ТЭАТР АБСУРДУ

posted Oct 9, 2018, 10:45 AM by Адміністратар Навін   [ updated Oct 9, 2018, 10:45 AM ]

Існаваньне скандальнай рэстарацыі “Поедем поедим” усё больш нагадвае тэатр абсурду.

30-га верасьня ўдзельнікі чарговай варты даведаліся, што каб кампенсаваць поўную адсутнасьць наведнікаў у “рэстарацыі”, там была зладжаная бясплатная раздача плову.

У будзёныя дні гэтую “рэстарацыю” наведваюць у сярэднім дзьве машыны. У выходныя каля чатырох машынаў за дзень. Гэта дэманструе поўную камерцыйную немэтазгоднасьць існаваньня гэтай установы і агаляе іншыя, схаваныя матывы яе ўтрымальнікаў.

У выніку, уладальнікі ідуць на абсалютна абсурдныя з пункту гледжаньня бізнэсу крокі дзеля імітацыі наведвальнасьці. Каб прывабіць новых наведнікаў, імі была зладжаная дэманстрацыйная і шырока разрэклямаваная акцыя па дармавой раздачы плову (і даня ж выбралі). Было камічна назіраць, як на бясплатны плоў прыехаў фармальны ўладальнік “рэстарацыі” Л. Зайдэс, а таксама каля дзясятку ягоных сяброў на аўтамабілях люкс-клясу.

Праўда, высьветлілася, што амаль усе гэтыя машыны і асобы ўжо неаднаразова наведвалі “рэстарацыю” раней, адкрыта правакавалі канфлікты, распавядалі, што выдатна ведаюць, куды едуць. Вось і гэтым разам правакатары ізноў выяўлялі агрэсіўныя паводзіны, распачыналі штурханіну, кідаліся пагрозамі ў адрас удзельнікаў варты. Напрыклад, адзін “русскоговорящий латвиец” агрэсіўна пагражаў удзельнікам латвійскім судом, калі яго здымкі зьявяцца ў публічнай прасторы.

Як бачым, звычайных выпадковых людзей не завабіў у гэтае блюзьнерскае месца нават дармавы плоў. Людзі адмовіліся абменьваць сваё сумленьне на порцыю дармавой яды

Складваецца ўражаньне, што сапраўдныя ўладальнікі гэтага аб’екту плануюць імітаваць актыўную дзейнасьць і наведвальнасьць нават пры поўнай адсутнасьці наведнікаў і нейкага прыбытку.

Такі, вось, абсурдны “бізнэс”.

Нягледзячы ні на што, варта ля “Поедем поедим” доўжыцца ўжо 4 месяцы, з 31 траўня 2018 году, і не плануе спыняцца.

Адначасна навісае пагроза непасрэдна над самім Народным Мэмарыялам у Курапатах, у самае сэрца якога ўлады плануюць увапхнуць пачварную канструкцыю пад выглядам “помніка”. Беларусам трэба рыхтавацца да непасрэднай абароны Народнага Мэмарыялу, які беларусы ствараюць сваемі рукамі ўжо 30 год.

Абaронім Курапаты разам!

Жыве Беларусь!

                                                        Ігар Шчэмелеў