ВОРАГІ ЧАЛАВЕЦТВА РЫХТУЮЦЦА ДА ВАЙНЫ СУПРАЦЬ НАС

posted Mar 26, 2019, 4:59 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 26, 2019, 4:59 PM ]

(Сакавіцкі Сойм 2019 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

23 сакавіка ў Менску адбыўся чарговы Сойм КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, -- “Час, калі насарогі добра пахнуць”.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Усе адзначылі, што Расея накіроўвае вялізныя рэсурсы на падрыхтоўку да паўнамаштабнай вайны супраць народаў і незалежных дзяржаваў. Самы крамлёўцы не хаваюць сваіх намераў бамбаваць, забіваць і захопліваць. Самай верагоднай першай мэтай маскоўскай агрэсіі зьяўляецца Украіна. Ня выключана, што Масква паспрабуе выкарыстаць тэрыторыю Беларусі ў якасьці плацдарма для агрэсіі, а магчыма, што захоча пакарыстацца і нашай арміяй. У сувязі з гэтым неабходна разгарнуць па ўсёй краіне кампанію салідарнасьці з народам Украіны, які ваюе за сваю свабоду супраць маскоўскай імпэрыі.

Трэба вярнуцца да нашай палітычнай практыкі, якая апраўдала сябе ўвесну 2014 года, калі Расея распачала вайну супраць Украіны. Зноў неабходна зьвярнуцца з заклікам да беларускіх вайскоўцаў не выконваць злачынныя загады і не ваяваць супраць братняй Украіны на баку агрэсара. Як і ў 2014-м, трэба тлумачыць нашым мужчынам, што нават калі іх прымусам або падманам прывязуць на фронт, то няхай яны дзейнічаюць хутка і рашуча: бяруць сваю зброю, бягуць да ўкраінскіх пазыцый з крыкам “Слава Украіне!” і пераходзяць на бок украінскіх змагароў. Нельга дапусьціць, каб Беларусь была выкарыстана Масквой у яе жудасных ваенных авантурах.

Сойм таксама разгледзеў планы партыйнай дзейнасьці на бліжэйшы пэрыяд.

Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

23 сакавіка 2019 г.