ВІНШАВАНЬНЕ ЗЬ ЮБІЛЕЕМ

posted Jul 27, 2017, 5:14 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jul 27, 2017, 5:14 AM ]

Віншую паважаную Ганну Сурмач са слаўным юбілеем вопыту і сталасьці асобы. 4-га ліпеня ёй споўнілася 70 гадоў. Сябры Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сардэчна павіншавалі яе ў саборы св. Кірылы Тураўскага. З гэтай нагоды там адбылася ўрачыстая імпрэза і віншаваньне.

Ганна Сурмач належыць да тых асобаў беларускага Адраджэньня, якіх выявіла і дала стымул дзейнасьці беларуская нацыянальная рэвалюцыя 1991 года, калі краіна дамаглася дзяржаўнай незалежнасьці. Арганізатарскія здольнасьці Ганны выдатна праявіліся ў дзейнасьці Згуртаваньня Беларусаў Сьвету "Бацькаўшчына". Практычна, дзякуючы яе пазыцыі, волі і энэргіі, быў арганізаваны на адраджэнцкім узроўні Першы Зьезд беларусаў сьвету ў ліпені 1993 года ў Менску. Гэты зьезд беларусаў стаў гістарычнай падзеяй, зьявай, якая запомнілася ўсяму пакаленьню. Дарэчы, на гэтым зьезьдзе кіраўніком ЗБС быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі, а старшынёй -- Ганна Сурмач.

Лёс беларускіх адраджэнцаў за часы акупацыяў і антыбеларускай улады вядомы: турма, ГУЛАГ, сьмерць альбо эміграцыя. У эміграцыі на былым беларускім радыё "Свабода" выявілася яшчэ адна выдатная якасьць Ганны Сурмач -- здольнасьць да журналістыкі і ўменьне трымаць пяро. Яе рэпартажы таго часу пра беларусаў сьвету я стаўлю на ўзроўні такіх выдатных журналістаў "Свабоды", што працуюць у падобнай тэматыцы, як Міхась Скобла і Зьміцер Бартосік. Пазьней яе журналісцкая праца была падсумаваная ёй у выдатнай кнізе "Беларусь бязь межаў".

Цяпер, будучы старшынёй БАЗА, спадарыня Ганна самааддана працуе на карысьць Беларусі і беларускага Адраджэньня, не палохаючыся цяжкасьцяў, якія паўсталі і будуць паўставаць, пакуль існаваць будзе вораг чалавецтва на ўсходзе Эўропы.

Шчыра зычу для спадарыні Ганны здароўя, непахіснасьці і волі ў гэтай няспыннай барацьбе на эміграцыі і ў сьвеце за існаваньне, разьвіцьцё і вялікую прышласьць беларускай культуры, дзяржавы і нацыі.

Слава Айчыне!

Зянон ПАЗЬНЯК