ВАЙНА ЗЬ ВІРУСАМІ

posted Apr 10, 2020, 12:38 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 10, 2020, 12:38 PM ]

Бяда пандэміі выклікала інфармацыйны патоп. Адначасна з інфармацыяй афіцыйных і кампетэнтных структур на паверхню выплыла пена маргінальных інфарматараў, троляў ды прадказальнікаў, зацыкленых на кансьпіралагічных паняцьцях, дурноце і часта, як мне здаецца, на адкрытай паранойі.

Відавочна, што маргінальная інфармацыя паўплывала на некаторых кіруючых асобаў зь нізкім узроўнем культуры і адукацыі. Так што гэтая інфармацыйная зьява далёка не бяскрыўдная.

Другі момант, які выразна выплыў на паверхню, -- гэта зьява, якую я назваў бы тупіковай сьвядомасьцю. Яна існуе ў многіх людзей і ўскосна зьвязаная, на мой погляд, з кансэрватызмам сістэмнай адукацыі. Але сама сісітэма адукацыі тут абсалютна ні пры чым. Як правіла, людзі з тупіковым думаньнем аб'яўляюць усіх астатніх дурнямі, а ўвесь сьвет -- звар'яцелым на каранавірусе, у той час, калі відавочна (ім відавочна), што ад сардэчных прыступаў, гіпертаніі, і нават ад аварыяў на дарогах памірае значна больш людзей, чым памерла ад каранавіруса. Тлумачыць ім элемэнтарную сутнасьць справы немагчыма з прычыны неўспрыняцьця.

Тое самае з фальшывымі выбарамі ў Беларусі. Людзі з тупіковым думаньнем (а гэта, паўтараю, часам добра адукаваныя асобы) ня ў стане зразумець, чаму нельга хадзіць на фальшывыя выбары. Шмат такой зьявы "неўспрыняцьця" назіраецца ў звычайных сацыяльна-бытавых дачыненьнях.

На мой погляд, прычынай гэтага зьяўляецца якасьць розуму чалавека, які, скажам, атрымаў добрую сістэмную адукацыю і зьяўляецца добрым спэцыялістам паводле атрыманай сістэмы ведаў. Але там, дзе сітуацыя выходзіць за межы гэтай засвоенай сістэмы, там, дзе трэба прымаць нестандартныя рашэньні і творча думаць, -- гэта для шмат каго становіцца перашкодай, ён ня можа выйсьці за рамкі засвоенага сістэмнага думаньня. Так было, і так, відаць, доўга яшчэ будзе, бо, магчыма, яно вынікае з прыроды чалавечай сьведамасьці.

Самы яркі і гістарычна вядомы прыклад тупіковага думаньня -- гэта канфлікт Хрыста і артадаксальна веруючых габрэяў, для якіх, скажам, фармальнае датрыманьне правілаў суботы было важнейшым за духоўную сутнасьць веры. Чым скончыўся гэты канфлікт -- вядома. Так што тут немалаважная праблема, асабліва калі тупіковае думаньне ёсьць у кіруючых людзей, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў.

І трэці момант, на які б хацелася зьвярнуць увагу, -- гэта частыя разважаньні, што сьвет пасьля пандэміі Covid-19 буде іншым і быццам бы шмат што пераменіцца.

Перамены, магчыма, будуць, скажам, у правілах гігіены, у адносінах да медыцыны, да нацыянальных інтарэсаў народаў, можа нават у ацэнках бактэрыялагічнай зброі, але ў цэлым -- сумніўна, каб гэты сьвет кардынальна зьмяніўся, бо "сьвет" -- гэта найперш чалавек, а ён хутка не зьмяняецца.

Для таго, каб зьмянілася чалавецтва, патрэбныя новыя вялікія ідэі. Для таго, каб зьмянілася рынкавае грамадзтва, патрэбныя новыя ўсеагульныя тавары. Ні новых ідэй, ні новых тавараў няма. Самае верагоднае становішча пасьля сканчэньня пандэміі -- гэта эканамічны крызіс і працяг духоўнага здрабненьня чалавецтва.

Некаторыя думаючыя людзі ацэньваюць цяперашнюю пандэмію як трэцяю сусьветную вайну. Па сваіх разбуральных выніках і магчымай катастрафічнай пэрспэктыве такая аналогія даволі рацыянальная. Ёсьць пагроза ўсяму чалавецтву. Вынік прадказальны, але рэальна невядомы. Ворагам людзтва стаў мікрасьвет, нябачныя малекулы незразумелага віруса.

Жаўнерамі гэтай вайны ёсьць найперш лекары і медыцынскія працаўнікі, якія на перадавой лініі фронта, але часта ня маюць ні зброі, ні патронаў. Магчыма, гэтая праблема стане якраз тым, што павінна будзе ўсьвядоміць чалавецтва пасьля пандэміі, каб пачаць наперад будаваць медыцынскія лініі Мэнэргейма.

Усё гэта агулам адносіцца і да Беларусі, але мае сваю непадобную да стандарту задачу. Вынікі разбурэньня ад эпідэміі Covid-19 тут могуць стацца катастрафічнымі з прычыны прысутнасьці ў грамадзтве іншага, значна больш небясьпечнага віруса пад назвай "Лукашэнка А. Р.", які ўвайшоў у рэзананс з вірусам Covid-19. Сацыяльная тэхналёгія лячэньня паказвае, што не пазбавіўшыся віруса "Лукашэнка А. Р.", цяжка пазьбегнуць абвальнага ўдару па нацыі з боку Covid-19.

Вірус "Лукашэнка А. Р." -- гэта ёсьць лабараторны штам сацыяльнага характару, запушчаны Масквой. Галоўная яго паражаючая функцыя -- раскол беларускага грамадзтва на аснове нянавісьці, зьнішчэньне нацыянальна-культурнага імунітэту нацыі. Нацыя без нацыянальна-культурнага імунітэту не выжывае. Небясьпека сьмяртэльная, бо ў барацьбе з Covid-19 гэтага імунітэту якраз і не хапае.

Нядаўна прыходзілася глядзець відэазапісы зь менскіх вуліц -- апытаньне людзей пра эпідэмію. Гэта нешта страшнае. На экране -- зомбі: "Правільна прэзідзент дзелает -- нікакова каранціна не нада." І ўсе ў адно паўтараюць тэлевізар і дзікія выкрыкі Лукашэнкі. Зразумела, што ніхто зь іх ня бачыць, што перад імі псіхічна неадэкватны чалавек. Гэтае асьляпленьне трывожыць, бо распаўсюджана. Ствараюцца ўмовы, калі вар'ят можа пусьціць карабель на дно пад воплескі самагубцаў.

Жахлівыя таксама камэнтары да гэтага відэа: "дэбілы", "ідыёты", "рабы бязмозглыя" і т. п. Тут таксама злосьць апанэнтаў і неразуменьне імі, не шкадаваньне тых замбаваных людзей. Яркая карцінка віруснага паражэньня грамадзтва каранавірусам "Лукашэнка А. Р.".

Прапаганда здольная так дэфармаваць розум і сьведамасьць чалавека, што ён у плане мэнтальнасьці робіцца сацыяльным самазабойцам. Чалавецтва напаткала пандэмія -- найвялікшая небясьпека, якую прыроўніваюць да трэцяй сусьветнай вайны. Народы адчайна супраціўляюцца яе разьвіцьцю, разумеючы, што можа быць. Тым часам у Беларусі хапіла аднаго малаадукаванага каснаязычнага псіхапата, хама, каб абалваніць дзесяцімільённы народ. Выглядае ўсё, як нейкі сон, сюррэалізм. Аказваецца, і такое магчыма.

Covid-19 стрымліваюць па ўсёй плянэце. Ужо вядома, што яго паражаючая сіла амаль у 60 разоў большая, чым у грыпа (ад грыпа памірае 0,1%, ад каранавіруса Covid-19 ужо памерла 6%). Прытым каранавірус вельмі хутка множыцца і адпаведна хутка ідзе заражэньне людзей, таксама хутка ідуць мутацыі віруса, зьяўляюцца яго новыя штамы, якія змогуць паражаць паўторна.

Традыцыйны, правераны і неабходны мэтад у змаганьні з эпідэміяй -- гэта каранцін. (Каранціны бываюць рознай ступені пашырэньня і розных правілаў, але яны абавязковыя.) Тое, што рэальна робіць вірус "Лукашэнка А. Р." у дачыненьні да эпідэміі Covid-19 ёсьць сьведамае стварэньне ўмоваў для паміраньня беларускага насельніцтва. Міністар аховы здароўя і чыноўнікі дапамагаюць у гэтым злачынстве.

Першасная задача беларускага арганізму ў змаганьні зь вірусам "Лукашэнка А. Р." -- усімі сіламі і спосабамі нарошчваць нацыянальна-культурны імунітэт, каб пазбавіцца ад маскоўскага штама. Толькі тады справа барацьбы з малекулярным вірусам стане асэнсаванай і адчыніць шлях да перамогі над эпідэміяй, да здаровага існаваньня людзей.


Замежныя экспэрты даюць яшчэ тыдзень да абвальнай і некіруемай ўспышкі эпідэміі ў Беларусі. Аля рэальна яна ўжо пачалася. Далей будзе скачкападобнае павелічэньне. Абвал каранавіруса першым чынам разбурыць беларускую сістэму медыцыны і панішчыць яе працаўнікоў (многія памруць). Масавыя захворваньні (пры ўжо бяссільнай медыцыне) пачнуцца там, дзе ёсьць скучанасьць людзей. Гэта перш за ўсё войска і службы аховы парадку (нават у Нью-Ёрку ўжо 30 адсоткаў паліцэйскіх захвораныя каранавірусам, а з турмаў адпусьцілі тысячы асуджаных). Удар па беларускай нацыі чакаецца каласальны. І ўсё гэта падрыхтаваў і зрабіў адзін цёмны поўвар'ят ва ўладзе. Неверагодна!

Цяпер ўжо мала сэнсу патрабаваць нейкіх заканадаўчых, ці выканаўчых працэсуальных рашэньняў па адхіленьні псіхапата ад улады. Тым больш, што ў кіроўнай улады адсутнічаюць паняцьці, што адбываецца. Страчаны час. Ня буду нават даваць рэкамендацыяў. Магу, аднак, сказаць, што калі б у гэтай сітуацыі мне прышлося быць міністрам абароны, ці міністрам ўнутранных справаў, я арганізаваў бы арышт драня за паўдня і пасадзіў бы ў каталажку паводле становішча надзвычайнай небясьпекі для ўсёй нацыі. І ніхто б за неадэкватнага жывот не паклаў, нават Масква (самой бы ўтрымацца).

Я пра гэта пішу, бо разумею, што ніякога такога і падобнага ня зробяць тыя, хто там ва ўладзе ёсьць. Будуць пішчэць і выконваць абсурдныя вокрыкі (нелегітымнага, дарэчы) псіхапата. Шкода толькі, вельмі шкода, што памруць нашыя людзі, лекары і артысты, мысьляры ды працаўнікі вёскі, якіх трактар не ўратуе, ды проста добрыя беларусы, якія хацелі б жыць. Выпрабаваньні пачаліся. Рыхтуймася, каб перамагчы.


10 красавік 2020 г.                             Зянон ПАЗЬНЯК