ТРАМП ДАЕ ЗДАЧЫ

posted Jan 22, 2018, 6:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 22, 2018, 6:41 PM ]

Уражаньне такое, што за год прэзыдэнцтва Трампа павялічыўся аптымізм амэрыканцаў, палепшыўся настрой. Пра гэта кажуць. Магчыма, так і ёсьць, бо калі глянуць на сябе, дык у мяне тут таксама палепшыўся настрой. Чаму -- цяжка сказаць. Можа, атмасфэра перамянілася.

Левыя аж трасуцца ад нянавісьці, ніяк не ўдаецца ўтапіць Трампа ў лыжцы вады. Нядаўна ўзьнялі лямант (як некалі пра Рэйгана), што Трамп хворы і мае праблемы з псіхікай і інтэлектам. Трамп дабраахвотна прайшоў медыцынскае абсьледваньне і тэсты на памяць і інтэлект. Высьветлілася, што ён здаровы, мае выдатную памяць і добры розум. Пасьля гэтага ў левых, відаць, насталі траурныя дні.

Мне найбольш імпануе, што Трамп узяўся граміць ілгуноў у журналістыцы, гэтых прадажных піраньяў цяперашняга грамадзтва, што вылузнуліся з-пад закону.

Трамп аб'явіў конкурс на самага ілжывага ("фейкавага") журналіста. Сабралася адзінаццаць арыгіналаў. Першае месца заняў журналіст, у мінулым лаўрыят Нобелеўскай прэміі па эканоміцы. Год таму лаўрыят апавясьціў, што пры Трампе эканоміка ніколі не падымецца, разваліцца і настане крах. Можа трэба разумець, што эканоміка ёсьць фантазія і не зьяўляецца дакладнай навукай? Але справа ўсё ж у тым, хто займаецца гэтай "эканомікай". Якая асоба -- такая і "эканоміка". Тым часам у Амэрыцы назіраюцца станоўчыя зрухі ў эканоміцы па ўсіх галоўных парамэтрах.

Найбольш грандыёзная містыка, якая плавае ў інфармацыі, гэта тое, што ў выбарчай кампаніі на баку Трампа схавана ўдзельнічала Расея. "Шпіёнскай справай" ужо больш года займаецца Юрыдычны камітэт амэрыканскага парляманту. Становішча паступова праясьняецца. Зьявіліся першыя "ўкіды", якія сцьвярджаюць, што "расейская справа" была прыдумана ў Нацыянальным камітэце Дэмакратычнай партыі. У выніку гэтай прыдумкі ЦРУ ажыцьцяўляла кантроль над Трампам. Цяпер жа пачынаюць высьвятляцца сапраўдныя прычыны пагалосак. Ня выключаны вялікі скандал. Ізноў "палятуць галовы" чыноўнікаў. Такая вось ідзе "класавая барацьба", у выніку якой павялічваецца рацыя Трампа і малеюць пазыцыі дэмакратаў і левых экстрэмістаў.

22.01.2018.                         Зянон Пазьняк.