Усе на абарону Беларусі!

posted Dec 12, 2016, 6:10 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 12, 2016, 6:11 AM ]

(Выступ на сьнежаньскім 2016 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)

Цяпер мы назіраем, як востра горшае жыцьцё беларусаў у сувязі з агульным адставаньнем эканомікі і рэпрэсіўнымі паводзінамі рэжыму ў галіне працоўных дачыненьняў і рэжымнага заканадаўства. Савецкая індустрыяльная эканоміка, вытворчасьць, якія штучна захаваныя ў Беларусі, і адміністрацыйна-каманднае кіраваньне ня маюць ніякіх пэрспэктываў. Гэта зразумела было адразу. Але паколькі дэградацыя такой сістэмы ідзе з паскарэньнем, то напачатку тое не так моцна было заўважна, як цяпер.

Рэзкае згаршэньне ўжо адчуваюць, практычна, усе людзі, і яно ўсяляе трывогу ў сэрцы. Тым больш, што практычна, ніхто ня бачыць сацыяльнай пэрспэктывы і палітычнай альтэрнатывы, якой, фактычна, не існуе (хаця рэальна яна ёсьць).

Усё гэта выклікае ўпадніцкія настроі ў асобных людзей і спрыяе варожай прапагандзе, якая ўсяляк зьневажае і прыніжае беларускі народ.

Становішча выкарыстоўвае Масква. Практычна, поўным ходам ідзе падрыхтоўка гібрыднай акупацыі Беларусі. Вось якраз гэта (у людзей, якія здольныя тое разумець) выклікае найбольшую трывогу.

Карыстаючыся нацыянальным здрадніцтвам Лукашэнкі (а гэтая здрада была ўмовай яго падтрымкі Крамлём), Масква стварыла ў Беларусі шырокую сетку сваёй агентуры і парамілітарных антыбеларускіх арганізацыяў, фінансуемых з Расеі.

Важным аспэктам у антыбеларускай дзейнасьці маскоўскай агентуры і рэжымнай бюракратыі зьяўляецца кантроль над беларускай моладдзю і затлумленьне сьвядомасьці падлеткаў ідэалогіяй так званага “рускага сьвету” і рускага праваслаўя. Галоўную ролю тут адыгрываюць рускія папы – першасная апора Лубянкі на нерасейскіх тэрыторыях. Яны (пры спрыяньні рэжымных чыноўнікаў) праніклі ў беларускія школы і сеюць там ядавітае зерне нянавісьці да беларушчыны.

Тут паўтару агульнавядомае. Руская праваслаўная царква ў 30-х гадах была часткова зьнішчана бальшавікамі, а часткова (з таго, што ацалела) ператворана ў праваслаўны аддзел НКВД. У 1943 годзе праваслаўны аддзел быў структураваны Сталінам у Маскоўскі патрыярхат, дзе літаральна кожны епіскап (100%) быў супрацоўнікам НКВД (інакш ён ня мог быць епіскапам). Але вяршыня гэбісцкай дзейнасьці ў РПЦ дасягнута пры Пуціне, калі КГБ пераняў цалкавітую ўладу ў Расеі.

Нагадваю пра такое становішча дзеля таго, каб не забываць, што ў справе разьвязваньня вайны і падрыхтоўкі тэрарызму ў Беларусі РПЦ і рускія папы зьяўляюцца непасрэднай злачыннай сілай фашыствуючага “русского мира”. Прытым яны ўжо нават не хаваюць сваіх намераў, носяць зброю, наколваюць на целе свастыку, а прысланы з Расеі на пасаду мітрапаліта-экзарха епіскап заявіў аб праве маскоўцаў пачаць ядзерную вайну і “адчыніць чарнобыльскі кранік” у Беларусі. Такія заявы – грубае парушэньне Канстытуцыі.

На сёньняшні дзень арганізацыя пад шыльдай РПЦ у Беларусі выглядае антыбеларускай злачыннай групоўкай і пры дэмакратычных пераменах павінна быць расфармавана і забаронена. Асобы, непасрэдна зьвязаныя з падрыхтоўкай агрэсіі, пойдуць пад суд. Дэмакратычная Беларусь ня будзе цярпець дывэрсантаў у сутанах. Законы будуць выконвацца. Гэта аснова ўсялякага дэмакратычнага парадку.

У апошні час, у плане падрыхтоўкі апэрыцыі супраць Беларусі, расейская служба дэзінфармацыі распачала пробныя атакі ў сваіх СМІ. Па камандзе пачалі крычаць аб нібыта беларускім нацыяналізме, “нацыянал-фашызме” ды падрыхтоўцы беларускага майдана. Пачалі засылаць у Менск афіцыёзных правакатараў з мэтай праверыць рэакцыю антыбеларускіх сіл (поўны правал, дарэчы).

Адначасна аб’яўлена аб падрыхтоўцы нібыта сумесных ваенных вучэньняў у Беларусі ў студзені-лютым 2017 года і што для перакідкі расейскага войска ў Беларусь ім спатрэбіцца 4 тысячы 168 чыгуначных вагонаў. Гэта значыць, што маскоўцы плануюць бесперашкодна прывезьці ў Беларусь цэлую армію – больш за 32 тысячы жаўнераў з тэхнікай і рыштункам. План нахабны і агрэсіўны ў тым сэнсе, што аказваецца, лукашысцкі рэжым аб гэтым нават не праінфармаваны. Маскоўцы зьбіраюцца перакінуць у Беларусь армію ў некалькі дывізіяў і нават ня лічаць патрэбным уведаміць пра тое свайго сатрапа (свайго “сукінага сына”, па іхняй тэрміналогіі). Па законах, прынятых у цывілізаваным сьвеце, чужыя войскі ня могуць ступаць (ці нават праехаць транзытам) па тэрыторыі сувэрэннай дзяржавы. Фармальна яно робіцца магчымым у Беларусі, таму што здраднік нацыі, парушаючы Канстытуцыю, ліквідаваў мяжу з Расеяй і заключыў шэраг незаконных пагадненьняў з агрэсарам, які зараз гэтым карыстаецца.

Палітыка Масквы тут грубая, цынічная і простая, як кол: пад выглядам “вучэньняў” увесьці ў Беларусь свае дывізіі і без адзінага стрэлу акупаваць краіну. Наступным будзе ўльтыматум здрадніку прадаставіць тэрыторыю для ўдару па Украіне і прыняць у гэтым “саюзьніцкі” ўдзел.

Ёсьць тры варыянты паводзінаў для сатрапа. Першы – пагадзіцца з ультыматумам агрэсара. Гэта будзе азначаць вайну за інтарэсы расейскага акупанта супраць брацкага і сяброўскага нам украінскага народа. Подласьць здрадніка ляжа адказнасьцю на ўсю нацыю. У выніку будзе ліквідавана дзяржаўная незалежнасьць Беларусі. Расейскія войскі адсюль ужо ня выйдуць.

Другі варыянт – не пагадзіцца, не дазволіць увядзеньня дывізіяў для “вучэньняў” на тэрыторыю краіны. У канцы гэтага варыянту Крэмль арганізоўвае зьмяшчэньне Лукашэнкі з пасады і прапіхвае іншага свайго стаўленьніка. Гэты варыянт пры адпаведных дзеяньнях рэжыму (што, праўда, малаверагодна) не абавязкова стане пасьпяховым для Масквы.

І трэці варыянт (які тэарэтычна існуе) – гэта калі рэжым не пускае расейскія дывізіі ў Беларусь і ў выпадку сілавога націску дае адпор з выкарыстаньнем арміі. Такі варыянт мае найбольш шансаў на ўратаваньне Беларусі і на абарону незалежнасьці краіны. Але ён нерэальны з прычыны адсутнасьці неабходных якасьцяў характару, волі і ўзроўню розуму ў самога начальніка антынароднага рэжыму.

Тым часам рэальны погляд на рэчы паказвае, што ў гэтых умовах толькі сам народ Беларусі мог бы абараніць сваю краіну. Неабходны запас духа ў людзей ёсьць. Вельмі важна арганізаваць супраціўленьне агрэсару. Падрыхтоўку трэба пачынаць неадкладна з канкрэтных рэчаў -- з стварэньня і назапашваньня сродкаў абароны. Любыя сродкі прыдатныя. Людзі ведаюць, як дзейнічаць, калі будзе жаданьне абараніць сябе.

Першым чынам неабходна спыніць варожую дэзінфармацыю і прапаганду, якая распаўсюджваецца з Расеі праз маскоўскае тэлебачаньне. Гэта рэальна і магчыма (прытым на розных узроўнях і рознымі мэтадамі).

Другая задача – чатыры тысячы вагонаў з танкамі і войскам агрэсара не павінны ўехаць у Беларусь. Яна мусяць быць спынены на мяжы. Гэта таксама рэальна і магчыма. Беларусы, якія паставяць такую задачу, ведаюць, як тое рабіць.

Трэцяя задача – вораг, які ступіць на нашу зямлю са зброяй, павінен быць спатканы ўсімі сродкамі народнага супраціву і абароны. Вопыт Украіны паказвае, што гэта рэальна і неабходна. Прытым беларусы яшчэ маюць крыху часу на падрыхтоўку, які нельга змарнаваць.

Беларускія патрыёты ёсьць, і яны скажуць сваё слова. Тут варта ведаць правіла – ні пры якіх абставінах не ўступаць у кантакты і хоць якія абмеркаваньні (тым больш сумесныя акцыі) з лукашысцкай псэўдаапазыцыяй, з імітатарамі і дзеячамі тыпу М. Статкевіча, А. Лябедзькі, А. Мілінкевіча, С. Шушкевіча і інш. (якія ўжо заявілі пра нейкую сваю фантомную «камісію») Тут табу. Інакш ганьба, развал і тупік. Там не абаронцы. Абарону Беларусі возьмуць на сябе іншыя людзі, здольныя яе абараняць. (Такі Шушкевіч, напрыклад, у сьнежні 2010 казаў расейскай службе радыё Свабода: "можа быць, лепей было б увесьці расейскія войскі ў Беларусь, каб там паклапаціцца пра тое, каб былі захаваныя чалавечыя жыцьці і чалавечае здароў’е." Цяпер гэты непатапляльны вадэвільны балабол ужо зьбіраецца дбаць пра вайсковую абарону Беларусі ад агрэсіі расейцаў.)

Другое катэгарычнае правіла – у выпадку збройнага канфлікту рэжыму (што ўсё ж вельмі малаверагодна) з расейскім агрэсарам, патрыёты (патрыятычныя фармаваньні) не павінны станавіцца на бок рэжыму (пад яго камандаваньне), а дзейнічаць самастойна. У супраціўным выпадку дзейнасьць патрыётаў будзе паралізавана, а людзі зьнішчаны.

Патрыёты Беларусі не павінны ўспрымаць надта сур'ёзна ўсялякія суматошныя паводзіны антынароднага рэжыму ў сварках з Масквой. Тут нічога паважнага не ўзьнікала, не было і ня будзе. Рэжым антынацыянальны, створаны Масквой і залежны ад Крамля. Гэта ёсьць нязьменная пастаянная. І з гэтага трэба зыходзіць.

Цяпер, напрыклад, гэтая публіка зноў завялася паміж сабой (з-за крэдытаў і нафты), маўляў, хто каму абавязаны: Крэмль ці рэжым. Не дамовіліся. У выніку беларусафоб Лукашэнка арыштаваў лубянскую агентуру беларусафобаў з “Рэгнум”, а лубянская агентура з так званай “дэмапазыцыі” (“Говправду”) выступіла ў абарону арыштаваных. (Там ужо ніхто не хаваецца і не саромеецца). Камэдыя. Грызьня ў канторскім лагеры. Усю гэтую валтузьню ськідваюць на галовы людзей як палітычную падзею. Маўляў, паварот у псіхіцы. Сатрап, маўляў, «паказаў зубы» супраць Масквы . Але выглядае, што ён узяў у закладнікі лубянскіх падзёншчыкаў дзеля таго, каб пагандлявацца з Крамлём. Начальнік рэжыму не жадае быць дармовым здраднікам. За «саюзьніцтва», маўляў, трэба плаціць. А то, бачыце, нейкай нафты шкадуюць.

Не падзея гэта. Палітычная падзея – гэта крах лукашыстоўскай савецкай эканомікі і пагроза агрэсіі з боку Масквы. На парозе гібрыдная акупацыя і вайна. Вось гэта трэба мець на ўвазе і да гэтага рыхтавацца. Новую Беларусь адбудуюць новыя людзі. Але перш за ўсё, цяпер яе трэба абараніць. Усё на абарону Беларусі. Усё дзеля волі і незалежнасьці!

11.ХІІ. 2016 г.                  Зянон Пазьняк