ТАНГА ДЛЯ ПРЭЗЫДЭНТАЎ. (ФЭЛЬЕТОН)

posted Jun 8, 2020, 8:57 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jun 8, 2020, 8:57 AM ]

Маскоўскія палітычныя маніпуляцыі круцяцца ў сістэме некалькіх прыёмаў, у аснове якіх хлусьня, блеф, вераломства, добрая міна і "чэсная" дэмагогія.

Вось, напрыклад, выбары 1994 года ў Беларусі. Стаўка на Кебіча. Масква (Крэмль) падтрымлівае. Кебіч "руліць". Усё схоплена. Галоўны вораг Масквы -- БНФ. Побач зьяўляецца Лукашэнка. Яго падтрымліваюць спэцслужбы Масквы, імпэрскія, "чорнасоценныя" і камуністычныя колы. Ён крытыкуе Кебіча. Руская агентура кіруе абодвума штабамі (Кебіча і Лукашэнкі). Фаварыт Кебіч. Падтрымка Кебічу. Але ў працэсе выбараў раптам усё пераварочваецца. Аказваецца "народ" за Лукашэнку, "абы ня Кебіч". Палкоўнікі Масквы, са штабу Кебіча перабягаюць у штаб Лукашэнкі. Кебіч (а ён жа вышэйшы афіцэр КГБ) тут жа зьмірыўся і ў канцы напіша, што дзейнічаў разам з Лукашэнкам, каб не пусьціць да ўлады Пазьняка і БНФ. Цырк. Навэла "Як Кебіча ў лапці абулі".

Нешта падобнае бачым і цяпер. Падазроныя палітычныя інтарэсы спадара Бабарыкі мы заўважылі яшчэ ў 2017 годзе (я пра гэта пісаў). Нядаўна "мэнэджар" «Газпрама» звальняецца з пасады старшыні праўленьня Белгазпрамбанка і йдзе ў палітыку (месца ў банку яму захоўваюць, нават новы старшыня не прызначаны). Пачалася кампанія па збору подпісаў. Бабарыка паўтарае рэфрэнам, што выбары "чэсныя", выбары "чэсныя", толькі трэба чэсна адносіцца і чэсна лічыць. На выбары трэба хадзіць, а тыя, хто ня йдуць (хто за байкот), тыя хочуць сарваць "чэсныя" выбары і т.п. палітычны тандэт. А нядаўна спадар Бабарыка пачаў быў ужо хваліць спадарыню Ярмошыну, маўляў, як правільна, як законна, як чэсна дзейнічае старшыня ЦВК, і г.д.

Надта ж нагадвае 1994 год. На Бабарыку ставіць не "ўся Масква" (Крэмль), але толькі найважнейшае яе імпэрска-энэргетычнае зьвяно "Газпрам". Масква-Крэмль -- за Лукашэнку. Тым часам на выбарах (нечакана для Лукашэнкі) можа ўсё перавярнуцца дагары нагамі. Дык Бабарыка ўсё паўтарае, што выбары "чэсныя", "чэсныя", што могуць быць "чэснымі", а тыя, што за байкот, ня хочуць выбараў "чэсных" і г.д. Тут спадзяваньне, што калі афёра ўдасца і Бабарыку прызначаць на прэзыдэнта, то выбары былі "чэсныя".

Я сказаў "нечакана для Лукашэнкі", бо гэта тады, калі ў яго вырвецца з душы сакрамэнтальнае -- "і ты, Брут!", -- гледзячы на Ярмошыну. Гэта можа здарыцца не таму, што Бабарыка стаў хваліць Ярмошыну, каб ёй спадабацца і што яна палюбіла Бабарыку, а таму што кадравы супрацоўнік ФСБ павінен будзе выконваць загады. Чаго толькі не было і чаго толькі ня можа быць у гэтым гэбоўскім зьвярынцы.

Паважаныя спадары, я напісаў гэты фэльетон, каб трохі павесяліць людзей. Не ўспрымайце гэта сур'ёзна, бо тут амаль што казка. Казка-быль, у якой намёк.

8 чэрвень 2020 г.             І. Віктаровіч