26
жніўня ў Менску прайшла Канфэрэнцыя
(Асамблея) патрыятычных дэмакратычных
сілаў Беларусі, якую склікала
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя –
БНФ. Канфэрэнцыя арганізавана з прычыны
пагрозы суверэнітэту Беларусі ў выніку
плянаваньня расейскіх вайсковых
вучэньняў «Захад 2017» і пачатку іх
падрыхтоўкі. На мерапрыемства прыехалі
патрыёты з розных рэгіёнаў Беларусі,
былі прадстаўнікі розных палітычных і
грамадзкіх беларускіх арганізацый.
Заля была ўпрыгожана нацыянальнымі
Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі. Прысутнічалі
дэпутаты Незалежнасьці, шэраг людзей,
якія пачыналі змаганьне Народнага
Фронту і дамагліся перамогі над савецкай
імпэрыяй у 1991 годзе, а таксама патрыятычная
моладзь. Канфэрэнцыя пачалася сьпяваньнем
беларускага ваярскага гімну “Мы выйдзем
шчыльнымі радамі”. Патрыёты ўшанавалі
хвілінай маўчаньня сяброў-фронтаўцаў,
якія пакінулі гэты сьвет
Удзельнікі Канфэрэнцыі заслухалі даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” – “Барацьба з агрэсарам – катэгарычны імпэратыў незалежнасьці, волі і свабоды”. З дакладамі выступілі намесьнік старшыні КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне” дэпутат Незалежнасьці сп. Сяргей Папкоў, вядомы рабочы лідэр, сябра Сойму Партыі і Фронту сп. Сяргей Антончык (дэпутат Незалежнасьці), сакратары Управы Партыі і Фронту сп. Алесь Чахольскі і сп. Валеры Буйвал, сябры Сойму Партыі і Фронту сп-ня Галіна Дзягілева і сп. Ігар Лобан, зьмястоўны даклад зрабіў хрысьціянска-дэмакратычны лідэр сп. Павал Севярынец, з аб’яднаўчай тэмай выступіў сп. Ільля Дабратвор, выступілі былы кіраўнік Калварыйскай Рады БНФ (пачатак 90-х гадоў м.ст.) сп. Кобрусеў, сп-ня Алена Талстая (арганізацыя “Разам”). Удзельнікі Канфэрэнцыі задавалі пытаньні, абмяркоўвалі пачутае, рабілі прапановы. Выступоўцы і ўдзельнікі ўспаміналі гады змаганьня, гаварылі пра свой асабісты шлях да беларушчыны і Народнага Фронту, прыгадвалі хвалюючыя і радасныя моманты барацьбы за Незалежнасьць і перамогі. Панаваў аптымістычны настрой. Але кожны з выступоўцаў казаў пра неабходнасьць абараніць Бацькаўшчыну, мір на нашай зямлі ад расейскай інвазіі і акупацыі. Удзельнікі гаварылі пра трывогу, што ахапіла душы мільёнаў беларусаў, якія бачаць масы чужога войска і тэхнікі, што запаўняюць нашу зямлю. Ні ў каго няма ілюзій наконт намераў Масквы ў адносінах да Беларусі і іншых краін нашага рэгіёну. Каб супрацьстаяць імпэрскай агрэсіі, патрэбна кансалідацыя беларускага грамадзтва на аснове нацыянальнай салідарнасьці, роднай мовы, традыцыі і нашай Дзяржавы (якая не зьяўляецца маёмасьцю марыянэткавага рэжыму). У выніку дыскусій былі прыняты Заява-зварот Канфэрэнцыі (Асамблеі) патрыятычных дэмакратычных сілаў Рэспублікі Беларусь, Зварот да Прэзыдэнта і Дзяржаўнага сакратара ЗША і Старшыні Эўрапейскай камісіі Эўразьвязу, а таксама ухвала да адзінства – дзеля абароны Бацькаўшчыны! Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ 26 жніўня 2017 г.
|
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >