Віталь Портнікаў: Закладнікі шаленства

posted Dec 29, 2016, 1:47 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 29, 2016, 1:47 PM ]

Ужо пасьля забойства расейскага амбасадара ў Турцыі даводзілася зазначаць, што гэта – толькі першы тэрарыстычны акт пасьля зьнішчэньня Алепа, пачатак зусім новай эпохі ў супрацьстаяньні Расеі і мусульманскага сьвету. Падобна, гэта зразумеў і сам Уладзімір Пуцін, які дэманстрацыйна перанес важную прапагандысцкую рытуальную дзею – сваю прэс-канфэрэнцыю.

Хаця, зразумела, мог бы перанесьці на наступны дзень разьвітаньне з забітым дыпламатам. Не прамінула і дня пасьля прэс-канфэрэнцыі Пуціна – а Расея зноў апусьцілася ў жалобу. Цяпер ужо з-за гібелі ваеннага самалёта з артыстамі ансамбля імя Аляксандрава пуцінскімі тролямі-журналістамі і высокапастаўленымі чыноўнікамі Міністэрства абароны Расеі.

Зразумела, да сканчэньня рассьледваньня катастрофы будуць высоўвацца розныя вэрсіі гібелі лайнэра. У тым ліку і тэхнічная, зьвязаная з узростам самалёта і асаблівасьцямі ўзлёту з аэрапорта Сочаў.

Балазе, тэхнічная вэрсія таксама будзе сьведчыць зусім не на карысьць дзяржавы. Стары самалёт, на якім накіроўваюць артыстаў і журналістаў для выступа на ваеннай базе – гэта прысуд дзяржаве, увесь сэнс існаваньня якой засяроджаны на прапагандзе.

Аднак грамадзкая думка – якімі б ні былі прычыны гібелі самалёта – будзе пераканана ў тэрарыстычным акце. Самалёт літаральна разьляцеўся ў паветры. Яго пілатаваў вопытны экіпаж, ардэнаносцы.

Па ступені вопытнасьці гэтых ваенных пілотаў з самалёта нават нельга параўнаць з пілотамі самалётаў цывільнай авіяцыі. Самалёт ляцеў у Сірыю. Гэта тое, што людзі памятаюць. Гэта прычыны таго, што яны не павераць ніякой іншай выснове рассьледваньня, акрамя высновы аб тэрарыстычным акце.

Але ёсьць і яшчэ адна прычына, аб якой зноў даводзіцца нагадваць. Гэта – не апошняя катастрофа. Гэта – толькі адна з першых катастроф, якія зьвязаны са злодзейскім зьнішчэньнем Алепа. Далей будзе болей і горш.

Ці разумелі ў Крамлі наступствы дзеяньняў Расеі ў Сірыі? Улічваючы тое, што Расеяй кіруюць кадравыя афіцэры спэцыяльных служб, яны не маглі не пралічваць сытуацыю. Але прыйшлі да несапраўдных высноваў па некалькіх прычынах.

Першая зь іх – гэта пераацэнка эфэктыўнасьці расейскіх спэцслужб. Расейскія спэцслужбы даўно ўжо ператварыліся ў нейкі сімбіёз “ордэна мечаносцаў” і бандыцкага прадпрыемства. Менавіта таму ім ня надта складана змагацца зь іншадумствам у Расеі.

Яны могуць быць эфэктыўнымі ў карумпаваных краінах на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ва Украіне. Але яны практычна ня здольныя да рэальнай апэратыўнай працы – той, якой штодзённа займаюцца спэцслужбы ЗША, Ізраіля або Вялікабрытаніі для запабяганьня тэрарыстычнай пагрозы. Пуцін гэтага не разумее.

Зьнішчэньне Алепа – гэта перакрочваньне “чырвонай лініі”, калі нянавісьць становіцца ірацыянальнай і яе носьбіты перастаюць задумвацца аб наступствах сваіх дзеяньняў для сябе, сваіх сваякоў і нават для сваіх народаў. Такі эфэкт у паменшаным выглядзе ўжо быў пасьля варварскіх бамбардовак Грознага і “зачысткі” Чачэніі.

Але ён тычыўся – улічваючы сьвецкі характар канфрантацыі – менавіта чачэнцаў як этнасу. Мусульманскі сьвет у цэлым, іншыя мусульманскія народы Расеі аказаліся да гэтага канфлікту абыякавыя. Менавіта таму расейскім спэцслужбам пасьля некалькіх страшных трагедый – Дуброўка, Беслан, падрывы самалётаў – удалося лакалізаваць пагрозу.

Зараз – зусім іншая сытуацыя. Пры гэтым варта нагадаць, што Расея – шматканфэсійная дзяржава. Пры гэтым вялізная частка маладых мусульман ў гэтай краіне знаходзіцца на самым сапраўдным сацыяльным дне, што аблягчае задачы для розных радыкальных арганізацый. Пра асабістую ініцыятыву я ўжо не згадваю, яе не пралічыць ніводная спэцслужба.

Усё гэта азначае, што 2017 год можа аказацца для Расеі пачаткам тэрарыстычнай нестабільнасьці. Страшным можа аказацца абуджэньне кожнага дня. Наступствы – непрадказальнымі. І ня толькі для Расеі – для яе суседзяў таксама.

Менавіта таму я не разумею людзей, якія з цяжкасьцю хаваюць – або не хаваюць – свайго захапленьня. Гібель самалёта, гібель людзей – заўсёды трагедыя. Варта нагадаць, колькі радасных віскаў было ў самой Расеі з нагоды гібелі самалёта з украінскімі вайскоўцамі. Варта нагадаць пра марадзёраў, якія зьбіралі рэчы на месцы гібелі малайзійскага “Боінга”.

Нельга прыпадабняцца дзікунам.

Але справа ня толькі ў гэтым. Справа ў тым, што сярод загіблых або пацярпелых можа апынуцца любы з нас. Любы з нас можа апынуцца ў групе асобаў, якую тэрарыст палічыць за “рускіх” у натоўпе на курорце або ў аэрапорце. Любы можа стацца ахвярай тэхнагеннай катастрофы ў выпадку дывэрсіі на адной з расейскіх атамных электрастанцый ў эўрапейскай частцы гэтай краіны.

Калі Пуцін не разумее рызыкаў – то хаця б мы з вамі павінны іх разумець. Расейскія спэцслужбы зусім неэфэктыўныя. Расейская ўлада ня здольная абараніць грамадзян ад тэрора і дывэрсій. Расейскае грамадзтва ня мае патэнцыяла для зьмены ўлады і радыкальных перамен у палітычным курсе краіны.

Гэта азначае, што ня толькі расейцы, але і мы з вамі, уся Эўропа – закладнікі пуцінскага шаленства.

Віталь Портнікаў

Пераклад з расейскай.

Крыніца: espreso.tv