Усталяваныя новыя Крыжы Народнага Мэмарыялу ў Курапатах

posted Aug 6, 2017, 3:08 PM by Адміністратар Навін   [ updated Aug 18, 2017, 6:34 AM ]

29 ліпеня і 5-га жніўня Грамадзкая Дырэкцыя Народнага Мэмарыялу ў Курапатах і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ праводзілі традыцыйныя талокі і працы па ўсталяваньні новых народных крыжоў на месцы энкавэдзісцкіх расстрэлаў людзей ў 1937-1941 гадах. Сябры і прыхільнікі КХП-БНФ працавалі з ранку да вечара. Працы было шмат.

Перад гэтым Грамадзкая Дырэкцыя Народнага Мэмарыялу зьвярнулася да беларусаў праз Сеціва з заклікам далучыцца да справы мэмарыялізацыі, а менавіта да годнага афармленьня пэрымэтру Мэмарыяла. Праз «Талака.баі» па ўсёй краіне беларусы ахвяравалі сродкі на выраб новых мэталічных крыжоў. Грошы былі сабраныя і аплочаныя за выраб 60 чатырохмятровых мэталёвых крыжовых канструкцый.

Сябры КХП – БНФ і Грамадзкая Дырэкцыя Народнага Мэмарыялу выказваюць шчырую падзяку ахвярадаўцам. У суботу 29-га ліпеня ўсталявалі 26 крыжоў ад Заслаўскай дарогі («Дарогі сьмерці», па ёй бальшавіцкія акупанты вазілі людзей на расстрэл). 5-га жніўня спарадкавалі яшчэ 15 крыжоў з боку МКАД і 19 крыжоў ад Заслаўскай дарогі. Народны Мэмарыял – гэта жывы помнік вечнага абнаўленьня, помнік вечнай народнай памяці. Хвала людзям, якія арганізавалі народную памяць і стварылі ўнікальны Народны Мэмарыял. І хай ня думаюць ворагі чалавецтва, што ім ўдасца напляваць ў душу народа, залезьці сюды і ўсё разбурыць. Сьцеражэм жа і абараняйма народную памяць пра генацыд. Жыцьцё Народнага Мэмарыялу будзе працягвацца. 

Інфармацыйная камісія Кансэватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ