СЬВЕТЛЫ КУПАЛА

posted Aug 28, 2021, 9:21 AM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 28, 2021, 9:21 AM ]

У Сеціве ёсьць кінафільм "Купала" (рэжысёр Уладзімер Янкоўскі), які зьняты год таму і які рэжым не пусьціў у кінапракат. Гэта адзіны твор, зроблены на кінастудыі "Беларусьфільм" (за ўсю яе гісторыю), дзе адлюстраваны праўдзівы беларускі дух, культура, вобразы і дачыненьні між людзьмі. Тое вельмі важна ў кіно і ў тэатры. Калі яно ёсьць, тады мастацтва характарызуе сябе як нацыянальнае. Шчыра кажучы, я нават зьдзіўлены, што у калектыва тое атрымалася (тое, што ў русіфікатарскай "Беларусьфільм" не атрымлмвалася ніколі).

Мне добра вядомы гэты гістарычны пэрыяд (першая чвэрць 20-га стагоддзя) па роду маёй ранейшай навуковай дзейнасьці, вядомыя постаці дзеячоў таго часу. Зь некаторымі я пасьпеў яшчэ быць асабіста знаёмым, запісваў іхныя ўспаміны і іншае (напрыклад, Паўліна Мядзёлка, Язэп Сушынскі, ягоная жонка Кацярына Юстынаўна, жонка Аркадзя Смоліча (Алеся Ігнатаўна), Аляксандар Міцкевіч, асяроддзе Яна Пазьняка, Максім Танк, Антон Шукелойць, Стэфанія Станюта, Зоська Верас, Ларыса Геніюш, Пётра Сергіевіч і іншыя).

Праглядаючы гісторыю таго часу, факты, фота і апісаньні, фармуецца ўяўленьне аб людзях, якія былі. У кіно "Купала" ўражвае "трапляньне" ў вобразы, якія ўжо склаліся ў маёй галаве. Прытым тут увогуле няма правалаў у ролях, кожная роля -- вобраз, а некаторыя выкладзеныя проста бліскуча. (Я адмыслова не разглядаю тут ролі і не называю акцёраў, бо гэта не рэцэнзія, а толькі водгук).

Добра пастаўлены і сыграны, практычна, усе зборныя сцэны інтэлігенцыі. Гэта складана і ў кіно, і ў тэатры. Але рэжысура і акторы тут на вышыні.

У фільме ёсьць гістарычная праўдзівасьць вобразаў, адносінаў і гістарычнай сітуацыі, і самае важнае (паўтаруся) -- тут ёсьць тое сутнаснае, характэрнае, інтэлегентнае і беларускае ў дачыненьнях людзей, дух нашай звычаёвай культуры таго часу, такі знаёмы і настальгічны.

У культурных местачковых сем'ях (кажу пра сваё асяроддзе) дзеці не называлі бацькоў на "ты", але ў другой і трэцяй асобе; людзі ў размовах не павышалі голасу, умелі слухаць, не перабівалі адзін аднаго, не ўжывалі вульгарнай лексікі. Паважлівыя адносіны людзей (зьвярталіся адзін да аднаго "пан" і "пані") былі зазвычай, прытым пры захаваньні ветлівай дыстанцыі выяўлялася дабразычлівасьць і адкрытасьць, людзі ўсьміхаліся. Тое было нормай. Так было і паміж беларусамі першай пасьляваеннай эміграцыі ў ЗША, жыцьцё якой я яшчэ засьпеў у 90-х.

У агульных рысах у фільме "Купала" ёсьць дух культуры, адносінаў і вобраз Беларусі.

Фільм увогуле зроблены прафэсійна (пра недахопы тут не пішу). Гэта выяўляецца ў прыватнасьці і ў аксэсуарах, і ў касьцюмах, дасканала дапасаваных да эпохі.

Ад сябе дадам, што мода пэрыяду сэцэсіі і мадэрну як для мужчын, так і асабліва для жанчын, была, бадай што, найпрыгажэйшай у эўрапейскай гісторыі.

Але самымі прыгожымі ў фільме ёсьць створаныя акторамі вобразы людзей, беларускай інтэлігенцыі пэрыяду нацыянальнага Адраджэньня, змаганьня за незалежнасьць, за вольную Бацькаўшчыну і сьветлую Беларусь.

11 жнівень 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК