Тактыка рэжыму: Узмацненьне русіфікацыі і шлюзы для актыўных людзей

posted Jan 19, 2018, 11:18 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 19, 2018, 11:18 AM ]

(Сойм КХП – БНФ і БНФ «Адраджэньне»;14 студзеня 2018 г.)

У нядзелю 14-га студзеня 2018 года адбыўся чарговы Сойм КХП – БНФ (Партыі БНФ) і БНФ «Адраджэньне». Старшыня Партыі Зянон Пазьняк прадставіў разгорнуты выступ “НЕПУСКАНЬНЕ ПРЫВІДАЎ ЗЛА” (публікуецца). Выступілі намесьнікі Старшыні Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, сябры Сойму.

Старшыня Партыі ў сваім выступе асьвятліў тэмы выкарыстаньня рэжымам прыкладаў заходняга заканадаўства ў сваіх інтарэсах як прылады разбурэньня нацыянальнага беларускага грвмадзтва. Таксама былі абазначаны характэрныя прыёмы маскоўскай прапаганды з мэтай прыпыніць разьвіцьцё нацыянальнага станаўленьня Беларусі. Вялікая ўвага была нададзена тэме сусьветнага пашырэньня нянавісьці як мэтаду палітычных дачыненьняў, становішчу ў ЗША і ўплыву гэтых зьяваў на Беларусь.

Намесьнік старшыні Партыі Юры Беленькі падтрымаў прапановы Старшыні Партыі аб сьвяточным адзначэньні юбілейнай даты, стогоддзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Выказаўся супраць удзелу у акцыях, якія плануюцца пад кіраўніцтвам скампраментаваўшых сябе асобаў. У сваім выступе зьвярнуў увагу на пранікненьне лева лібэральных амаральных паводзінаў у беларускія маладзёвыя рухі (прыклад, падзея з удзелам чатырох беларусаў і Адама Бяляцкага ў амаральным учынку каля брамы Асвэнцыму), пра спробы прынізіць гераічныя акцыі Мірона і Сяргея Каваленкі, прыраўняўшы іх да нізкапробных флэшмобаў ( арт. Іны Студзінскай 10 студзеня на https://www.svaboda.org/a/28967428.html). Гэтыя зьявы дысктэдытуюць беларускі рух.

Сябры Соймуі зьвярнулі ўвагу на тактыку рэжымных уладаў у пытаньні замацаваньня русіфікацыі беларускага грамадзтва. Рэжым пачаў улічваць стыхійнае пашырэньне зацікаўленасьці людзей беларускай культурай, роднай мовай і дазваляе абмежаванае кола “шлюзаў” для рэалізацыі некаторых культурных інтарэсаў сьвядомым беларусам. У той жа час замацоўвае татальную русіфікацыю ўсёй Беларусі, асабліва ў сфэры адукацыі і выхаваньні дзяцей і моладзі. Такую тактыку таксама ўжывалі акупанты ў савецкай Беларусі (БССР). Радыё і тэлебачаньне запаланіла расейская інфармацыя і расейская “папса”.

Сябры Сойму заслухалі інфармацыю пра экалагічныя праблемы, якія праявіліся ў сувязі з будаўніцтвам шкодных вытворчасьцяў каля Берасьця (акумулятарны завод) і Сьветлагорску (вытворчасьць цэлюлозы). Сойм вырашыў больш дэталёва разгледзіць пытаньне па экалагічных пытаньнях на адным з бліжэйшых паседжаньняў, у тым ліку дзейнасьць улады ў сувязі з працягам пашырэньня выкарыстаньня забруджаных радыёнуклідамі земляў для сельскагаспадарчай вытворчасьці.

Сойм абмеркаваў пытаньні сьвяткаваньня стогоддзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і даручыў Паліткамітэту правесьці неабходную працу з гарадзкімі ўладамі для забеспячэньня правядзеньня сьвяточных акцый і мерапрыемстваў.

Сойм зьвярнуў увагу на неабходнасьць працягу распаўсюджваньня інфармацыі аб Народнай праграме “Вольная Беларусь”.

15-01-2018                                                         Інфармацыйная камісія КХП-БНФ