Трэба быць гатовымі да абароны Бацькаўшчыны

posted Jul 15, 2019, 6:36 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 15, 2019, 6:40 PM ]

(Ліпеньскі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

14 ліпеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Будучыня належыць разумным”. Старшыня ў сувязі з 25-годдзем усталяваньня Масквой антыбеларускага рэжыму ў нашай краіне прааналізаваў мэтады Расеі і гісторыю станаўленьня гэтага рэжыму, падкрэсьліўшы, што зараз назіраецца абвастрэньне небясьпекі для незалежнасьці Беларусі. Наша краіна панесла ў выніку маскоўскай каланіяльнай палітыкі велізарныя этнічныя, грамадзкія, адукацыйныя і эканамічныя страты, што прывяло да палітычнай і сацыяльнай дэзарыентацыі маладога пакаленьня. Безраздзельнае панаваньне чужой дзяржавы ў Беларусі ператварыла ўсё ў краявід пасьля патопу. Палітычны рух разбураны, і толькі наша партыя КХП-БНФ працягвае змаганьне за незалежнасьць і беларускае нацыянальнае адраджэньне, дзейнічаючы ў поўпадпольлі. Поўнасьцю адсутнічаюць беларускія нацыянальныя СМІ. Нават тыя СМІ, якія працуюць у беларускай мове, на палову (а то і цалкам) знаходзяцца на згодніцкіх пазыцыях да антыбеларускага рэжыму. Рыторыка, якую часам агучвае сатрап, ня мае ніякага значэньня, на гэтым фоне робяцца подлыя антыбеларускія справы, ідзе новы этап расейскай акупацыйнай інтэграцыі. Аднак, у параўнаньні з 1990-мі гадамі ёсьць станоўчыя зьмены ў нашым грамадзтве, бальшыня якога скансалідавалася на аснове сваёй нацыянальнай дзяржавы. Нягледзячы на высілкі Масквы, не ўдалося зьнішчыць беларускую мову. Нягледзячы на катастрафічныя страты, наша грамадзтва набыло якасьці патэнцыйна моцныя для супраціву маскоўскай агрэсіі з усходу. Самаарганізацыя ўзьнікне ў зьменных абставінах.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца паведаміў пра шэраг фактычных забаронаў рэжыму на правядзеньне нашых традыцыйных партыйных мерапрыемстваў. Апошняя з забаронаў – на Ігуменскі шлях, ушанаваньне памяці ахвяраў маскоўскай акупацыі ў г. Чэрвені. Рэжым патрабуе аплаты вялікіх грашовых сум “на аплату паслугаў міліцыі, пажарных, ЖКГ і мэдыкаў” ад удзельнікаў некамэрцыйных мерапрыемстваў, якія прыдуць на месцы расстрэлаў і магілы ахвяраў. Гэта ёсьць беспрыцыдэнтнае парушэньне грамадзкіх правоў, адлюстраваных у Канстытуцыі Беларусі і мжнародных законах. Пасьля прахаджэньня ўсіх судовых інстанцый у Беларусі КХП-БНФ зьвернецца з пратэстам у міжнародныя структуры. Дарэчы, стала вядома, які “прыцыдэнт” мае рэжым для “абгрунтаваньня” сваёй незаконнай дзейнасьці. Высьветлілася, што на працягу доўгіх гадоў шэраг псэўдаапазыцыйных грантаўскіх арганізацый аплочвалі рэжыму вялікія сумы за дазвол правесьці мерапрыемствы.

Выступоўца спыніўся на палітычных падзеях ва Украіне, ад якіх шмат што залежыць і разьвіцьцё сітуацыі ў Беларусі. Назіраецца спроба рэваншу прарасейскіх сілаў, імкненьне Масквы аслабіць і дэзарыентаваць дзяржаву і грамадзтва Украіны. Але важна, што патрыёты выступілі з заявамі і дзеяньнямі, якія маюць на мэце прадэманстраваць “пятай калёне” і маскоўскаму ворагу гатовасьць нацыянальных сілаў абараніць радзіму любымі спосабамі. Нацыянальны авангард --сотні тысяч украінцаў, якія прайшлі фронт і дзейнічаюць на ўсёй тэрыторыі дзяржавы – не дазволяць здраднікам і расейскім агрэсарам захапіць Украіну.

У самой Расеі мы назіраем бясконцую сэрыю тэхнагенных, сацыяльных і прыродных катастроф. 40% насельніцтва Масквы ўжо складаюць нерасейцы, кітайцы бяруць пад кантроль Прымор’е і Сібір, расейскае насельніцтва бяднее і вымірае, а крамлёўскае кіраўніцтва, замест каб вырашаць праблемы ўнутры краіны, рыхтуецца да вайны супраць цывілізаванага сьвету. У сувязі з гэтым трэба працягваць працу па інфармаваньні беларускага грамадзтва аб неабходнасьці мацаваць нашу дзяржаўную незалежнасьць і бараніць Беларусь ад разбуральных працэсаў, што ідуць на ўсходзе.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. У Берасьці працягваецца перасьлед актывістаў, якія выступаюць супраць пабудовы атрутнага прадпрыемства. Рэжым выкарыстоўвае подлыя антызаконныя мэтады супраць актывістаў. Бачна, што рэжым баіцца салідарных і сацыяльна актыўных беларусаў. З другога боку, у Берасьці назіраецца таксама актыўнасьць антыбеларускіх рэжымных структур і гастралёраў з РФ. Свае прамовы на публіцы яны пачынаюць з гуканьня “Дорогие россияне!”. Але ў адказ беларусы маўчаць і не выказваюць захапленьня. Па ўсёй краіне тыя, хто пабыў у Расеі на працы, распавядаюць пра жахлівыя ўмовы жыцьця ў РФ, пра панаваньне крымінала і сваволю ўладаў. Гэтыя людзі ўжо ня хочуць “інтэгравацца ў Расею”.

Выступоўцы выказалі трывогу ў сувязі з закуліснымі перамовамі мясцовага рэжыму з кіраўніцтвам Расеі. Сапраўдная інфармацыя аб тым, пра што вядуцца гэтыя перамовы, засакрэчана. Зразумела, што адбываецца спроба захопу нашай краіны крамлёўскай імпэрыяй. Неабходна быць гатовымі да абароны Бацькаўшчыны ад маскоўскай агрэсіі.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

14 ліпеня 2019 г.