ТРЭБА ЛІКВІДАВАЦЬ ПРЫЧЫНУ НАДЫХОДЗЯЧАЙ КАТАСТРОФЫ

posted Apr 2, 2020, 7:15 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 2, 2020, 7:16 PM ]

Становішча ілюструе нам кожны дзень, што катастрафічная сітуацыя ў Беларусі ствараецца мэтанакіравана і пасьлядоўна А. Лукашэнкам. Матывы яго дзеяньняў -- паталагічнае жаданьне захаваць ўладу. Ягоная сьвядомасьць, сфармаваная ў СССР і каля КГБ. Расейскі вопыт СССР паказаў, што любое злачынства, нават зь мільёнамі ахвяр, можна схаваць ад грамадзтва і ад усяго сьвету, і ў якасьці праўды -- зацьвердзіць хлусьню.

Прызнаць эпідэмію і пачаць змаганьне зь ёй -- гэта па ўяўленьні Лукашэнкі -- наразіць сябе на абвінавачаньні і на адказнасьць за бясьсільле ў ліквідацыі эпідэміі, гэта значыць перанесьці выбары і, магчыма, страціць кантроль над сістэмай. Лягчэй усё схаваць, ахвяраваўшыся некалькімі дзясяткамі ці сотнямі тысяч беларусаў, якіх ён ненавідзіць і ня можа гэтую сваю нянавісьць схаваць (ды-й не імкнецца, зьневажае нават памяць памерлых ад эпідэміі, бо сам ён, маўляў, ад яе адмежаваўся, ён "ні пры чым").

Перад гэтым я пісаў аб неабходнасьці ўзбуджэньня крымінальнай справы і аб патрабаваньні арыштаваць Лукашэнку з прычыны злачыннасьці ягоных паводзін. Такое патрабаваньне павінна быць, бо ёсьць злачынныя дзеяньні кіруючай асобы.

І цяпер аб магчымасьцях (дакладней, аб умоўных магчымасьцях).

1. Масавы народны радыкальны выступ малаверагодны. Тым больш у пэрыяд эпідэміі. Гэта нават не тлумачым. Сітуацыя пад кантролем рэжыму і нават на самакантролі выканаўцаў. Аднак магчымы рост пратэстных настрояў.

2. "Палацавага перавароту", змовы -- ня будзе: тут вялікая рызыка і ў выпадку няўдачы -- адказнасьць па існуючых законах. Сістэма ўлады зацікаўлена сама ў сабе.

3. Імпічмант праз "палату". Нават калі б засядацелі "палаты" за тое ўзяліся, нічога не атрымалася б з прычыны расьцягнутага працэсу падрыхтоўкі імпічманту і магчымасьці яго спыніць з боку ўзурпатара.

4. Рашэньне "палаты" аб звароце да Генпракурора аб узбуджэньні крымінальнай справы і аб арышце спраўцы злачынства. Гэта фармальна магчымы варыянт пры ўмове згоды членаў "палаты", Генэральнай пракуратуры і МУС.

5. Самастойнае прыняцьце рашэньня Генпракурорам аб узбуджэньні крымінальнай справы і аб арышце спраўцы злачынства і гарантыя выкананьня арышту з боку МУС. Тут фармальныя складанасьці, але рашэньне апраўдана, улічваючы сітуацыю і грамадзкую небясьпеку злачынных дзеяньняў.


У цяперашніх абставінах (у абставінах эпідэміі) выдаленьне Лукашэнкі ўмоўна магчыма толькі ўнутры самой рэжымнай сістэмы. І толькі пры ўмове грамадзкага ціску на ўладны апарат дыктатуры. Выключныя абставіны агульнай віруснай небясьпекі могуць прывесьці да збою ў сістэме, калі яе тараніць пагрозамі і патрабаваньнямі.

У грамадзтве існуе адэкватнае перакананьне, што рэжымная сістэма ўлады ня здольная ні на што людзкае. Але, паўтараю, сітуацыя цяпер выключная, і грамадзкае патрабаваньне арышту спраўцы злачынства апраўданае і неабходнае. Гэта мэтад барацьбы.

Грамадзяне могуць зьвяртацца ў «палату» і ў Генпракуратуру аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць А. Лукашэнкі па атыкуле 425 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Непрыняцьце рэжымнымі структурамі ніякіх захадаў у сувязі зь лістамі, іскамі і зваротамі грамадзян – гэта таксама вынік змаганьня, уліка якая будзе працаваць на будучыню і цяпершчыну.

Тут зазначу, што калі бачыць злачынныя дзеяньні і не змагацца законнымі мэтадамі супраць такіх злачынных дзеяньняў – гэта ў духу юрыспрудэнцыі будзе азначаць згоду са злачынствам (і нават садзеяньне злачынству). Калі нічога не рабіць, то пасьля ня трэба плакацца, абурацца, лямантаваць, пішчэць і т. п.

2 красавік 2020 г.             Зянон ПАЗЬНЯК