У цывілізаванага грамадзтва яшчэ ёсьць шанец недапусьціць расейскі «атамны кранік» у Беларусі

posted Dec 11, 2018, 8:38 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 11, 2018, 8:38 AM ]

(Сьнежаньскі Сойм 2018 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

9 сьнежня ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Выступоўца падсумаваў дзейнасьць Партыі за 2018 год, асабліва адзначыў становішча з наступам рэжыму на Народны Мэмарыял Курапаты, ставячы гэтае пытаньне як вельмі важнае ў беларускім змаганьні. Падкрэсьлена няроўнасьць сілаў грамадзкасьці і ўсёй варожай сістэмы. Вырашэньне канфлікту наперадззе. Старшыня адзначыў неабходнасьць усеабдымнай падтрымкі Украіны у адстойваньні яе суверэнітэту і свабоды перад расейскай агрэсіяй.

З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту. Выступоўца зрабіў агляд эканамічнага разьвіцьця нашай краіны. Рэчаіснасьць разьбівае “папулярны” стэрэатып інфармацыйнай прасторы аб тым, што “Расея корміць Беларусь”. Фактычнае абрабаваньне нашай народнай гаспадаркі расейскімі “партнёрамі” набыло такія маштабы, што дэбіторская запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў дасягнула сумы ў 200 мільёнаў даляраў. Нават пракуратура існуючага рэжыму вымушана ўпершыню адрэагаваць на крымінальныя дзеяньні некаторых расейскіх фірм, якія не аплочваюць набытую беларускую харчовую прадукцыю.

Зразумела, што расейскія фірмы-банкруты і фальшывыя фірмы-аднадзёнкі ўвесь час маюць палітычную падтрымку сваім крымінальным дзеяньням. Беларускія прадпрыемствы таксама гвалтоўна вымушаны аддаваць сваю прадукцыю ў Расею, ведаючы, што яна ня будзе аплочана. Пры гэтым расейскія вытворцы заўсёды патрабуюць з беларускіх пакупнікоў перадаплаты. Нанесена каласальная шкода бюджэту Беларусі, цяжар гэтых эканамічных абсурдаў кладзецца на ўсё наша насельніцтва. Адсюль і рост цэнаў, у выніку чаго падманутыя беларусы аплочваюць сваёй працай і сваімі грашыма існаваньне мафійнай імпэрыі на Усходзе. І гэта толькі адзін з момантаў эканамічнага правалу, які арганізаваны бязглуздымі і злачыннымі дзеяньнямі Масквы і мясцовага прамаскоўскага рэжыму. Вырашэньне гэтай праблемы можа быць толькі палітычным шляхам.

Ёсьць яшчэ адна трывожная тэндэнцыя нашага грамадзкага жыцьця. Бачна, што Масква рыхтуецца да выбараў у псэўдапарлямант Беларусі (“палату”), таму прысылае ўсё новых людзей з расейскімі пашпартамі, утварае новыя структуры расейскай “пятай калёны” на нашай тэрыторыі, якія павінны забясьпечыць як мага большую прысутнасьць у псэўдапарляманце падкантрольных Маскве грамадзян Расеі, якія маюць роўныя правы з грамадзянамі Беларусі ў выніку заканадаўчых маніпуляцый рэжыму. Такім чынам ствараецца непасрэдная пагроза існаваньню нашай дзяржавы. Практычна гэта мэтад акупацыі гібрыднай вайны.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра масавую незадаволенасьць людзей рэжымам і яго галоўным начальнікам. Людзі канчаткова ўсьведамілі, што зрабілі памылку, падтрымоўваючы доўгі час гэты рэжым і маючы спадзяваньні на яго. Патрыётам у размовах з людзьмі ўжо ня трэба доўга тлумачыць прычыны глыбокага крызісу ў краіне, людзі многае ўжо разумеюць самы. Аднак, неабходна данесьці да грамадзтва думку аб тым, што ў аснове нашай нацыянальнай бяды ляжыць чужынская ўлада імпэрскай Масквы, што нельга спадзявацца на Пуціна, якога агентура ўплыву Расеі на нашай тэрыторыі спрабуе навязаць як збаўцу і гаранта парадку і дабрабыту.

Людзі распавялі пра самаўпэўненыя дзеяньні шэрагу прадстаўнікоў рэжымных структур у Беларусі, якія не хаваюць свае пагардлівыя адносіны нават да існуючага рэжыму і законаў Беларусі. Бачна, што за імі стаіць чужая палітычная сіла, якая ўкарэніла іх у наша грамадзтва для правядзеньня сваёй імпэрскай палітыкі – палітыкі аслабленьня і ліквідацыі Беларусі.

Выступоўцы зьвярнулі ўвагу на небясьпечныя тэндэнцыі ў вайсковай сфэры. Масква прымушае Беларусь закупляць у Расеі наступальныя тыпы зброі. Рэжым зрабіў заяву аб тым, што распрацавана “новая вайсковая дактрына Беларусі”. Яе тэкст не апублікаваны. Ён не прайшоў нават фармальнага разгляду ў рэжымных “палатах”, як гэта мае быць паводле Закону. “Дактрына” падпісана толькі прэм’ер-мінстрам Беларусі, хаця паводле Закону яе павінен падпісаць дзейсны кіраўнік дзяржавы. Рэжымная прапаганда фарсіруе інфармацыю аб тым, што Беларускія ўзброеныя сілы ўвесь час праводзяць вучэньні з арміяй РФ, маюць сумеснае камандваньне, разам распрацоўваюць стратэгію і тактыку сваіх дзеяньняў. Расея рыхтуецца да вялікай вайны з цывілізаваным сьветам, і гэта павінна ўсхваляваць наша грамадзтва, бо ў выніку агрэсіўных дзеяньняў “маскоўскага хаўрусьніка” Беларусь будзе прызнана ў сьвеце саўдзельніцай ваенных злачынстваў на баку агрэсара і зробіцца закладніцай шалёнай палітыкі Крамля. Гэта можа абярнуцца катастрофай для нашага народу.

Галоўная пагроза з боку агрэсіўнай Расеі, безумоўна, накіравана супраць Украіны. Масква канцэнтруе калі ўсходніх межаў Украіны вялікія колькасьці вайсковай тэхнікі і жывой сілы. Аднак, робіцца гэта настолькі дэманстрацыйна -- удзень, без мінімальнай маскіроўкі, на адкрытых чыгуначных платформах і перасоўваньнем тэхнікі калёнамі па дарогах. Ня выключана, што такім чынам праводзяцца дзеяньні па адцягненьню ўвагі ўкраінцаў або для нанясеньня другаснага ўдару. А асноўны ўдар расейская армія зьбіраецца наносіць на іншых напрпамках, ня выключана, што з тэрыторыі Беларусі. Патрыётам неабходна працягнуць працу па распаўсюджваньню інфармацыі аб недапушчальнасьці ўцягваньня нашай краіны і нашай арміі ў расейскую вайну.

Ужо ў наступным годзе Масква зьбіраецца завозіць паліва для Астравецкай АЭС. Калі гэта здарыцца, то Расея будзе карыстацца гэтым атамным аб’ектам як спосабам застрашэньня і шантажу Эўропы (“у любы момант адкрыем атамны кранік, калі ня выканаеце нашы ўмовы”). Наша грамадзтва павінна не дапусьціць завяршэньня гэтай злачыннай апэрацыі Масквы на нашай тэрыторыі. Трэба заклікаць міжнародную супольнасьць да сумеснага выступу супраць стварэньня Масквой новага Чарнобылю ў Беларусі, які пагражае ўсяму нашаму рэгіёну.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

9 сьнежня 2018 г.