Толькі адна маці стала на парозе свайго дома з сякерай бараніць сваіх дзяцей ад свавольства лукашысцкага рэжыму

posted Aug 12, 2018, 7:16 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 12, 2018, 7:16 PM ]
(Жнівеньскі Сойм 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

12 жніўня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Крымінал і левая прапаганда” (надрукавана). З дакладам выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту, і сп. Сяргей Папкоў, нам старшыні Партыі і Фронту.

Выступоўцы зрабілі агляд падзей прамінулага месяца і асноўных тэндэнцый палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага жыцьця. У цэнтры ўвагі палітычнага грамадзтва зьяўляюцца новыя санкцыі, паабяцаныя ЗША на адрас Расеі, якія павінны ўступіць у сілу на прыканцы жніўня. Ня выключана, што цывілізаваны сьвет ведае пра падрыхтоўку Масквой нейкіх маштабных агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны і прадпрымае прэвэнтыўныя меры для спыненьня маскоўскага агрэсара. Дайшло нават да таго, што Ул. Пуцін упершыню азваўся аб тым, што “санкцыі парушаюць міжнароднае права”. Вышэйшы прадстаўнік краіны-агрэсара, дзе законнасьць даўно ўжо растаптана, згадвае пра “права”. Значыць, у Крамлі адэкватна ацэньваюць пагрозу далейшага пашырэньня санкцый, што пагражае вялікімі цяжкасьцямі РФ і нават калапсам яе фінансава-эканамічнай сістэмы. У Крамлі ацэньваюць і дэманструюць панічныя настроі.

Для беларусаў гэтыя працэсы не зьяўляюцца пабочнай тэмай, бо наша краіна штучна і брутальна ўключана ў правальную расейскую мадэль існаваньня. У Маскве і сярод аналітыкаў расейскай палітычнай эміграцыі пачалі гучаць галасы аб магчымай забароне абарачэньня даляра і нават аб магчымым пераводзе валютных банкаўскіх укладаў грамадзян у расейскія рублі. Беларусам сапраўды трэба вельмі ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзей. Як бы там ні было, адназначным застаецца адно – стратэгічная тэндэнцыя існаваньня Расеі – гэта шлях да канчатковага развалу імпэрыі (які можа аказацца таксічным і агрэсіўным).

Зьвярнула на сябе ўвагу таксама апошняя хваля рэжымных рэпрэсій ў адносінах да журналістаў шэрагу СМІ. Ня выключана, што Масква і мясцовы рэжым імкнуцца запалохаць гэтую катэгорыю грамадзтва, не дапусьціць нават выпадковай уцечкі інфармацыі пра свае антызаконныя дзеяньні. Вельмі падобна ўсё на апэратыўную распрацоўку магчымых падзей з усходу.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра становішча на правінцыі. У шэрагу мэдычных установаў па ўсёй Беларусі назіраецца поўны развал. Вызначанае крэдытаваньне гэтых устаноў заканчваецца ў верасьні 2018 г. Што будзе далеей, ніхто ня ведае. На складаныя апэрацыі, пераліваньне крыві і падобнае грошай у шэрагу больніц ужо даўно няма. Парк машын “хуткай дапамогі” даведзены да аварыйнага стану. Састарэлыя аўтамабілі рассыпаюцца, замены ім няма. Крызіс з мэдыкамэнтамі стаў ужо звычайнай зьявай. Драматычныя працэсы адбываюцца ў сельскай мясцовасьці. Адміністрацыя раёнаў “у мэтах эканоміі” зачыніла шэраг сельскіх школ. Дзяцей пэўны час вазілі штодня на заняткі ў раённыя цэнтры, але цяпер вырашана арганізаваць для іх “школы-інтэрнаты” у раённых цэнтрах, зноў жа “у мэтах эканоміі”. Дзяцей забяруць з сем’яў, яны здолеюць пабачыць бацькоў толькі ў выходныя дні.

У многіх аргапрадпрыемствах не плацілі заробак апошнія 3-4 месяцы. Людзі ня маюць грошай, каб аплаціць электраэнэргію, і ў іх яе адключылі. Беларусы прыстасаваліся да цяжкой сітуацыі і пачалі карыстацца газавымі лямпамі. Тады адміністрацыя заявіла, што гэта ёсьць “недапушчальны ўзровень жыцьця” і “у такіх умовах сем’і ня могуць забясьпечыць сваім дзецям адэкватнага выхаваньня і апекі”. Сацыяльныя камісіі пачалі прымусова забіраць дзяцей з сем’яў у дзіцячыя прытулкі. Толькі адна маці (аграпрадпрыемства “Новая Зара”, Віцебская вобл.) стала на парозе свайго дома з сякерай і заявіла, што будзе бараніць сваіх дзяцей. Камісія ўцякла, але праз тыдзень прыехаў ОМОН, і дзяцей усяроўна забралі. Калі людзі датэлефанаваліся да прадстаўнікоў раённай і абласной адміністрацыі і паведамілі пра сваю бяду, то атрымалі цынічны адказ: маўляў, “трэба менш піць і паліць, тады і грошы будуць”.

Рэжымнае свавольства ня мае межаў, але нашы людзі працягваюць гэтаму зьдзіўляцца і многія нават спадзяюцца, што ад іх адчэпяцца, калі “сядзець ціха”. Патрабаваньнем часу становіцца вострая неабходнасьць самаарганізацыі грамадзтва, салідарных дзеяньняў па ўзаемадапамозе. Актыўныя людзі і патрыёты павінна разгарнуць гэтыя дзеяньні. Беларусам трэба спадзявацца толькі на сябе і пазбавіцца ад ілюзій. Родная культура і мова, нацыянальная адзінства павінны стаць асновай для паратунку нашага народа.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

12 жніўня 2018 г.