарнавіла, старшыні ўкраінскага РУХУ). Пачаліся перашкоды ў Беларусі, і ў 1994 годзе, калі Масква праштурхнула Лукашэнку на прэзідэнта краіны, -- усё было адкінута, зглумлена і, фактычна, забаронена.
Адна з стратэгічных фронтаўскіх ідэй у стварэньні БЧС -- гэта задача пераарыентаваць энэргетычныя плыні з накірунку Усход-Захад на накірунак Поўдзень-Поўнач. Гэта быў бы той, вобразна кажучы, нафта-газавы шлях "з варагаў у грэкі", які пазбавіў бы нас  (краіны Ўсходняй Эўропы) ад энэргетычнага ціску і шантажу з боку Расеі. І таму Гусака зь ягонай праектнай ідэяй калектара спаткалі ў Фронце прыхільна і з надзейным даверам. 
Палітыка стварэньня Балта-Чарнаморскай супольнасьці адновіцца, як толькі адродзіцца вольная Беларусь, і тады энэргетычны калектар стане агульнай справай краінаў Усходняй Эўропы і, мяркую, будзе мець назву "Нафтавы калектар імя Станіслава Гусака". 
Памятайма гэтага разумнага спакойнага чалавека, яго добрыя справы на карысьць Беларусі. Вечная памяць. Пухам зямля.

18 травень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК