Ушанаваньне герояў Слуцкага Збройнага Чыну

posted Nov 26, 2018, 8:45 AM by Адміністратар Навін   [ updated Nov 26, 2018, 8:46 AM ]

25 лістапада на заклік Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ беларускія адраджэнцы правялі традыцыйныя мэмарыяльныя мерапрыемствы на гераічнай Случчыне. Былі праведзены шэсьці і мітынгі на месцах баёў Слуцкага Збройнага Чыну: у Грозаве, Семежаве і Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада). У Слуцку людзі таксама прайшлі шэсьцем пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і правялі мітынг у мясцовым парку. У мерапрыемствах узялі ўдзел вялікая група менчукоў і патрыёты Беларусі з розных рэгіёнаў нашай краіны – вэтэраны фронтаўскага змаганьня, маладыя юнакі і дзяўчаты, некалькі сем’яў з дзецьмі.

Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і БНФ “Адраджэньне”, -- “Слава Слуцкім Змагарам” (публікуецца). Вёў мітынгі сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. З прамовамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Партыі і Фронту, і шэраг удзельнікаў мерапрыемстваў. Выступоўцы распавялі пра гісторыю Слуцкага Збройнага Чыну і ахвярны подзьвіг Беларускай Народнай Арміі, якая пад Сьцягам БНР бараніла ў няроўным змаганьні нашу Айчыну ад дзікай маскоўска-бальшавіцкай арды. Гэта быў працяг тытанічнага змаганьня нашай нацыі супраць захопнікаў з маскоўскага усходу, якое беларусы вялі на працягу стагоддзяў, баронячы ўсю эўрапейскую цывілізацыю.

Дагэтуль існуючы ў Беларусі рэжым адмаўляецца ўшанаваць нашых нацыянальных герояў помнікамі і адкрыцьцём гістарычнай праўды для нашага народу і ўсяго сьвету. Штогод акупанцкія паслугачы ставяць на беларускай зямлі помнікі чужынскім генэралам і казакам, якія нападалі на Беларусь і залівалі яе крывёй. Вечна так ня будзе. Ужо блізкі час, калі гістарычная справядлівасьць будзе адноўлена.

Пагроза з Усходу застаецца актуальнай і для сёньняшняга пакаленьня нашага народу. Масква пагражае вялікай вайной усяму сьвету, абяцаючы сьмерць і зьнішчэньне мільёнам людзей. У той жа час насельніцтва Расеі пакутуе і вымірае абрабаванае і прыніжанае сваім крамлёўска-лубянскім кіраўніцтвам. Масква хоча, каб такі кашмар быў паўсюль – гэта і ёсьць “трыумф русского міра”. Не дапусьціць імпэрскага панаваньня на нашай зямлі зьяўляецца галоўнай задачай беларускага народу ў хаўрусе з усімі дэмакратычнымі краінамі. Калі расейскі акупант уварвецца ў Беларусь, то хай ведае – беларусы будуць бараніць сваю Бацькаўшчыну, як слуцкія героі.

Выступоўцы зьвярнуліся да прысутных службоўцаў рэжыму. Тыя, хто цяпер служыць антыбеларускаму рэжыму і дзейнічае супраць патрыётаў, фактычна, выконваючы загад Масквы. Яны павінны ведаць наступнае: калі арда прыйдзе сюды, то іх не пакінуць на цяперашніх месцах. Іхныя пасады зоймуць расейскія службоўцы, а мясцовых халуёў, што не абаранялі сваё, пашлюць на службу ў Сібір, на Далёкі Усход, на Каўказ, у Сірыю. Пра гэта сьведчыць досьвед акупаваных Масквой тэрыторый Украіны. Чыноўнікаў і службістаў, якія здрадзілі Украіне, масава накіроўваюць з Данбаса і Крыма ў дзікую расейскую глыбінку. Туды ж накіроўваюць служыць у расейскую армію і крымскіх прызыўнікоў. У гэтых чыноўнікаў яшчэ ёсьць выбар: або падтрымаць маскоўскае ўварваньне і сваю пагібель, або стаць на бок народа і абараніць Беларусь.

Грамада гукала “Жыве Беларусь!”, “Жыве вечна!” Да крыжоў, усталяваных фронтаўцамі ў мінулыя гады, былі ўскладзены кветкі і вянкі, людзі запалілі зьнічкі. На ўсіх месцах Слуцкага Збройнага Чыну беларусы сьпявалі свае ваярскія песьні і нацыянальны гімн “Магутны Божа”.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

25 лістапада 2018 г.