СУДОВЫ ФАРС. СЯРГЕЙ ПАПКОЎ

posted Jan 19, 2020, 9:09 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 19, 2020, 9:09 AM ]

10 студзеня адбыўся суд над сп. Сяргеем Папковым, намесьнікам старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”.

Сп. Папкоў запатрабаваў спыніць адміністрацыйную справу, спасылаючыся на Канстытуцыю і законы Беларусі. Ён заявіў, што не арганізоўваў і не кіраваў грамадзкімі мерапрыемствамі і не гукаў лёзунгі, у чым яго абвінавачваюць. У якасьці сьведкаў выступілі амонаўцы Кімінчыжы і Мартынчык. Яны прад’явілі скрыншот, дзе на некалькі імгненьняў была зафіксавана выява сп. Папкова, які не выконваў дзеяньняў, у якіх яго абвінавачвалі. Амонаўцы сьцьвярджалі, што сп. Папкоў “выкрикивал лозунги “Жыве Беларусь!” и “Незалежнасьць” и нарушал общественный порядок”. Суддзя Савецкага раёну г. Менску Сяргей Шаціла ўзяў пад увагу ілжэсьведчаньні амонаўцаў.

Фарс завершыўся прысудам: штрафам у памеры 20 базавых адзінак – 540 рублёў.

Сп. Сяргей Папкоў будзе абскаржваць прысуд у вышэйстаячых судовых інстанцыях.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

10 студзеня 2020 г.


Дадатак

Суд Савецкага раёна г. Менска

Гр. Папкоў Сяргей Пятровіч


І. Прававыя асновы хадайніцтва

У адпаведнасці з ч.3 арт. 1.1. КоАП – Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях засновываецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права.

Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права.

Артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

Любыя дзеянні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.

Артыкул 7. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права.

Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

Прававыя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі з палажэннямі Канстытуцыі, не маюць юрыдычнай сілы.

Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам.

Артыкул 8. Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.

Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

Не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі

Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь з’яўляецца натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Тэрыторыя Беларусі адзіная і неадчужальная.

Тэрыторыя падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і іншыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца заканадаўствам.

Артыкул 23. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону

Артыкул 33 Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.

Дзяржаўныя органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы.

Артыкул 35. Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.

Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь

Артыкул 137. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.

У выпадку разыходжання дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам.

Артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантавана, што кожны мае права на свабоднае выражэнне сваіх перакананняў: гэтае права ўключае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякую інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна , пісьмова ці праз друк, ці мастацкіх формаў выражэння ці іншымі спосабамі па сваім выбары.

Гэтае права ўключае ў сябе перадачу і атрыманне паведамленняў, якія ўтрымліваюць усялякага роду ідэі і меркаванні, якія могуць быць перададзеныя іншым асобам.

Пункт 2. арт. 19 Пакта абараняе ўсе формы выражэння і спосабы распаўсюджвання меркаванняў.

Пункт 3. арт.19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае, што карыстанне прадугледжанымі ў пункце 2 гэтага артыкула правамі накладвае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены законам і з’яўляцца неабходнымі:

А) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асаб;

Б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маралі насельніцтва.

Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, каторые накладваюцца ў адпаведнасці з законам і каторыя неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку і маралі насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асобаў (арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах у 1973 г.

Артыкулам 137 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілай.

З артыкула 116 Канстытуцыі вынікае, што міжнародна-прававые акты, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь, маюць вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнанні з законамі, дэкрэтамі, указамі Прэзідэнта.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “ Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь“ (арт.20) Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь.


ІІ. Аб удзеле грамадзянаў Рэспублікі Беларусь у мерапрыемствах у абарону сваёй краіны.

Я ў 1990 -1995 годзе быў дэпутатам Вярхоўнага Савета і актыўна ўдзельнічаў у стварэнні заканадаўства нашай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. Валодаю дастатковымі ведамі, каб выказаць прававую ацэнку падзей, датычных спраў па такзванай інтэграцыі ў Расейскую Фэдэрацыю, і мірным пратэстам грамадзянаў краіны супраць гэтай “паглыбленай інтэграцыі” і якія разглядаюцца судамі.

Апошнім часам шэрагам службовых асоб, якія займаюць высокія дзяржаўныя пасады, былі зроблены заявы аб тым, што яны маюць намер заключыць з замежнай дзяржавай ( Расійскай Федэрацыяй) пагадненні, якія маюць антыканстытуцыйны характар, накіраваныя на ліквідацыю Беларусі як унітарнай дзяржавы шляхам стварэння з Расійскай Федэрацый наднацыянальных органаў кіравання. Гэта прыкметы таго, што гэтыя асобы заявілі пра намеры здзейсніць цяжкое злачынства, якое можа быць кваліфікавана як здрада Радзіме.

У гэтай сітуацыі грамадзяніне Рэспублікі Беларусь, кіруючыся артыкулам 57 Канстытуцыі (Артыкул 57. Абарона Рэспублікі Беларусь — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.) мелі канстытуцыйнае права звярнуць увагу беларускага грамадзтва аб намеры пэўных асобаў ліквідаваць Беларусь як суверэную дзяржаву і заявіць аб неабходнасці абараняць незалежнасьць краіны.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь прысутнічалі на мерапрыемствах 7,8,20,21 снежня 2019 г. карыстаючыся натуральным правам на жыццё, абарону тэрыторыі і законных умоў свайго жыцця, жыцця сваіх сям’яў і жыцця сваіх суграмадзянаў.

Грамадзяне, якія прысутнічалі на мірных мерапрыемствах снежня 2019 года, дзейнічалі ў адпаведнасці з артыкуламі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права, якія прадстаўлены вышэй ў п.І.


ІІІ. Аб адсутнасьці віны ў маіх дзеяньнях 21 снежня 2019 г.

1. З прадстаўленых суду матэрыялаў бачна, што справа адкрыта на падставе рапарту нам. начальніка ААПП Першамайскага РАУС г. Мінска Скуратовіча А.В. Асновай для адкрыцьця справы сталі скрыншоты. У рапарце не ўказана канкрэтная крыніца інфармацыі, з якой зроблены скрыншоты, што патрабуецца артыкулам 6.13 ПІКоАП

2. Прадстаўленыя ў якасьці асноўнага доказу скрыншоты не пацвярджаюць заяўленага ў пратаколе № 5494053, складзенага нам. начальніка ААПП Першамайскага РАУС г. Мінска Скуратовічам А.В, што я каля 14:30 гадзін 21 снежня 2019 г. актыўна ўдзельнічаў у мітынгу і выкрыкваў лозунгі. Я ня ўдзельнічаў актыўна ў мітынгу і не крычаў голасна ніякіх лозунгаў, каля 14:30 гадзін 21 снежня 2019 г. я не знаходзіўся ў месцах дзе праводзіўся мітынг. Скрыншот быў зроблены з невядомай крыніцы інфармацыі каля 14:00 і пацвярджае мае словы.

3. Словы адносна маіх дзеяньняў, якія запісаны ў 2-х пратаколах апытаньня сведкаў і прадстаўленыя ў справе, зьяўляюцца непраўдзівымі.

У сувязі з вышэйсказаным і на падставе арт.9.6, част. 1 арт.10.26, арт. 10.27 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прашу спыніць распачаты ў дачыненні мяне адміністрацыйны працэс.

С. П. Папкоў