Вялікая Беларуская Ідэя

posted Mar 24, 2017, 2:48 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 24, 2017, 2:48 PM ]
Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя беларусы.

Віншую ўсіх з Днём Волі, са слаўнай 99-й гадавінай аб'яўленьня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта вялікі гістарычны дзень, калі высака быў падняты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг Беларускай дзяржаўнасьці і голасна на ўвесь сьвет прамоўлена пра дзяржаўную незалежнасьць новай Беларускай нацыі, якая ўтварылася і вырасла зь Вялікага Княства Літоўскага.

Па сутнасьці гэта было адраджэньне Вялікага Княства ў этнічных межах Беларусі, якія тады былі ў два разы большыя, чым засталося цяпер пасьля акупацыяў і вынішчэньня.

Беларускі вольны Сьцяг і ідэі, паднятыя 25-га Сакавіка 1918 года, былі падхопленыя зноў у 1988-м, калі ўтварыўся Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", які 25-га Жніўня 1991 г. адрадзіў Незалежнасьць і даў пачатак рэальнай дзяржаўнасьці Беларусі.

Але зноў, як і ў 1918-м годзе, Беларусь была падвержана маскоўскай акупацыі, толькі на гэты раз ўнутраннай, гібрыднай -- праз сатрапа ва ўладзе і ўнутранныя антынацыянальныя сілы.

22 з паловай гады цёмнага антынацыянальнага рэжыму сталі фатальна-разбуральнымі для беларускай культуры і беларускай нацыі.

Аднак Беларуская Ідэя жыве, нацыя падымаецца зноў ва ўмовах страхатлівай чужароднай улады, антынацыянальнай палітыкі, паняверкі і зьдзеку зь людзей, прыніжэньгя нашага Вялікага Народа.

Беларусь жыве, зноў адраджаецца і будзе жыць! Дарогай жыцьця хай нам будзе гонар, свабода і вольная Беларусь. Беларусь перад усім. Ідучы гэтым шляхам, здабудзем будучыню. Галоўнае -- ня збочыць, не пайсьці за прыхільнікамі дабрабыту, не прасіць хлеба ў варвараў, рабаўнікоў і бандытаў, не згінацца перад несправядлівасьцю, бо ня будзе тады ні хлеба, ні працы, ні свабоды, ні Бацькаўшчыны.

Вялікая Беларуская Ідэя, запаленая 25-га Сакавіка 1918 года, хай асьвятляе нам шлях!

Слава Айчыне!

Жыве Беларусь!

25 Сакавіка 2017 г.                 Зянон Пазьняк