Трэба сур’ёзна паставіцца да гібрыдных правакацыяў Масквы

posted Nov 12, 2018, 2:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 12, 2018, 2:13 PM ]

(Лістападаўскі Сойм 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                                                   і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

11 лістапада ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Рэжым перапужаных ідыётаў” (публікуецца). Гаворка пра мэтадалогію маскоўскай гібрыднай вайны ў Беларусі і пра разьвіцьцё рэжымнага наступу на Народны Мэмарыял Курапаты. Адзначана спроба крыміналу падкупіць функцыянераў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і ўцягнуць іх ў дзеяньні рэжыму ў Курапатах.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца падвёў вынікі міжнароднай канфэрэнцыі на тэму Курапатаў, якую арганізавала Амбасада Летувы ў Менску і дзе выступілі з дакладамі і ў дыскусіях сябры КХП-БНФ -- абаронцы і стваральнікі Народнага мэмарыяла Курапаты.

На канфэрэнцыю было запрошана шырокае кола прадстаўнікоў розных грамадзкіх арганізацый, якія таксама апякуюцца Курапатамі. Удзельнікі з цікаўнасьцю пазнаёміліся з выступамі летувіскіх гасьцей, якія распавялі пра грамадзкую працу ў Летуве у рамках тэмы ўшанаваньня памяці ахвяраў маскоўска-бальшавіцкай акупацыі і герояў народнага змаганьня. Асноўная розьніца ў нашым досьведзе палягае ў тым, што ў Летуве дзяржава напоўніцу падтрымлівае гэтую дзейнасьць, а ў нас існуючы рэжым стварае перашкоды і сістэматычна перасьледуе народных актывістаў. Такім чынам, упершыню за 30 гадоў пасьля адкрыцьця праўды пра Курапаты, за дзесяцігоддзі стварэньня і абароны Народнага мэмарыяла адбылася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная Курапацкай сьвятыні. Будзем спадзявацца, што яна стане важным этапам у міжнародным супрацоўніцтве ў справе захаваньня агульнай памяці народаў аб ахвярах і перажытым пад маскоўска-бальшавіцкай акупацыяй.

Інфармацыя пра інцыдэнт з групай “жыванароджаных” правакатараў (які пракамэнтаваў у сваім выступе старшыня Партыі), што куражуцца перад рэжымным начальствам у розных афіцыйных установах РБ толькі пачынае распаўсюджвацца ў інфармацыйнай прасторы. Але ўжо першыя водгукі сьведчаць аб тым, што нягледзячы на зьнешне вадэвільную пастаноўку раэльных падзей беларусы адэкватна разумеюць, што ў наяўнасьці гнюсная правакацыйная дзейнасьць імпэрскай агентуры ў нашай краіне. Людзі не спачуваюць лукашэнкаўскім начальнікам, тыя выглядаюць сьмешна і паводзяць сябе не як дзяржаўныя дзеячы (нечакана яшчэ раз раскрылася іхняя сутнасьць наёмнікаў васальнага рэжыму Масквы). Але за гэтым выразна праглядаецца галоўная мэта маскоўскіх арганізатараў правакацыі: дэмаралізаваць наша грамадзтва, даказаць людзям, што яны ня маюць ніякага апірышча і ніякай дзяржаўнай абароны на сваёй тэрыторыі, што беларусы павінны пачувацца ненадзейна ў сваёй краіне, калі ўжо ў паводзінах чыноўнікаў няма надзейнасьці. Нам выразна намякаюць, што “толькі аднаўленьне СССР (чытай – уваходжаньне Беларусі ў РФ) можа гарантаваць стабільнасьць і сацыяльную абароненасьць для беларускіх грамадзян”. Вядзецца падступная гібрыдная гульня, першыя этапы якой мы назіраем у нашай рэчаіснасьці апошняга часу.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны пагадзіліся, што грамадзтва павінна сур’ёзна паставіцца да гібрыдных правакацый Масквы, памятаючы, што з падобнага, на першы погляд абсурднага, пачыналася падрыхтоўка да інвазіі “зялёных чалавечкаў” ва Украіну. Рэжымнае ўварваньне ў Курапацкую сьвятыню зьяўляецца часткай гэтай гібрыднай дзейнасьці Масквы. Маскве важна зьнішчыць след, доказ свайго маштабнага злачынства на нашай зямлі, сьцерці памяць пра ахвяры і пакуты часоў расейскай акупацыі, прадставіць сябе носьбітам прагрэсу. Нельга пакідаць тэрыторыю Курапацкай сьвятыні без дагляду людзей. Патрыёты павінны прыязджаць з усяе Беларусі ў Курапаты і сачыць за тым, што адбываецца там. Каб паставіцца на супраціў, калі рэжым пачне зьнішчэньне крыжоў і магіл нашых пакутнікаў.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

11 лістапада 2018 г.